“Турыст звычайны” пакуль у пралёце...

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Меркаванне экскурсавода: чаму “Залатое кольца Мінска” пакуль не блішчыць?
Прафесіяналы ад турызму сведчаць: для знаёмства з “дзейнымі” адметнасцямі Мінска замежнаму госцю дастаткова некалькіх дзён. Чэмпіянат свету па хакеі доўжыцца куды больш... Таму паўстае пытанне: як пашырыць турасартымент? “Рэсурс” самой сталіцы — абмежаваны, затое ў яе ваколіцах цікавостак можна адшукаць цэлы россып. Як мы ўжо анансавалі, не так даўно навукоўцы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прапанавалі праект “Турыстычнае кольца горада Мінска”. Але ці падхопяць іх распрацоўкі практыкі?

“Куды вы мяне прывезлі?”

— Ідэя не новая, — кажа вядомы экскурсавод Анатоль Варава. — Памятаю, яшчэ ў 1970-х мы з Адамам Мальдзісам абмяркоўвалі стварэнне своеасаблівага “Залатога кольца” Мінска. Ды вось толькі, на жаль, многія праблемы тых часоў не вырашыліся і па сёння.

Возьмем археалагічныя помнікі. Зацікавіць імі “турыста звычайнага” складана — хіба ў камплекце з цікавай гісторыяй. Але “Замэчак” у Заслаўі і гарадзішча на Менцы, адкуль, нібыта, і пайшоў Мінск, — гэта сто працэнтаў той выпадак! Напэўна, яны сталі б запатрабаванымі тураб’ектамі, як, напрыклад, літоўскі Кернаве. Але толькі ў тым выпадку, калі б знайшліся — і ўрэчаісніліся — адэкватныя спосабы іх рэпрэзентацыі...

...Бо, як вядома, “самі за сябе” такія мясціны казаць не могуць. Значыць, патрэбна і інфармацыйнае забеспячэнне, і належнае добраўпарадкаванне, і розныя іншыя прыкметы музеефікацыі — уключна з сучаснымі інтэрактыўнымі павевамі.

Не будзем гадаць, колькі хакейных заўзятараў наведала б, прыкладам, фестываль эксперыментальнай археалогіі. Але дакладна можна сказаць адно: падобныя імпрэзы ў тым самым Кернаве замежныя турысты ўвагай не абмінаюць.

Ці іншая катэгорыя адметнасцей. Мінск атачае цэлы россып шыкоўных некалі палацава-паркавых комплексаў: у Сёмкаве, Новым Полі, Станькаве, Прылуках... Асаблівае месца ў гэтым спісе займаюць Смілавічы, дзе “гадаваліся” ажно дзве легенды мастацтва сусветнага маштабу — Манюшка і Суцін. Плюс каларыт беларускага мястэчка, які ўражвае многіх замежнікаў. Плюс зручная дарога. Хвілін дваццаць ад кальцавой — і ты на месцы.

Тым не менш, менавіта маёнтак Агінскіх і Манюшкаў можна назваць самым праблемным са згаданага спісу... І справа не ў тым, што турыстаў у наступным маі ён сустракаць не гатовы (тое ж самае можна сказаць літаральна пра ўсе згаданыя вышэй маёнткі), і нават не ў жудасным тэхнічным стане. Палац Хмараў у Сёмкаве сёння выглядае яшчэ больш жахліва, але... у адрозненне ад смілавіцкага, ён ужо мае руплівага ды зацікаўленага гаспадара. А значыць, і перспектыву.

Што ж да Суціна... На жаль, гэты козыр, падобна, таксама не спрацуе на ўсе сто. Нават нягледзячы на невялічкую, але густоўную экспазіцыю, якая працягвае сваё ціхае жыццё ў смілавіцкім Доме дзіцячай творчасці.

— Баюся, што гэтая экскурсія разлічана толькі на вузкае кола зацікаўленых, — канстатуе Анатоль Варава. — На тых людзей, якія прагнуць убачыць радзіму знакамітага мастака і гатовы заплюшчыць вочы на больш чым сціплую “аблямоўку”. А “турыст звычайны” можа абурыцца: маўляў, куды вы мяне прывезлі?..

А вось калі б занядбаны палац быў адроджаны... Тут нават і сумнявацца не выпадае: аператары адразу ўключылі б яго ў цэлую плойму разнастайных тураў. Заадно гэты аб’ект падтрымаў бы і ўвесь “усходні напрамак”, не надта пакуль папулярны. Смілавічы + Магілёў (а па дарозе яшчэ, магчыма, і Княжыцы) — гэта значна лепш, чым без супыну ехаць да Магілёва, няхай сабе і па шыкоўнай шашы.

На думку экскурсавода, лепшага лёсу заслугоўваюць таксама і парэшткі котлішча Гутэн-Чапскіх у Станькаве. Тым больш, завяршэнне рэканструкцыі Купалаўскага тэатра магло б падагрэць цікавасць да гэтага роду.

