Аляксандр КОСІНЕЦ: “Цёплае надвор’е ў нашай хаце робіце менавіта вы...”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Выступленне пачалося з ухвалы і падзякі работнікам культуры за іх руплівую і плённую працу. Адразу пасля гэтага віцэпрэм’ер прапанаваў засяродзіць увагу на праблемных момантах функцыянавання айчыннай культуры — “каб заўтра мы працавалі яшчэ лепей, чым сёння”. У прыватнасці, была закранута тэма выканання даручэнняў, дадзеных віцэ-прэм’ерам работнікам галіны.

 /i/content/pi/cult/146/981/Kosinec.jpg

КАДРЫ. Мушу адзначыць, што праца па забеспячэнні кадравага рэзерву пастаўлена недастаткова эфектыўна. Калі сёння са сваёй пасады сыйдзе Елізар’еў, альбо Фінберг, альбо Гасцюхін, замены ім знайсці будзе цяжка. Не кажу ўжо пра рэктараў вышэйшых навучальных устаноў.
Самай пільнай увагі вымагаюць навукова-педагагічныя школы.
І ніякай крытыкі не вытрымлівае тэматыка навуковых работ. Дзе новыя праграмы?
Возьмем, да прыкладу, Алу Барысаўну Пугачову. Звярніце ўвагу, як яна працуе з моладдзю! Колькі гэтая зорка сцэны ладзіць розных мерапрыемстваў, прызначаных для маладых артыстаў: “Дзве зоркі”, “Калядныя сустрэчы”…
Я папрасіў бы на падставе гэтага прыкладу зрабіць пэўныя высновы. Хацелася б бачыць на экране мэтраў нашай эстрады альбо, скажам, тэатральнага мастацтва, і побач — іх наступнікаў. Хацелася б бачыць моцныя навукова-педагагічныя школы, здатныя ствараць пераемнасць традыцый.
Падрыхтоўка кадраў павінна адпавядаць патрэбам дзяржавы.
У сферу культуры павінны прыйсці менеджэры, спецыялісты, здатныя годна падаць тыя таленты, якіх у нашай краіне не бракуе. Цяпер жа гэтым нярэдка займаюцца менеджэры з суседніх дзяржаў, заключаючы з нашымі артыстамі кабальныя дамовы на дзесяцігоддзі. Таленты змушаны працаваць не на сябе, а найперш на менеджэра. Каб вырашыць гэтую і многія іншыя праблемы, трэба правесці карпатлівы аналіз патрэбы кадраў у галіне культуры і зыходзіць з атрыманых даных.
У 2006 годзе я даў даручэнне міністру культуры асабіста ўдзельнічаць у размеркаванні, прасачыць, каб кожны выпускнік быў забяспечаны працоўным месцам. І змяніць ранейшую завядзёнку, паводле якой пераважная большасць выпускнікоў заставалася працаваць у Мінску і Мінскай вобласці. Бо хто ў такім разе будзе дбаць пра культуру аддаленых рэгіёнаў, захоўваць і развіваць унікальную спадчыну гэтых куткоў?
Мы не можам рыхтаваць кадры “ўхаластую”, не можам дапускаць, каб маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы належныя два гады або наогул праігнараваўшы размеркаванне, сыходзілі з прафесіі. З прычыны хібаў прафарыентацыйнай работы дзяржава губляе, паводле самых сціплых падлікаў, больш за 50 мільярдаў рублёў штогод.
Падрыхтоўка кожнага спецыяліста абыходзіцца прыкладна ў тры тысячы долараў ЗША у год. Мы не можам страчваць гэтыя сродкі.
Карыстаючыся нагодай, звяртаюся да мясцовых выканаўчых улад.
Зыходзячы з пачутага сёння на калегіі, я дам даручэнне распрацаваць праграму “Малады спецыяліст”, якая паспрыяе замацаванню іх на месцах.
Дайце гэтаму маладому спецыялісту жыллё, дайце яму ў рукі баян, гітару або мальберт, стварыце для яго годныя ўмовы працы, — і тады ніякага адтоку кадраў не будзе.

ПАПУЛЯРЫЗАЦЫЯ ЗДАБЫТКАЎ. Пераканаўча прашу забяспечыць належную рэкламу вядучым культурным падзеям — бо пакуль гэта робіцца відочна недастаткова і не зусім прафесійна. Неабходна стварыць разгалінаваную сетку спецыялізаваных магазінаў сувеніраў — знайсці аўтэнтычны сувенір, асабліва ў рэгіёнах, сёння не так і проста. Вось таму і павінны ўзнікнуць адмысловыя месцы іх продажу.
Продаж нацыянальных сувеніраў павінен прысутнічаць і ў прыдарожным сервісе.
Паглядзіце: каля чатырох мільёнаў замежнікаў перасячэ сёлета тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. І тут мы маем велізарны рычаг для рэалізацыі прадукцыі і атрымання грашовых сродкаў.
І яшчэ адзін момант. Летась у санаторна-курортных арганізацыях Беларусі адпачыла 52 тысячы замежных грамадзян.
І гэтыя людзі былі б рады спрычыніцца да нашай культуры, наведаць тэатр альбо музей — калі б іх хтосьці туды запрасіў.

