Каза без сала памірае...

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

13 студзеня сябры РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" далучыліся да шчадравання ў аграгарадку “Дзятлавічы” Лунінецкага раёна. Дырэктар мясцовага Дома культуры Алена Яскевіч падтрымлівае традыцыйную культуру роднай вёскі. Акрамя шчадравання 13 студзеня, у Дзятлавічах ладзяцца Гуканне вясны на Дабравешчанне (7 красавіка), Ваджэнне куста на Троіцу, а таксама Купалле.

/i/content/pi/cult/463/9795/10-7.jpg

Шчадраваць пачынаюць, калі на дварэ цямнее. У гурце шчадроўнікаў ходзяць Засявальніца, Каза, Мядзведзь, Цыган з Цыганкай, Механоша і Зорканоша, гарманіст і нават Дзед Мароз, што грае на бубне. Акрамя гурта з Дома культуры, пад час абыходу нам сустрэлася яшчэ 5 калядных гуртоў, пераважна дзіцячых, але быў і адзін гурт, што складаўся з падлеткаў.

У аграгарадку побач з драўлянымі хатамі за традыцыйным штыкетнікам сустракаюцца новыя цагляныя дамы за жалезнымі платамі. Брамы, што звычайна зачыненыя, у Шчодры вечар гаспадары не замыкаюць, чакаючы гурты шчадроўнікаў.

На кожным падворку шчадраванне пачынаецца са звароту да гаспадароў, іх заклікаюць выйсці на ганак. Як толькі дзверы хаты адчыняюцца, Засявальніца абсыпае тых, хто выйшаў, жытам са словамі «Сею-сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!» Потым гурт пытаецца: «Песню спяваць ці так каляды дасцё?» Звычайна гаспадары просяць паспяваць, некаторыя запрашаюць у хату, дзе гурт чакае невялічкі стол. Калі спяваюць на вуліцы, то абмяжоўваюцца адной — дзвюма песнямі. У хаце спяваюць больш, Каза скача, потым «памірае» і «ажывае» толькі тады, калі гаспадары кладуць у мех сала. Акрамя таго, даюць печыва, цукеркі, "медавуху". Пад канец абыходу Механоша аддае мех з накалядаваным Мядзведзю, самаму маладому і дужаму хлопцу ў гурце.

Завяршаецца шчадраванне ўзаемнымі зычаннямі дабрабыту між гуртом шчадроўнікаў і гаспадарамі.

Бывала так, што гурт Дома культуры выходзіў з хаты, а насустрач, у тую ж хату, адразу заходзілі шчадраваць дзеці, якіх гаспадары частавалі пераважна цукеркамі. Дзеці, ў асноўным, ходзяць, не пераапранаючыся ў калядных персанажаў.

Такім чынам, можна сказаць, што ў аграгарадку “Дзятлавічы” абрад шчадравання застаецца ў жывым бытаванні, а Шчодры вечар для жыхароў з’яўляецца сапраўдным святам. У гэты дзень прынята, заходзячы ў хату, віншаваць гаспадароў са святам, калі сцямнее, вітаюцца: «Добры вэчор! Шчодры вэчор!» Калі ў госці ідуць некалькі чалавек, то імкнуцца, каб першым у хату зайшоў мужчына. Гэта лічыцца добрай прыкметай і праявай ветлівага стаўлення да гаспадароў, асабліва тых, што ва ўзросце. Правіла «Першым у хату заходзіць мужчына» ў Дзятлавічах прытрымліваюцца, акрамя Калядаў, і ў іншыя вялікія святы.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Фота Аляксея ПІСКУНА