Крытык і тэатр: хто каго?

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Надзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Тыдзень, безумоўна, прайшоў для культурнай грамадскасці сталіцы (і не толькі, бо былі запрошаны кіраўнікі тэатраў з рэгіёнаў!) пад знакам прэм’еры “Пана Тадэвуша” паводле Адама Міцкевіча ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Аналіз спектакля чытайце ў наступных нумарах “К”. Пакуль жа пагаворым пра новы тып узаемаадносін тэатра і крытыкаў, які стаў практыкавацца ўсё часцей. На азначаную прэм’еру, як і на грамадскі прагляд напярэдадні, змаглі патрапіць не ўсе журналісты. Хтосьці на ўсялякі выпадак за месяц набываў квіток, хтосьці — “прасочваўся” любымі магчымымі спосабамі, толькі не праз афіцыйнае запрашэнне з боку самога тэатра. Яго, як і любой інфармацыі, проста не было. Паўтаруся, як і звестак адносна наведвання прэсай і крытыкамі самой прэм’еры, пастаўленай, вядома ж, за бюджэтныя сродкі, так і, што найбольш дзівіць, грамадскага прагляду спектакля.

/i/content/pi/cult/463/9805/122-1.jpgПачну са страшэ-э-эннай тайны. У былыя часы музычным і тэатральным крытыкам выдавалі службовыя пропускі. Адразу на ўвесь сезон. І па іх можна было “знянацку”, папярэдне не паведамляючы арганізатарам, наведваць любую імпрэзу ў гэтай канцэртна-тэатральнай установе, разлічваючы на вольнае месца ў зале, а таксама свабодна ўваходзіць-выходзіць туды і адтуль у дзённыя гадзіны. Але каб без перашкод мінуць службовы ўваход, дастаткова было мець пасведчанне, да прыкладу, творчага саюза (кампазітараў ці тэатральных дзеячаў; Саюза музычных дзеячаў раней не было). Не будзем плакацца пра мінуўшчыну, але засведчым, што падобную сістэму часткова захавала сёння хіба Беларуская дзяржаўная філармонія. З тэатрамі — праўда, пакуль яшчэ не з усімі — складаецца супрацьлеглая сітуацыя: не клічам, не чакаем, не жадаем крытыкаў. І, крый Божа, крытыкі.

Можна ўсё спісаць на тое, што час зараз іншы: маўляў, каму тая крытыка патрэбна? Лепей — “забойны” анонс на ТБ, які прыцягне публіку і, такім чынам, забяспечыць неабходную запаўняльнасць залы ды фінансавыя вынікі. Ці проста інфармацыя — галоўнае, каб з максімальна большай колькасцю гламурных фотаздымкаў, змешчаных у Інтэрнэце, і мільгаценнем кадраў на блакітным экране. У многіх установах, ацэньваючы дзейнасць інфармацыйна-рэкламных аддзелаў, часам карыстаюцца менавіта апошнім паказальнікам: прыехала тэлебачанне — значыць, ёсць падзея. А ўжо тое, што і як там пакажуць і, здараецца, з якой колькасцю памылак ды недакладнасцей, не так важна. Галоўнае — патрапіць у "скрыню". У дачыненні да падзей культуры там крытыкі не бывае: усё, што ні ёсць — пазітыў. Бо адбылося! І гледачы-слухачы пляскалі ў ладкі. І нават, як заўсёды, стоячы віталі чарговую прэм’еру. Ну, каму пасля гэтага патрэбен крытык?

Відаць, таму, хто сапраўды клапоціцца пра “погляд з боку”. І дзеля гэтага гатовы “вырошчваць апанента” — дасведчанага, які будзе заўважаць нават тыя слабыя месцы, на якія сам творца, можа, не звярнуў увагу. І, наадварот, бачыць перспектыву там, дзе яе, можа, не бачна “знутры”. Так, крытыка сёння мала ўплывае на стаўленне публікі: як правіла, адмоўная рэцэнзія прыцягвае нават больш увагі, бо кожнаму хочацца не толькі прачытаць, але і пабачыць, каб аспрэчыць іншы погляд. Але ўсё роўна: кожнаму хочацца, каб “гладзілі па шэрстцы, а не супраць”. Вось і “выміраюць” крытыкі як прафесіяналы патроху, калі ім аб’яўлена вайна. “Выміраюць” не толькі яны самі, але і ўвесь напрамак літаратурна-мастацкай крытыкі, які змяняецца на проста журналісцкі: анонс, інфармацыя, фотасправаздача, глядацкі водгук у Інтэрнэце. Павевы часу?..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"