Аўтарытэт Раманюка

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

У галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў днямі адкрылася выстаўка, прысвечаная памяці Міхася Раманюка (1944 — 1997). Яна мае назву “Імя працягвае жыць…” І гэта сапраўды так.

/i/content/pi/cult/463/9787/14-5.jpg

Магу засведчыць, тыя, хто мелі з ім сяброўскія ці творчыя стасункі, дагэтуль знаходзяцца пад уплывам асобы Раманюка. Яны часта згадваюць яго ў размовах, спасылаюцца на ягоны аўтарытэт, каб давесці слушнасць сваіх меркаванняў. Звонку выглядае так, нібыта гаворка ідзе пра кагосці, хто на хвіліну адышоў, але зараз вернецца, каб далучыцца да сумоўя.

Такое пачуццё было ў мяне на адкрыцці выстаўкі. Грамада сабралася немалая. Большасць — тыя, хто Раманюка ведаў. Гэта вучні і калегі. Адкрыў імпрэзу рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. Ён Міхася Фёдаравіча ведаў як загадчыка кафедры гісторыі і тэорыіі мастацтваў Акадэміі. З успамінамі пра настаўніка і калегу выступілі Яўген Шунейка, Валянціна Бартлава. Як пра першага рэдактара часопіса “Мастацтва” пра Раманюка распавядала Людміла Грамыка — рэдактар цяперашні. У выступленнях былі ў агульных рысах асветленыя бадай усе чыннікі ягонай шматграннай дзейнасці: мастак, майстар фатаграфіі дакументальнай і пастановачнай, навуковец, збіральнік гістарычных артэфактаў — знакаў вясковага побыту, журналіст з адметным стылем.

Міхась Раманюк быў чалавекам выключнай працаздольнасці. Тое, што ў спрыяльных умовах робіць цэлы навуковы інстытут, ён рабіў адзін. Згадаць хоць бы кнігу-альбом “Беларускае народнае адзенне”.

Мне ў студэнцтве давялося бачыць Раманюка ў рабоце. Я двойчы браў удзел у экспедыцыях, якія ён ладзіў. У тыя часы я, студэнт-дызайнер, меў добрыя стасункі са студэнтамі аддзялення мастацкай аздобы тканін і мадэлявання адзення, у якіх Міхась Фёдаравіч выкладаў. Народныя матывы стала прысутнічалі ў іхніх курсавых і дыпломных работах у значнай ступені дзякуючы Раманюку. Праз стасункі з тымі студэнтамі я і трапіў у ягоную каманду.

Я дагэтуль не разумею, ці то ён загадзя падрабязна распрацоўваў маршрут і трымаў яго ў галове, ці то гэтыя вандроўкі былі чыстай імправізацыяй, пабудаванай на інтуіцыі. Цягніком, аўтобусам, пехатою, зноў аўтобусам… І ўсё па мясцінах, пра наяўнасць якіх на карце Беларусі я, карэнны мінчанін, тады нават і не здагадваўся. Самае цікавае, што вандровак без плёну ў Раманюка не было. З кожнай ён прывозіў унікальныя фотаздымкі і артэфакты.

Усе, хто прычыніўся да ягонай справы, хто з ім вандраваў па вёсках, потым здолелі зрабіць для Беларусі нешта прыгожае і карыснае — Тамара Васюк, Яўген Шунейка, Юрый Піскун, Вольга Дзёмкіна, Святлана Абрамовіч, Людміла Валеева…. Я называю тых, з кім сам быў у вандроўках. А іх нашмат болей.

Міхась Раманюк — постаць фенаменальная. Традыцыйнае мастацтва, што ён усё жыццё вывучаў і прапагандаваў у 1970-х — 1980-х, на якія прыпадае пік ягонай творчасці, многімі трактавалася як праява маргінальнасці — гэткай “местачковасці”, як казалі тады. Раманюк жа здолеў зрабіць яго нацыянальным брэндам, падмуркам для актуальных тагачасных мастацкіх кірункаў у прафесійнай сферы.

Выстаўка, што зараз экспануецца ў галерэі “Акадэмія”, сведчыць: уплыў гэтай асобы на культурны працэс і сёння вельмі значны. І не толькі на творчасць прадстаўнікоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое ў нас звычайна грунтуецца на традыцыі, але на сферы і плыні, якія натуральна пасуюць міжнароднаму стылю.

На здымку: пад час экспедыцыі Міхася Раманюка (стаіць першы злева) у вёсцы Залужжа на Старадарожчыне, сярэдзіна 1970-х.

Фота з архіва аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"