ФІНАНСАВА-ГАСПАДАРЧАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ. Пытанне адносна заработнай платы ўзнімаецца вамі вельмі слушна, і тут я вас падтрымліваю.
Сапраўды, за мінулы год у бюджэтнай сферы сярэдні памер заробку склаў 615 тысяч рублёў.
А ў культуры — 534 тыс., у мастацтве — 581 тыс, у бібліятэчнай сферы — 441 тыс. Я даў даручэнне міністру працы і сацыяльнай абароны сумесна з Уладзімірам Фёдаравічам Матвейчуком распрацаваць пытанне павышэння заработнай платы работнікам культуры.
Але ёсць тут і іншы аспект — эфектыўнасць пазабюджэтнай дзейнасці.
Чаму ў культуры яна значна ніжэйшая за наяўны патэнцыял? Вы бачыце, якія ў вас выдатныя рэзервы? Дык выкарыстоўвайце іх.
Раней даходы падчас правядзення фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” былі мізэрныя. Цяпер жа з’явіліся новыя ўмовы і магчымасці, і сітуацыя істотна змянілася.
У 2007 годзе на правядзенне форуму было выдаткавана 3932 млн. рублёў, а даходы склалі 2971 млн. рублёў. Нам удалося дамагчыся, каб канцэртная дзейнасць у Амфітэатры актыўна працягвалася і па сканчэнні фестывалю — у ліпені, жніўні, верасні. Але на 2008 год аб’ём плануемых даходаў чамусьці быў заяўлены нават меншы за леташні — усяго 2783 млн.! Чым гэта можна патлумачыць, дзе ж тут логіка? Не, з такімі планамі мы ніколі не пагодзімся.
Рэзервы і магчымасці ёсць. Трэба толькі эфектыўна іх выкарыстоўваць.
Гэта тычыцца і гастрольна-канцэртнай дзейнасці наогул. Ёсць вялізны рэзерв і ў сферы платных паслуг.
Шмат даводзіцца чуць адносна праблем з забеспячэннем музычнымі інструментамі.
Так, ніхто не патрабуе ад айчынных вытворцаў стварыць “скрыпку Страдзівары”, аднак яны могуць і павінны забяспечыць хаця б сярэднюю якасць — на ўзроўні, скажам, валагодскага баяна. Тады і попыт павысіцца.
І яшчэ. Фінансава-гаспадарчая дзейнасць у галіне культуры павінна быць адкрытай і сумленнай.
Пераканаўча прашу, каб “за кулісамі” ўсё было гэтаксама празрыста, як і на гэтай сцэне, з якой я прамаўляю.

УСТАНОВЫ КУЛЬТУРЫ. Пільнай увагі вымагае праца сельскіх клубаў і дамоў культуры малых гарадоў. Бо ёсць прыклады, здатныя сапраўды сапсаваць настрой, — калі цяжкія замкі красуюцца на ўстановах, здадзеных паводле Дзяржпраграмы развіцця і адраджэння сяла ўсяго толькі ў 2005 годзе. Хто будзе несці адказнасць за тое, што ў гэтыя клубы, якія запатрабавалі вялізных бюджэтных сродкаў, сёння ўжо не зойдзеш, — настолькі недабраякасна былі там зроблены рамонтныя работы? А іх жа якасць павінна быць такой, каб і нашчадкам тых клубаў хапіла.
Дзеля аптымізацыі дзейнай сеткі ўстаноў культуры неабходна актывізаваць працэс фарміравання ўстаноў новага тыпу, развіццё новых відаў платных паслуг. Думаю, зрабіць установы культуры больш адпаведнымі патрабаванням людзей можа дапамагчы сацыялагічнае апытанне. Я дам адпаведнае даручэнне Нацыянальнай акадэміі навук, і тады мы пачуем меркаванне насельніцтва адносна эфектыўнасці работы галіны культуры.

МУЗЕІ. У цяперашні момант Міністэрству культуры сумесна з мясцовай выканаўчай уладай неабходна канцэнтраваць намаганні па перадачы музеяў і філіялаў, размешчаных у рэгіёнах, у камунальную ўласнасць. Менавіта на месцах павінны дбаць пра добры стан і далейшае развіццё сваіх устаноў.

БІБЛІЯТЭКІ. Асаблівай увагі вымагае таксама папаўненне бібліятэчнага фонду. Камп’ютэрызацыя бібліятэк, безумоўна, неабходная, але нельга забываць, што друкаванае слова нічым не заменіш. Неабходна развіваць бібліятэкі-клубы, бібліятэкі-музеі, дамы сацыяльных паслуг — асабліва ў сельскай мясцовасці.

