Дзе марозна, а дзе і марудна

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Вынікі міні-сезона навагодніх спектакляў
Адна мая знаёмая, апынуўшыся ў Мінску на пачатку снежня, выправілася ў тэатральныя касы, каб забяспечыць сваёй шасцігадовай дачцы навагоднія святы па-сталічнаму. На яе адразу накінуліся: маўляў, якая вы маці, калі толькі зараз па квіткі сабраліся, бо ўжо месяц таму ўсё было распрададзена. Мне, вядома, давялося яе супакоіць і накіраваць туды, дзе не толькі не ўсё распрададзена, але і расчаравання не будзе...

/i/content/pi/cult/463/9797/8-6.jpg

/i/content/pi/cult/463/9797/8-5.jpg

/i/content/pi/cult/463/9797/8-4.jpg

Пакінем па-за дужкамі этыку білетных касіраў і распаўсюджвальнікаў: гэта тэма для асобнай гутаркі ў кантэксце Года гасціннасці. Але пагодзімся, што навагоднія ранішнікі для тэатраў — магчымасць павысіць паказчыкі запаўняльнасці залы і атрыманых грошай. З эканамічнага пункту гледжання такія “спецпраекты” — адназначна прыбытковыя. (Пра гэта, сярод іншага, пісаў у “К” акцёр і рэжысёр Алег Чэчанеў у артыкуле “Пракат Новага года: свята тэатральнага маркетынгу і... дэфіцыту” ў №5 за 2013г.). А з мастацкага? Узнімаючы тэму літаральна штогод, з такой жа заўзятасцю даводзіцца канстатаваць, што мастацкія якасці “прадуктаў” для дзяцей аказваюцца рознымі...

Завітаў неяк ТЮГ у Музычны...

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры “круцілі” па чарзе два спектаклі. Адзін з іх — м’юзік-фэнтэзі беларускага кампазітара Алены Атрашкевіч “Чароўны гадзіннік, або Хто выратуе Новы год?”. Пастаўлены Настассяй Грыненка ў канцы 2011-га, ён знік з афішы пасля канікул. Але праз год аднавіўся — і так ужо трэці год запар. Шыкоўная музыка, не самы трывіяльны сюжэт (праўда, з некаторымі, як водзіцца, “нестыкоўкамі”), шмат “прыкольных” дэталей у пастаноўцы, запал саміх артыстаў — што яшчэ трэба? Ну, хіба штосьці новенькае “ў дадатак”. Асабліва ў разліку на заўсёднікаў тэатра, прывучаных да бурлівага папаўнення афішы. Таму сёлета да “... Гадзінніка” дадалася музычная казка “Марозка” расійскага кампазітара Уладзіміра Баскіна — таго самага, чый гусарскі вадэвіль “Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага” ідзе ў тэатры з канца пазамінулага сезона.

У прэм’еры “Марозка” занята скрозь моладзь. І гэтаму можна было б парадавацца, калі б не вынік. Бо раптам ловіш сябе на думцы, што проста патрапіў не ў той тэатр. Не ў наш Музычны, здольны да годнага ўвасаблення самых розных жанраў — ад мюзікла да оперы, а ў нейкі правінцыйны ТЮГ з усімі яго хібамі, уключаючы крыклівую манеру сцэнічнага маўлення, фальшывыя спевы, адсутнасць дакладных штрыхоў. Адзінае, што радуе, — добрая сцэнаграфія. “Карцінка”, намаляваная Любоўю Сідзельнікавай у лепшых традыцыях рускіх народных казак, выводзіць на першы план не толькі спалучэнне яркіх фарбаў, але і тонкую, “празрыстую” выцінанку, што стварае супрацьстаўленне рэальнага і фантазійна-летуценнага светаў. А вось у спевах, як і ў сцэнічных паводзінах герояў, не хапае адчування “нерва”, той унутранай энергетыкі, што надае рытмам пругкасць, а ўсяму выкананню (і, разам з ім, спектаклю) — адчуванне стыльнасці.

