“Амаль” такую тусоўку Вераніка наведала і 16 снежня ў Мінску, калі на цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай музычнай прэміяй “Kriwi” сталі лаўрэатамі ў намінацыі “Лепшы музычны альбом” (кружэлка “Traukamurauka”). Але, разам з віншаваннямі, на адрас Веранікі і яе калег нечакана пасыпаліся папрокі: маўляў, прыняўшы прэмію, каманда тым самым улілася ў шэраг выканаўцаў, якія прапагандуюць масавае, часам не самай высокай пробы, мастацтва, што не мае дачынення да нацыянальнай беларускай культуры. Круглову гэта закранула. І праз Інтэрнэт яна дала адпор падобным крытыкам. Мы вырашылі паглыбіць гэтую тэму, пагутарыўшы з Веранікай і пра названы “канфлікт”, і пра рэпрэзентацыю беларускай этнічнай песеннай культуры наогул.
Не судзіце…
— Наколькі важна для цябе тое, што альбом “Kriwi” быў адзначаны Нацыянальнай музычнай прэміяй? Гэта нешта табе дало, акрамя маральнага задавальнення?
— Талент — альбо ён ёсць, альбо яго няма, чым бы ты ні прыхоўваўся. Ва ўсіх краінах існуюць светы масавай культуры і андэграўнду. Адпаведна, у кожнага маецца выбар, у якую патэльню ты хочаш патрапіць. Ёсць яшчэ адзін свет: мастацтва дзеля мастацтва, і ў гэтым свеце жыву я! Лічу для сябе зусім некарэктным асуджаць нешта і некага. Я магу адказаць толькі за сябе ці, калі просяць, сказаць, падабаецца мне нешта альбо не.
Наогул, я вельмі рада, што нашу працу ацанілі і, я лічу, ацанілі па вартасці. Вельмі моцныя музыканты і кампазітары не з Беларусі далі свае ацэнкі альбому яшчэ раней і цяпер радуюцца за мяне. Значыць — усё па-сапраўднаму! Ну, а калі наша музыка камусьці не падабаецца, дык гэта нармальна: кожнаму сваё.
А маральнага задавальнення я не атрымала. Хутчэй... здзівілася. Потым пачала ставіцца накшталт “А чаму б і не?”. Але ж колькі праз гэтую ўзнагароду мне давялося перажыць пляўкоў ад “знаўцаў беларускай музыкі”... Маўляў, як я магла ўдзельнічаць у цырымоніі, браць з чыіх-небудзь там рук прыз? Я прапанавала аднаму такому таварышу, каб ён мне даў іншы прыз. Што, я не заслугоўваю? Можа быць, ён такую музыку не любіць (ці мяне асабіста)? Дык, далібог, гэта — яго права. Толькі не яго права судзіць мяне і чужыя ўзнагароджанні, якімі б яны ні былі.
— Тады нагадаем тваё CV у беларускай музыцы.
— Апускаю маё творчае дзяцінства, калі спявала ў канцэртным хоры. Далей працавала ў філарманічным гурце “Метро”, потым салісткай эстраднага калектыву. Працавалі па два канцэрты ў дзень, і штораз з пераездамі ды пералётамі па ўсім Саюзе. Затым салістка гурта “Лінда”, бэк-вакалы ў “Крамы”, Аляксея Казлоўскага, “Rouble Zone”. Творчасць гурта “Палац” прайшла ўздоўж і ўпоперак праз мяне — экспедыцыі, расшыфроўка песень, бэк-вакалы, запіс, канцэрты на вялікіх пляцоўках. Затым “Kriwi”: сямнаццаць гадоў жыцця і міжнароднае прызнанне. А яшчэ “Народны альбом”, “Святы вечар”, “Я нарадзiўся тут”...
— Як з “нямецкага далёка” бачыцца тое, што адбываецца з беларускай спеўнай этнакультурай?
— Тое, што ёсць у Беларусі на дадзены момант, тое, што я чула і бачыла, — гэта крута і прафесійна, і я вельмі ганаруся сваімі “братамі па цэху”, якія прыязджаюць у Берлін! У беларускіх музыкантаў вельмі добрая рэпутацыя за, так бы мовіць, “бугром”, і я ўпэўнена, што тое, чаго я не чула, яшчэ больш моцнае!
Крыху пра ТБ
— Але чагосьці ж табе не хапае?
