Чым жа сэрца напоўніць?

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
З Галінай СЦЕПАНЮК — дырэктарам Антопальскага раённага Цэнтра рамёстваў, што на Драгічыншчыне, — размаўляць вельмі лёгка. Адразу адчуваеш вагу слова, дзе — і павага да тых, хто адраджае і захоўвае беларускую традыцыю, і адказнасць за заўтрашні дзень народнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/464/9812/6-1.jpg

— Галіна Міхайлаўна, кажуць, ваша сённяшняе валоданне шматлікімі мясцовымі рамёствамі ад мамы?

— Так. Але маленькай ну ніяк не жадала займацца той вышыўкай. Маці цярпліва паўтарала: «Вучыся, у будучыні прыдасца!» А я і ў школе не любіла ўсяго гэтага. Скончыла Гродзенскае культасветвучылішча, стала харэографам, у 1980-м нарадзіла першага сына, і толькі пасля гэтага ўсё і пачалося. Згадала, што мама, бабуля рабілі. Як кажуць, гены спрацавалі. І Бог так дае, што ўсё атрымліваецца…

— Перад уручэннем спецыяльнай прэміі вы атрымалі званне народнага майстра Рэспублікі Беларусь. Вы на сёння сапраўды ўніверсал: шыеце, тчэце, малюеце… А вашы дарослыя ўжо сыны «прачнуліся» з прагай творчай самарэалізацыі?

— Маюць здольнасці да малявання, але ў жыцці заняты іншай справай, часу для творчасці не стае.

— Відаць, на пенсіі адчуюць гэтую прагу… Скажыце, а чаму Цэнтр рамёстваў — у Антопалі, а ў Драгічыне — толькі філіял з адной спецыялізацыяй — разьбой па дрэве?

— Калі я пачала займацца народнай творчасцю, дык арганізавала гурткі ў Доме піянераў, пры ДК, у сярэдняй школе. А пры Доме культуры дзейнічала школа дзіцячай народнай творчасці, дзе я вяла тры класы дэкаратыўнага роспісу, штучных кветак і саломкапляцення. А ў 2006 годзе ў Антопалі адкрыўся і раённы Цэнтр рамёстваў, які мне прапанавалі ўзначаліць.

— Атрымліваецца, калі не вы, дык і не было б у Антопалі РЦР... Галіна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра роспіс куфраў. Шчыра кажучы, нідзе такога рамяства не бачыў.

— Вось калі адкрываўся наш Цэнтр, я адразу падумала, а чым ягонае сэрца напоўніць? І адказ імгненна прыйшоў: драгічынскімі куфрамі, якія вока радуюць! Так і атрымалася: дэкаратыўны роспіс у РДР заснаваны на куфрах. А рабілі іх у Бездзежы, Крамно, Завершшы… Таму і пайшла ў народ. Малюнак на куфры зрабіць не складана, але ж трэба, каб ён у нашых спрадвечных традыцыях быў выкананы. А тэхналогія работы надзвычай складаная: раслінныя фарбы разводзяцца адметным чынам, на яйкавых бялках — працэс вельмі працаёмкі і дарагі. У такой кананічнай манеры я афармляю толькі куфры для знакавых выставак. А з дзецьмі мы цяпер маленькія, дэкаратыўныя куфрыкі распісваем акрылавымі фарбамі (але фляндроўку — па блакітнай фарбе на белым грунце выдрапваюцца грабеньчыкам карункі — мы робім па старадаўняй тэхналогіі), бо вельмі шмат сувеніраў патрабуе ад нас «Бездзежскі фартушок».

— Вашы паходы ў народ, інакш кажучы  — экспедыцыі, патрабуюць шмат грошай?

— Ды не, транспартам дапамагае мой муж… Я нават калі ў гасцях бываю ў іншых вёсках, таксама да ўсяго прыглядаюся. Дый пад час выставак і кірмашоў шмат жанчын, зацікаўленых нашымі вырабамі, дзеляцца сваімі рамесніцкімі сакрэтамі. Словам, для творчага пошуку любую магчымасць выкарыстоўваем.

— Колькі дзяцей вакол вас?

— Больш за восемдзясят. Усе гурткі — бясплатныя. Дзеткі прыходзяць з пустымі рукамі, а дахаты вяртаюцца з сувенірамі.

— Якімі бачацца перспектывы?

— Вельмі аптымістычнымі. РЦР размяшчаўся на першым паверсе, а цяпер нам аддаюць і другі. Пасля рамонту, думаю, работа закіпіць у тры разы актыўней. І яшчэ думаю сабраць пад нашым дахам усіх сталых майстроў раёна, сярод якіх ёсць вялікія таленты-самародкі, што цяпер сядзяць па дамах, а іхняе майстэрства амаль ніхто не бачыць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"