Патэнцыял этнасу

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Аляксей РАГУЛЯ, кандыдат філалагічных навук, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Сацыяльная значнасць шасцітомнага выдання матэрыялаў сучаснай сялянскай субкультуры “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” (гаворка пойдзе пра шосты том “Гомельскае Палессе і Падняпроўе” ў дзвюх кнігах) можа быць акрэслена толькі ў працэсе грунтоўнага яе даследавання і асэнсавання ў нацыянальным гісторыка-культурнага кантэксце, на фоне агульнай карціны самасцвярджэння беларускага этнасу ў культурнай гісторыі Еўропы.

/i/content/pi/cult/463/9794/10-6.jpgУкладальнікі і аўтары асобных раздзелаў — А.Боганева, Т.Валодзіна, М.Козенка, В.Лабачэўская, І.Смірнова — стаяць на пазіцыі комплекснага падыходу ва ўспрыманні і даследаванні фальклору. Гэтаму прынцыпу адпавядае не толькі структура выдання, але, у пэўнай ступені, і аналітычныя матэрыялы ўкладальнікаў. Названы шасцітомнік дае падставы для таго, каб забяспечыць на навуковай аснове пераход ад тэхналагічнага (сэнса-маторнага, пераймальнага) асваення карагодаў, танцаў, гульняў, ткацтва, музычнай і маўленчай культуры да рэфлексіўнага, канцэптуальна-парадыгмальнага.

Анталогія народнай культуры сучаснага Гомельскага Палесся і Падняпроўя на практыцы дэманструе перспектыўныя магчымасці пераадоленага ізаляцыянізму, у якім стараюцца ўтрымаць фальклор (народную мудрасць), у тым ліку і праз нігілізм постмадэрнасці. Беларускі культурны прарыў у пачатку ХХ ст. пачынаўся на аснове інтэграванай канцэнтрацыі духоўных сіл нацыі, напластаваных у яе слоўнай, музычнай, харэаграфічнай культуры. Сінтэз, які ў павярхоўным рацыяналізме атаясамліваўся з неразвітасцю, адкрываў шлях да новага разумення творчага патэнцыялу беларускага этнасу. Аналагічнае разуменне было арганічным для такіх пачынальнікаў, як Ігнат Буйніцкі і Уладзіслаў Галубок.

Працягам заснаваных імі традыцый сёння з’яўляецца дзейнасць Міколы Козенкі, які здолеў семіётыку народных карагодаў і танцаў трансфармаваць у праксіс “Танцавальны фальклор”. Заснаваны ім рух “Берагіня”, дзе спалучаюцца творчыя інтарэсы дзяцей і юнацтва, — гэта яшчэ і магутны прарыў беларускай педагагічна-асветніцкай думкі на абсягі новай чалавечай сітуацыі, вызваленай ад бруду перверсіі і баналізацыі. Аснову выканальніцкага стылю Козенкі складае сукупнасць такіх кампанентаў, як лексіка, форма, прасторавы малюнак. Круг пры гэтым увасабляе філасофскае адзінства быцця, у якім рэальная яго шматграннасць на Гомельшчыне ўвасабляецца ў вогненнай віхуры найперш “полек да ўпаду” ці “Лявоніхі”. Мікола Козенка — адзін з нямногіх харэографаў, якія аддаюць перавагу не знешнім эфектам, а анталагічным сэнсам і псіхалагічнай дынаміцы, далучаючы тым самым эмоцыі гледача да духоўнага дзеяння выканаўцаў.

Новую старонку ў гісторыі беларускага панэстэтызму адкрываюць у кнізе працы Ірыны Смірновай “Традыцыйнае адзенне” і Вольгі Лабачэўскай “Традыцыйны народны тэкстыль”. Знаўцам беларускага мастацкага слова добра вядомы старонкі нацыянальнага ліраэпасу, у якім апаэтызавана нялёгкая праца аратага, сейбіта, касца, жняі. У “Новай зямлі” Якуба Коласа яго героі ў гумне на таку “не малоцяць — імшу правяць”. І. Смірнова раскрывае высокі строй эстэтычных пачуццяў, якімі суправаджаецца ўвесь комплекс працоўнага дзеяння, звязанага з ільном. Гэта была жаночая праца, пачынаючы з праполкі, уключаючы ручное церабленне, біццё галовак на таку, рассціланне трасты на лузе і яе пад’ём, часта з-пад заледзянелай вады. Затым была цяжкая і пыльная работа з церніцай, трапанне і розныя апрацоўкі льну шчоткамі. Аднак усе гэтыя клопаты — нішто ў параўнанні з сонечным святлом ручайкі залацістага кужалю. Ірына Смірнова прыводзіць выказванні пра крой, у якім прасочваецца павышаная цікавасць у жаночым паясным адзенні да вертыкальнай складкі, да ўзвышэння — пры ўсёй павазе да ўсеагульнай маці-зямелькі. Назіранні даследчыцы даюць падставы для таго, каб паставіць пытанне пра мадыфікацыі гатычнага стылю ў каноне побытавай беларускай культуры. Вертыкальныя складкі андарака ў спалучэнні з гарсэцікам, з чаравікамі на павышаным абцасе і з падоўжанымі халяўкамі ствараюць павеўную (Янка Купала) мадэль жаночага хараства.

У працы Вольгі Лабачэўскай “Традыцыйны народны тэкстыль” перавага аддаецца сакральнаму зместу ручніка, посцілкі, вышыўкі, рытуальным дзеянням. Збіральніцкая актыўнасць даследчыцы здзіўляе размахам і вынікамі. Духоўныя і містэрыяльныя функцыі народнага тэкстылю, сімволіка паэтыкі, адраджэнне тэхналогіі, інтэрпрэтацыя вобразнай сістэмы яе творцамі — гэта асноўныя моманты ў навукова-пошукавай дзейнасці Лабачэўскай. Яна не хоча змірыцца з тым, што скарбы беларускай душы могуць навекі застацца ў бабуліных куфрах. Створаная даследчыцай своеасаблівая энцыклапедыя народнага тэкстылю скіравана на рэстаўрацыю тэхналогій. Адначасова ствараецца надзейны грунт і для тэарэтычнага асэнсавання патэнцыялу беларускага духу ў справе пераадолення тупікоў сучаснай цывілізацыі.

Аналіз сабраных Аленай Боганевай і Таццянай Валодзінай скарбаў вуснай прозы ставіць сучасную фалькларыстыку, сацыяльную філасофію і літаратуразнаўства перад неабходнасцю вырашыць праблему супольнага і індывідуальнага суб’екта культуры. Зразумела, што на гэтым напрамку давядзецца перагледзець многія падыходы традыцыйнай парадыгмы. Даследчыцы ўжо зрабілі на гэтым напрамку першыя крокі — вызвалілі думку ад грузу народніцкага замілавання і квазірамантычнай кампліментаршчыны. Наперадзе — дарога да інтэграванай беларускай антрапалогіі, рух ад нацыянальнай ідэі да нацыянальнай дактрыны.

Фота Юрыя ІВАНОВА