— Мне вельмі хацелася б, каб на ТБ і радыё з’явіліся паўнавартасна аўтарскія праграмы — як музычныя, так і іншыя. У нас шмат таленавітых, крэатыўных асоб, у якіх, на жаль, няма доступу да гэтых мас-медыя: я кажу не толькі пра моладзь — ёсць шмат незапатрабаваных сталых і дасведчаных. Прыязджаючы да бацькоў у Мінск, на працягу 15 гадоў я бачу на экране практычна адно і тое ж. Апошняе — засмучае.
— А на нямецкім экране што ты бачыш?
— Там ёсць усё і вельмі рознае: і выдатнае, і, ведаеш, — жудасна адваротнае, асабліва баварская папса! Убачыўшы ды пачуўшы яе першы раз, я падумала, што гэта сцёб, пародыя. Аказалася, не, але некаторым людзям падабаецца такая музыка.
А ці патрэбна?..
— Прачытаў у Інтэрнэце тваё меркаванне, у якім ты кажаш, што хочаш, каб творчасць “Kriwi” была вядома ў кожнай беларускай вёсцы, каб вашыя песні, ваш гурт маглі слухаць і бачыць па ўсёй краіне. Ну, можа, я крыху перафразіраваў. Навошта табе гэта патрэбна? І як ты думаеш, а ці патрэбна тое, што вы робіце, у кожным кутку нашай краіны?
— Я сапраўды вельмі хачу праехацца па нашых вёсках і гарадах, мне сапраўды цікава даведацца, як ты сказаў, а ці патрэбна гэта людзям і як іх рэакцыя можа паўплываць на маю далейшую творчасць. Так, я вельмі хачу, каб мяне ведалі ў кожнай вёсцы, ведалі ў твар! Па Беларускім радыё мяне круцяць гадоў сямнаццаць, прычым розныя песні з розных праектаў, а многія ж і не ведаюць, хто іх выконвае. Спяваючы беларускія народныя песні ў розных жанрах, мы хочам данесці сваё ўражанне ад нашай этнікі. Хоць мы не з’яўляемся этнічным калектывам у чыстым выглядзе: тое, што робім, — гэта эксперымент і пошук. Я проста хачу дарыць людзям радасць і прыгажосць, тое задавальненне, якое кожны раз атрымліваю ад выступлення!
У працяг тэмы
Мы звярнуліся па каментарыі пра ўдзел у Нацыянальнай музычнай прэміі да артыстаў, каму таксама, мяркуючы па розгаласе, не ўдалося абмінуць “шыпення” ў сацыяльных сетках.
Міхаіл ЗУЙ, гурт “ili-ili”:
— Хочам быць пачутымі аўдыторыяй, якая сёння альбо не цікавіцца сучаснай беларускай музыкай, альбо мае пра яе цьмянае ўяўленне. І тое, што мы сталі лаўрэатамі прэміі, магчыма, дапаможа данесці песні да такога слухача. А матэрыяльнае ўзнагароджанне пайшло на творчасць! Наогул, было прыемна даведацца, што мы выйгралі ў намінацыі “Лепшая беларускамоўная песня”...
Піт ПАЎЛАЎ, гурт “N.R.M.”:
— Нас не паказваюць па тэлевізары, ня круцяць па радыё. А мы актыўна гастралюем, запісалі новы класны альбом “Д.П.Б.Ч.”. Песня з яго — «Mroja Maja» — трапіла ў лік намінантаў Нацыянальнай музычнай прэміі. І наша з'яўленне на цырымоніі ўзнагароджання гэтай прэміяй — гэта напамін мас-медыя, што ёсць такi гурт. Для нас удзел у якасці намінантаў Нацыянальнай музычнай прэміі быў важны ў тым сэнсе, каб было зразумела: мы займаемся музыкай, як і нашыя калегі з тэлевізара. І цяпер, з намінаваньнем на адну з узнагарод Нацыянальнай прэміі, спадзяюся, павялічацца магчымасці для арганізацыі канцэртаў не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. Асабліва хацелася б паказаць на канцэртах апошні дыск, які, я лічу адным з лепшых у дыскаграфіі гурта. І яшчэ. Асабіста мне ў час цырымоніі было цікава пагрузіцца ў тое асяроддзе, з якім я звязаны пастолькі-паколькі. Шмат з кім з артыстаў я знаёмы, але не сябрую. Высветлілася, што яны прыязна ставяцца да нашага гурта. Ну пра тое, што арганізацыя магла б быць лепшай, сказана нямала. А вось падзякаваць Паўлу Каранеўскаму з канала “СТБ”, які нас зацягнуў на гэтую прэмію, я хачу!