— Усе яго прадстаўнікі  — сапраўдныя асобы, якія зрабілі вялізны ўнёсак у развіццё краю, — дадае ён. — Мінскі “мэр” Караль Гутэн-Чапскі, па сутнасці, стварыў перадумовы для будучай сталічнай велічы горада. І таму вельмі дзіўна, што сёння ў Мінску няма нават вуліцы яго імя, не кажучы ўжо пра помнік ці хоць бы мемарыяльную дошку. Быў хіба гатунак піва, што выпускаўся на заснаваным графам бровары, але і той ужо знік з паліц...

Балазе мемарыяльныя дошкі ёсць куды ўсталёўваць: і цяперашні Купалаўскі, і той самы бровар — гэта сведчанне плённай працы Гутэн-Чапскага.

— З гэтых аб’ектаў я і пачаў бы тэматычную экскурсію, прысвечаную гісторыі роду, — кажа Анатоль Варава. — А скончыў бы яе непасрэдна ў Станькаве. Тым больш, там ёсць што паглядзець: і царква, нядаўна адроджаная з руін, і знакаміты скарбец, і гаспадарчыя пабудовы, і шыкоўны парк... Прычым нават і сродкаў не трэба вялікіх, каб усё давесці да ладу. Гэта ж сапраўдны падарунак лёсу, трэба толькі скарыстаць яго з розумам!..

Падаецца, такая вандроўка разлічана пераважна на “ўдзячных мінчан”, але... хвацкі прыватнік, які стварыў сваю аграсядзібку “ў цені велічы” маёнткаў Чапскіх, ужо паспяхова прадае турыстычны прадукт “гасцям Рэспублікі Беларусь”. Маркетынгу яго вучыць не трэба: у ліку прапаноў — і “захапляльнае рэтра-падарожжа”, і “рамантычная экскурсія для дваіх”... І гэта нават пры тым, што стан сядзіб у Прылуках і Станькаве далёкі ад “глянцавага”.

Углыб Мінска

Зрэшты, Анатоль Варава справядліва сумняваецца ў тым, што падобныя гістарычныя экскурсіі выклічуць неймаверны ажыятаж сярод хакейных заўзятараў. Усё ж кантынгент гэты спецыфічны, і ў Мінск ён прыедзе зусім з іншай мэтай: менавіта на спаборніцтвы. Але, тым не менш...

— Перакананы, што тыя спартыўныя аб’екты, дзе, уласна, і пройдуць гульні Чэмпіянату, задаволяць патрабаванні нават самых прыдзірлівых гасцей, — кажа экскурсавод. — Але паглядзеўшы хакей, чалавек не адразу пойдзе ў свой гатэльны нумар. Яму захочацца прайсціся па майскіх вуліцах, прабавіць час у прыемнай атмасферы... Не раўнуючы ва ўсіх гарадах свету людзі скіроўваюцца ў гістарычны цэнтр. А ў нас?..

У нас праблема пешаходнай вуліцы вісіць у паветры ўжо не першае дзесяцігоддзе. Варыянтаў яе вырашэння за гэты час з’явілася процьма, а сама вуліца — так і не з’явілася. Хочацца верыць, Чэмпіянат усё ж стане штуршком для нейкіх рашучых крокаў, прычым не толькі на час яго правядзення.

А заадно, магчыма, вырашыцца і іншая праблема-"доўгажыхар" — турыстычныя ўказальнікі ды схемы на некалькіх мовах. Ужо сёння іх можна сям-там убачыць, але... пакуль хіба ў якасці выключэння.

— Прычым такія ўказальнікі павінны скіроўваць не толькі да турыстычных адметнасцей, але і, даруйце, да бліжэйшага санвузла, — дадае спрактыкаваны экскурсавод.

Пад час "Еўра-2012" украінскія СМІ стракацелі сюжэтамі пра заходнееўрапейцаў, якія паехалі на футбол, але па дарозе забраліся ў нейкую глухую вёску ды настолькі ўразіліся, што ледзь не забылі, навошта прыехалі. Без сумневу, падобныя варыянты развіцця магчымыя і ў нас. І таму варта згадаць наступную акалічнасць. Для некаторых заўзятараў знаёмства з Беларуссю пачнецца не з аэрапорта або чыгуначнага вакзала сталіцы, а з пункта пропуску на аўтамагістралях. Адсюль і яшчэ адно “вечнае пытанне”: як заахвоціць транзітнага турыста трохі збочыць з хуткаснай трасы — хаця б у тыя ж Мір ды Нясвіж? Натуральна, адказ палягае ў плоскасці таго самага інфармацыйнага турзабеспячэння.

На думку Анатоля Варавы, для абсалютнай большасці заўзятараў шпацыру па Мінску або якой іншай “базавай” турпраграмы будзе цалкам дастаткова. Але нават калі толькі 10% ад агульнай колькасці захоча ў дадатак і нечага асаблівага, лік патэнцыйных кліентаў усё адно атрымаецца вельмі ўнушальным.

