Прагляд пластыкі: сітуацыя на заўтра

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Калі ж выкладчыкам са студэнтамі час гарбату піць?
Днямі ў Акадэміі мастацтваў адбыліся семестравыя прагляды. Некаторыя з іх я наведаў у якасці карэспандэнта. Асаблівую ўвагу надаў кафедры скульптуры, бо, пры ўсёй пашане да іншых відаў творчасці, мяркую: менавіта ў пластыцы (найперш — манументальна-дэкаратыўнай) яскрава выявіліся і модныя тэндэнцыі, і нязломныя стэрэатыпы апошніх дзесяцігоддзяў. У тым, што гэта насамрэч так, мяне пераканалі і студэнцкія работы, і размова з выкладчыкам кафедры — прафесарам Анатолем Арцімовічам.

А яны сёння заклапочаны тым, як гарманічна спалучыць у рамках навучальнага працэсу засваенне студэнтамі прафесійных навыкаў паводле класічнай, выверанай часам методыкі і разуменне сучасных тэндэнцый формаўтварэння. Цяперашняя праграма прафесійнай падрыхтоўкі скульптараў склалася яшчэ ў тыя часы, калі кафедру ўзначальвалі класікі — Андрэй Бембель і Анатоль Анікейчык. Распрацаваная імі методыка дазваляе рыхтаваць прафесіянала, дасведчанага і ў станковай, і ў манументальнай пластыцы, здольнага працаваць у абодвух відах скульптуры. Для свайго часу гэта было выдатным дасягненнем. Але сёння ў свеце (і Беларусі гэта датычыцца таксама) скульптура станковая і манументальна-дэкаратыўная розняцца настолькі істотна і вырашаюць задачы настолькі розныя, што адказныя за навучальны працэс людзі калі-нікалі задумваюцца пра магчымасць стварэння з адной кафедры дзвюх. Як гэта ёсць у жывапісцаў: станкавістаў і манументалістаў у нашай Акадэміі рыхтуюць на розных кафедрах па розных праграмах. Пытанне, зразумела, дыскусійнае. А беручы да ўвагі ягоны эканамічны чыннік (дзе узяць грошы на ўтварэнне новай кафедры?), наўрад ці хтосьці будзе яго ўздымаць.

Анатоль Арцімовіч мяркуе, што сёння мы ў манументальнай пластыцы зыходзім з прынцыпаў, распрацаваных яшчэ ў ХІХ стагоддзі Радэнам для гарадоў з ансамблевай забудовай, дзе высокімі лічыліся дамы ў 4-5 паверхаў. Між тым як у сучасным горадабудаўніцтве пануе іншая эстэтыка, іншыя прынцыпы арганізацыі прасторы. Скульптура, якая на плошчы сярэднявечнага горада ўспрымаецца велічнай, сярод агрэсіўных па форме гмахаў у трыццаць паверхаў і вышэй будзе папросту незаўважнай. На думку мэтра, студэнтаў трэба рыхтаваць да падобных сітуацый, да шчыльнага супрацоўніцтва з архітэктарамі.

Згадваючы творчую спадчыну Уладзіміра Жбанава, Арцімовіч аддае належнае таленту гэтага майстра, які здолеў разбурыць уласцівыя савецкаму часу выяўленчыя стэрэатыпы, але адзначае, што паслядоўнікам Жбанава часам не стае ягонага густу і майстэрства. А праз гэта ў гарадской прасторы з’яўляецца пластыка, якая яе не ўпрыгожвае. Больш за тое, неапраўданая сюжэтнасць, літаратурнасць ужо трапляюць і ў манументальныя аб’екты. Прыкладам, на думку суразмоўцы, можа служыць бронзавы помнік, які адносна нядаўна з’явіўся на тэрыторыі мемарыяла “Брэсцкая крэпрасць — герой”.

Тое, што ў нас аднаўляюцца храмы і з’яўляюцца помнікі асобам духоўнага звання, што шчыравалі на ніве культуры, як Ефрасіння Полацкая альбо Кірыла Тураўскі, — з’ява станоўчая. Але калі замоўцам такіх помнікаў з’яўляецца Царква, ад мастака патрабуюць адпаведнасці канону, хай нават за кошт страты выразнасці. Хочацца, каб непаразуменні, што ўзнікаюць у такіх выпадках, вырашаліся цывілізавана.

Згаданыя праблемы да навучальнага працэсу дачыненне маюць нібыта ўскоснае, але заўтра выхаванцам Акадэміі давядзецца сутыкнуцца з імі ў самастойным творчым жыцці. І трэба, каб гэта не стала для іх неспадзяванкай.

Адзнакі па выніках прагляду былі абвешчаны студэнтам на кафедральным сходзе. Сумоўе было даволі дэмакратычным. Пра гэта сведчыць тая акалічнасць, што студэнты ўзнялі пытанне, ці можна зрабіць стасункі паміж прафесарска-выкладчыцкім складам кафедры і навучэнцамі менш фармальнымі, як яно ёсць у еўрапейскіх мастацкіх ВНУ, якія наша творчая моладзь мела магчымасць наведаць па праграме культурнага абмену.

Я, памятаючы свой студэнцкі досвед, быў здзіўлены такой пастаноўкай пытання: на маю думку, навучанне і панібрацтва — рэчы несумяшчальныя. Ды, мабыць, час змяніўся… Да гонару кіраўніка кафедры Уладзіміра Слабодчыкава і ягоных калег, яны здолелі карэктна патлумачыць вучням неабходнасць субардынацыі. Пры гэтым выкладчыкі кафедры шчыра распавядалі аб праблемах, і вырашэнне шэрагу з іх у пэўнай ступені залежыць ад здольнасці адных вучыць, а другіх — вучыцца ў не надта зручных умовах рамонту. Справа ў тым, што кафедра скульптуры, пакуль у галоўным корпусе Акадэміі ідуць рамонтныя работы, атабарылася ў раёне Трактарнага завода. У “часовым жытле”, “на чамаданах” наладзіць паўнавартасны навучальны працэс няпроста. Так што выкладчыкам папросту няма часу са студэнтамі “чаі ганяць”.

Дарэчы, былі на сходзе агучаны факты, над якімі мусяць задумацца будучыя творцы. Закрываецца Гомельскае мастацкае вучылішча. Тры дзясяткі леташніх яго выпускнікоў не мелі размеркавання. Ні адна з устаноў, якія звычайна замаўляюць гэтых спецыялістаў, запытаў з прапановай працы гэтым разам не даслала… І яшчэ. Зараз ў Мінску налічваецца недзе 120 дыпламаваных скульптараў. Далёка не ўсе яны працуюць па прафесіі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"