У сюжэце аказваюцца сплецены лініі некалькіх казак, у тым ліку “Дванаццаці месяцаў”. Але калі Марозка з’яўляецца ў атачэнні чатырох прыгажунь, чамусьці згадваеш усходніх шахаў з іх гарэмам. Пазней разумееш, што тыя дзяўчаты — поры года. Хіба нельга было растлумачыць гэта адразу, каб дзеці не запытвалі, чаму ў Дзеда Мароза адразу чатыры “няправільныя” Снягуркі? Ну, няма гэтага ў тэксце! Але ж кожны рэжысёр мае права на сваю пастаноўчую рэдакцыю.

Ад музыкі У.Баскіна зусім не патыхае старамоднасцю. Але спевы пад фанаграму не даюць маладым артыстам, спрактыкаваным працаваць не “пад мінус”, а з жывым аркестрам, неабходнага імпульсу. І нумары, якія маглі б быць “забойнымі”, ператвараюцца ў жуйку. А ўвесь спектакль, што ідзе ўсяго гадзіну, успрымаецца бясконцай “цягамоцінай”. Асабліва ў спалучэнні з папярэднім ранішнікам, дзе да дзяцей, акрамя Дзеда Мароза і Снягуркі, завітвалі таксама Гары Потэр і Герміёна. Часам складалася ўражанне, што артысты папросту не ведалі, што ім рабіць. А ў забаўках, прапанаваных дзятве, не было ніякага зачаравання (у перакладзе на “дарослую” мову — крэатыву).

Плакалі сняжынкі...

У ТЮГу паставілі да святаў спектакль, адпаведны надвор’ю: “Куды падзеўся снег?..” паводле п’есы Ксеніі Драгунскай “Тайна зніклага снегу”. Пастаноўка, пазначаная як “навагодні дэтэктыў” (у арыгінале п’еса трактавалася як “навагоднія бязглуздзіцы з добрым канцом”), развіваецца зусім не па гэтых законах. Замест “закручанага” разгадвання адной загадкі за другой — павучальная гісторыя пра тое, што трэба берагчы прыроду, не раскідваць смецце, бо іначай — не бачыць нам снегу. Здавалася б, у п’есе занатавана тая ж думка. Але, акрамя яе, там ёсць фантасмагорыя, элементы тэатра абсурду, уласцівыя творчасці расійскага драматурга і адначасова блізкія дзецям з іх неўтаймоўнасцю самых неверагодных прыдумак і фантазій. З пастаноўкі цалкам знік нават намёк на той абсурдызм. Затое з’явіліся бляклыя, прызнацца, асацыяцыі з камп’ютарнымі гульнямі і кінабаевікамі — у сцэне бойкі Заморскага Прынца з Іржавай Пачварай. Атрымаўся максімальна “рэалістычны” аповед з напластаваннем тэатральных штампаў, калі гледача імкнуцца “разварушыць”, а часам і “рассмяшыць”. Чорна-белы заднік з домікамі, быццам пазычанымі з сувенірных выяў Львова, так і не становіцца каляровым — чым не сімвал? Падумалася: можа, тыя касыя, пахілыя збудаванні — яшчэ і сімвал працяглага рамонту тэатра? Вось завершыцца рэканструкцыя — і ажывуць усе фарбы-складнікі сапраўднага мастацтва...

Дык каму тут сорам?

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапанаваў прэм’еру, пазначыўшы яе жанр як “больш, чым казка”, яшчэ на восеньскія канікулы. І, вядома, потым плённа пракатваў пастаноўку “А мне не сорамна!..” Л.Усцінава на зімовых. Гэта быў не “навагодні спецпраект”, а звычайны (насамрэч — самы незвычайны з усіх прагледжаных) дзіцячы спектакль. Зноў-такі, павучальны. Але пры тым — яшчэ і мастацкі, у поўным сэнсе слова. Калі ж мастацкасць выходзіць на першы план, астатняе ўспрымаецца як штосьці абсалютна натуральнае.

Дык што ж такога мастацкага? Здавалася б, звыклы набор лясных звярушак, якія ўжо надакучылі ў гарадскіх спектаклях на “сялянскую” тэму (ну, дзе сталічнаму дзіцяці ўбачыць тых звяроў, акрамя мульцікаў ці заапарка?), звыклая тэма падарожжа ў пошуках чагосьці. Вось тут і пачынаецца — нават не ўласна мастацкасць, а спачатку... абстрактнае мысленне, якога, як лічыцца, дзеці пазбаўлены. Сярод дзейных асоб — Сорам, падобны да добрага мульцяшнага прывіда Каспера, толькі іграе яго не хлопец, а “сарамлівая дзяўчынка” Ганна Семяняка. Але справа не ў дэталі, а ў тым, што пастаноўку ажыццяўляла Кацярына Аверкава. Яна выступіла рэжысёрам, мастаком і “выдумшчыцай” музычнага афармлення.

На нашых вачах з анічога ўзнікае ўсё. На мове спецыялістаў гэтаму ёсць тэрмін — мінімалізм. На мове дзяцей — гульня, бо любы прадмет ці чалавек можа ператварыцца ва ўсё, што заўгодна. Уласна кажучы, спектакль з гэтага і пачынаецца: некалькі хлопцаў і дзяўчат, сабраўшыся на сцэне і падштурхоўваючы адно аднаго ў пошуках “самага смелага”, раптам ператвараюцца ў артыстаў. А тыя — у дзейных асоб, прычым не ўсе адразу, а паступова, у неабходныя па сюжэце моманты: дастаткова дадаць да свайго сцэнічнага строя тую ці іншую дэталь. Атмасфера гульні падтрымліваецца і тым, што ніводны з артыстаў цягам спектакля амаль не пакідае сцэну. Толькі хтосьці на той ці іншы момант — чарговы герой, якога сустракаюць звераняты-падарожнікі, а хтосьці — удзельнік агульнай гульні, ніколькі не пакрыўджаны роляй “дай-прынясі”. Ніякага “багацця дэкарацый”, шыкоўнасці-гламурнасці, на якія можна глядзець, разявіўшы рот і забыўшыся пра ўсё на свеце. Толькі гульня, да якой хочацца далучыцца. Спектакль ідзе амаль дзве з паловай гадзіны, а разам са “скокамі пад ёлачкай” (вельмі простымі, але папраўдзе “заваднымі”) — усе тры. Час пралятае на адным дыханні. Прычына — магія гульні і звязаных з ёй пераўтварэнняў.

Па такіх жа “гульнёвых законах” і прынцыпах мінімалізму будуецца музыка — дакладней, жывая фонасфера спектакля. Яна нараджаецца з НЕмузыкі, нейкіх шоргатаў-цоканняў, іншых незразумелых гукаў — праз паўторы асобных рытма-інтанацыйных фігур, далучэнне ўсё новых ліній і ўдзельнікаў. Акурат такі мінімалізм сёння — адна з самых запатрабаваных тэхнік пісьма ў найноўшых акадэмічных творах.

Кожны герой — са сваім характарам, размоўнай манерай, пластыкай, хадой. Сцэнічныя строі — быццам бы простыя, але сучасныя і стыльныя. Самым, бадай, “модным” аказваецца Воўк — дык ці ж можна пакінуць яго адмоўным персанажам? Лепей перавыхаваць, вярнуўшы яму Сорам.

А яшчэ кожнае дзіця, якое наведала спектакль у святочныя дні, атрымлівала на выхадзе падарунак — нейкую цацку-сюрпрыз. Дробязь, а ўспамінаў — на ўсё жыццё...

На здымках: сцэны са спектакляў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"