Турыстычнае меню “на аматара” ў Мінску яшчэ толькі распрацоўваецца, і перадусім — у рэчышчы так званага альтэрнатыўнага турызму. Адзін з найпапулярных аб’ектаў тут — знакамітыя “могілкі” спецтэхнікі ў Шабанах. Але... Ну, гэта ўжо зусім на аматара!

Анатоль Варава перакананы: горад здатны прапанаваць і іншыя інтрыгоўныя адметнасці, што няўзброеным вокам пакуль не ўбачыш. І тыя госці, якія не задавальняюцца павярхоўным поглядам на Мінск, гіпатэтычна змогуць пранікнуць у самыя яго нетры. Можа, у нас і няма такіх катакомбаў, якія ахвотна наведваюць турысты ў Парыжы, затое ў гістарычным цэнтры — цэлая сетка сутарэнняў.

— Некаторыя падземныя хады вядуць у тыя будынкі, што даўно ўжо сталі “прывідамі”, — прыкладам, дамініканскі кляштар, які месціўся на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы, — распавядае Анатоль Варава. — Лёхі звязвалі і кляштары бернардынцаў ды бернардынак... Можа, нейкім чынам нам удасца трапіць і ў тую патаемную частку горада? Зрэшты, пакуль не верыцца, што гэта спраўдзіцца яшчэ пры маім жыцці...

Пункты судакранання

У згаданым “Турыстычным коле Мінска” тэматыка Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлена сапраўды на высокім узроўні: тут і “класічныя” мемарыялы, што паўсталі за савецкім часам, і новыя інтэрактыўныя музейныя аб’екты... Выключэннем стала хіба месца канцлагера “Малы Трасцянец”. Відавочна, што везці турыстаў туды пакуль яшчэ зарана: пачатак будаўніцтва мемарыяльнага комплексу мае адбыцца толькі налета.

Але менавіта гэтае жахлівае месца — адзін з самых непасрэдных “пунктаў судакранання” беларускай гісторыі і сусветнай. У Трасцянцы загінулі грамадзяне розных краін, і нашчадкі прыязджаюць за многія тысячы кіламетраў, каб ушанаваць іхнюю памяць.

Іншы такі пункт судакранання — тыя знакавыя падзеі Першай сусветнай вайны, што пакінулі шнары на нашых землях. Тым болей, налета інтарэс да гэтай тэматыкі ва ўсім свеце будзе як ніколі высокі: усё ж, 100-годдзе стрэлу ў Сараеве...

— Тэма Першай сусветнай вельмі важная для сённяшніх еўрапейцаў, бо вайна закранула ці не кожную сям’ю, — кажа Анатоль Варава. — Вядома ж, мы ўжо задумваліся пра стварэнне спецыяльных маршрутаў, але... пакуль што турыстаў проста няма куды везці. Старажоўскі мемарыял, вёска Заброддзе з яе знакамітым рупліўцам Барысам Цітовічам — і, бадай, усё!..

Калі б да гэтага больш чым сціплага спісу дапасаваўся вялізны мемарыял у Смаргоні ды яе ваколіцах, узвядзенне якога пакуль зацягваецца, сітуацыя вокамгненна змянілася б. Хочацца верыць, што так яно і станецца.

Пытанне, чаму турыстычнае кола Мінска не развівалася цягам дзесяцігоддзяў, мае верагодны адказ: не было выразнай матывацыі. Беларуская сталіца па-ранейшаму не ўспрымаецца намі як патэнцыйны турцэнтр — прынамсі, у глыбіні душы. І калі мы сустракаем на яе вуліцах групкі замежнікаў або чытаем натхнёныя водгукі на расійскіх форумах, дык усё яшчэ дзівімся, хаця такія выпадкі здараюцца ўжо нават не часта, а рэгулярна.

І таму Чэмпіянат нібыта заспеў нас знянацку. Натуральна, за тыя лічаныя месяцы, якія засталіся да яго пачатку, глабальных праблем ужо не вырашыць (што не скажаш пра менш затратныя захады — тое ж інфармацыйнае забеспячэнне). Але... як падаецца, тут зусім неабавязкова прывязвацца да нейкіх падзей. Балазе замежныя турысты ў Мінску былі, ёсць і будуць.

— У той жа Расіі ў нас ужо ёсць пастаянныя кліенты, — распавядае Анатоль Варава. — Прыкладам, адна кабета купляла туры па Беларусі разоў мо пяць, я ўжо пазнаваў яе ў твар. Апошнім разам не стрываў і спытаўся: скажыце, што вас сюды прываблівае? Гэта ж не якаясьці... А яна адказала проста: ведаеце, мне тут падабаецца...

Такіх кліентаў нельга расчароўваць. І менавіта яны павінны стаць стымулам для развіцця.