ФЕСТЫВАЛЬНЫ РУХ. Летась колькасць краін, што ўзялі ўдзел у міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, у параўнанні з 2006 годам павялічылася ўдвая. Такі самы прырост спазнала і колькасць публікі. Гэта адбылося за кошт пашырэння фестывальнай праграмы — агулам яна ўключала каля 150 фільмаў — і, у першую чаргу, геаграфіі форуму, якая ахапіла ці не ўсю Беларусь. Значыць, напрамак быў абраны слушны. Сёлета ў “Лістападзе” павінны ўзяць удзел усе 145 беларускіх кінатэатраў.
Сёння можна сказаць, што фестываль “Славянскі базар у Віцебску” паводле сваёй праграмы, паводле творчага складніку абсалютна аднатыпны. Неабходны сур’ёзны падыход і ў плане выбару ўдзельнікаў, і ў плане рэжысуры. Фестываль павінен стаць сапраўдным парадам кантынентаў і збіраць выключна зорак першай велічыні.
Мы плануем закласці ў Віцебску Алею зорак і запросім тых, хто зрабіў асаблівы ўнёсак у развіццё эстраднай музыкі.
Нам неабходна кардынальна пераасэнсаваць фармат Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. І новая яго канцэпцыя ўжо распрацоўваецца.

ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА. Работа па ўвядзенні турыстычных аб’ектаў у Міры і Нясвіжы, на жаль, наўрад ці можа быць ацэнена станоўча. Гэта тычыцца і інфраструктуры, ад якой залежыць далейшае развіццё гэтых аб’ектаў. Пра якое развіццё турызму можа весціся гаворка, калі на сённяшні дзень няма належнага бізнес-планавання?!

ТЭАТР. У тэатральным мастацтве краіны ў цэлым захоўваюцца пазітыўныя творчыя падыходы, багацце нацыянальных традыцый спалучаецца з актыўным асэнсаваннем досведу сусветнай культуры. А вось што да праблемных момантаў… Віктар Андрэевіч Старавойтаў назваў сёння тры спосабы зрабіць работу тэатра больш эфектыўнай з фінансавага пункта гледжання.
Але, думаю, ёсць і яшчэ адзін спосаб, самы важны. Глядач чакае новых цікавых пастановак сучасных беларускіх драматургаў і сусветных класікаў.
На такія спектаклі людзі пойдуць. Тэатры павінны актывізаваць гастрольную дзейнасць, прычым не толькі ў межах нашай краіны. Ахопліваць яна мае і сельскую мясцовасць, асабліва рэгіёны, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы.

КІНАВІДЭГАЛІНА. Я хацеў бы паставіць перад вамі шэраг задач, і перадусім гэта павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх фільмаў і ўстойлівы выхад на знешні рынак. Так, у плане матэрыяльнай базы цяперашняму кіраўніцтву дасталася цяжкая спадчына, але да верасня 2009 года сітуацыя павінна кардынальна змяніцца. У той самы час, неабходна павышаць эфектыўнасць работы кінавідэапракатных арганізацый, актывізаваць адначасова рамонт кінатэатраў у рэгіёнах і экспарт кінавідэапрадукцыі за межы краіны. Унікаючы пры гэтым памылак, дапушчаных у выпадку з “Анастасіяй Слуцкай”, — стужка не прыносіць нам тых дывідэндаў, якія б магла прынесці.

РАЗВІЦЦЁ ПРАВАВОГА РЭГУЛЯВАННЯ ў сферы культуры патрабуе істотнага ўдасканалення і прывядзення ў адпаведнасць з цяперашнімі рэаліямі і інтарэсамі грамадзян. Неабходнасць абнаўлення нарматыўна-прававой базы абумоўлена тым, што многія суб’екты культурнай дзейнасці, на жаль, да цяперашняга часу карыстаюцца базай часоў БССР.
Прэзідэнтам краіны 2008 год быў аб’яўлены Годам здароўя. Як кіраўнік нацыянальнага праекта дэмаграфічнай бяспекі і старшыня Камітэта па народанасельніцтве Рэспублікі Беларусь, я прашу вас прыняць самы дзейсны ўдзел у рэалізацыі той задачы, якой дзяржава надае першараднае значэнне. Нашы кінематаграфісты павінны стварыць стужкі, прысвечаныя праблематыцы дэмаграфічнай бяспекі, — як поўнаметражную, так і кіначасопіс.
І яны мусяць дэманстравацца ва ўсіх кінатэатрах, перад кожным сеансам. Астатнія работнікі культуры таксама не павінны прайсці міма агульнадзяржаўнага пачыну, сведчачы сваімі выстаўкамі іканцэртамі тую глыбінную ўзаемасувязь, якая ёсць паміж культурай і здароўем.
Шаноўныя сябры! У вас вельмі своеасаблівая праца. Калі ўгледзецца ў яе сутнасць, можна заўважыць, што кожны з вас з’яўляецца акцёрам. Ваша задача — ствараць добры настрой у людзей, з якімі вы працуеце. Але ж парой ніхто не ведае, што на душы ў вас асабіста. Вы з’яўляецеся духоўнымі ўрачамі беларускай нацыі. Цёплае надвор’е ў нашай хаце робіце менавіта вы. Таму жадаю вам заўсёды мець тое, што вы дорыце іншым, — добры настрой.

Аляксандр КОСІНЕЦ,
намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь