Ефрасіння Іванаўна

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Пад час фальклорнай экспедыцыйнай працы найперш шукаеш старэйшых людзей, якія памятаюць песні сваёй вёскі. Сталы век — гэта і вялікі жыццёвы досвед, і народная мудрасць. З адной такой жанчынай і хачу пазнаёміць. Гэта Ефрасіння Іванаўна Дзямчыхіна, жыве яна ў Неглюбцы, што ў Веткаўскім раёне.

/i/content/pi/cult/463/9786/14-1.jpg

/i/content/pi/cult/463/9786/14-2.jpg

/i/content/pi/cult/463/9786/14-3.jpg

Ефрасіння Іванаўна — адна з лепшых мясцовых спявачак. У 1980 годзе разам з іншымі неглюбчанкамі ездзіла ў Маскву, дзе іх песні запісвалі на Усесаюзнай фірме грамзапісу “Мелодыя” (потым некалькі песень былі выдадзены на грампласцінках). Ейная хата і сёння прыбрана цудоўнымі ручнікамі, якія яна рабіла сама. Але ж пра сваё жыццё ніхто лепш за яе саму не раскажа, таму і прыводжу тут ейны расповед. Як кажа Ефрасіння Іванаўна, “ета як штобы спісаў маю жызню ету ўсю, дак бы наверна вот такую во ў кніжку ўсё не ўлезла!” У запісе захоўвала адметнасці жывой гутарковай мовы, пад нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы не падганяла, бо тады шмат страцілася б. Шкада толькі, што на пісьме не перадаць увесь каларыт гаворкі. Дарэчы, магчымасць пачуць сапраўдную жывую дыялектную мову таксама прываблівае мяне ў фальклоры.

І яшчэ. У 2011 годзе гомельскія газеты пісалі: кіроўца тралейбуса загінуў пад коламі машыны са свайго парку... Праз некалькі месяцаў даведалася: гэта быў сын Ефрасінні Іванаўны. Ужо трэці год яна спявае толькі ў царкоўным хоры...

Пра песні

— Як спявалі нашыя бабы, такжа і мы пашлі па іхняму пакаленію. Другога нічога такога не было. Тады пелі жніво, палонне, еслі ўжо поляць, дак пелі. А так жа не збіраліся, як мы сабяромся кучаю. Мы ж ужо як савряменныя песні пяём, вечар пяём, часоў да дзесяці. Тады ўжо ўсё сяло слухае, як мы пяём. А так у нас, як на Хутары (частка Неглюбкі. — І.Г.) мы пелі, нідзе так не пяюць!

У калхозі жалі ж мы па дзве, па тры, па чытыры чалавекі — паласу займуць. Ну, і пяюць жа ўсі тады. Тады ужэ так красіва, што расслухаюцца, як пяюць. На жніво хто ўмеў, дак і адзін занімаў постаць. Дак еслі голас, пяюць па ўсёй гарэ. А хто няма ніякага голаса, дак маўчыць, жне і жне ўсё. А мы ўсё у чатырёх жалі, тожэ ж, быстро жалі. То ў мяне свякруха, яна як хапане жменю, дак быстро то жала. Ну, мы ўжо тут ужо пяём усе ўмесце. А тады па гарэ па ўсёй, ідзе ўжо хто, можа хто, еслі ўжо ўмеюць, то пяюць. Адну песню, а можа, хто і другую. Ужо ж ня прыслухаісся, якую. Чуеш, хто-та пяе, ну і мы пяем. Хто-та “Жнеі мае маладыя, жнеечкі мае маладзенькіе”, “Заячка дай па жыцечку, дай па чыстам полю”, а тады “Зажурыўся да мой татачка да па маёй горькай долі”.

Ціха ня пелі. Врэмя якое ё, дак пабурчыш ціхенька. А я ціха не любіла, я ўсё любіла, штоб у меня на ўвесь голас. Я ўчылася… Кажа, песня пяецца: «Я прапела, прагуляла сваю долю наўсягда, штоб ня пела, ня гуляла, можа б, долячка была». Я змалку начала, куды іду, ў шчавель іду, і пяю. Куды ні йду, ў поле, ўсё й пяю, адна! І пяю на ўсю галаву! Я ўжо як паднялась ужо ў дзетстве на ўсё на етае. Гусей, кажу, пашчу, і пяю на ўсё балота. Я ж табе кажу, прапела ўсё, мужыка (мужа. — І.Г.) прапела, сына. Мужыку было 21 год, як памёр. Ужэ Лёша, трэці год ужэ пашоў. Я ужо пахавала сына, так ужо ўсё. У гэтым дзеле ужо ня ўчаствую. Ні песян, нічыво...

Як унукаў вучыць

— Унукі прыязджаюць, да яны так ужо ўсё ў мяне пытаюць, а я ўсё ім расказваю, а я іх ўсё ўчу. Дружыце, дзеткі, дружыце, з хлопцамы дружыце. Толькі, гаварю, глядзіце. Гаманіце з усімы, гаварю, ня грэбуйце нікім. Кажу, ў мене такія былі хлопцы, што на яго глядзець нельзя было, а я яго на первае места, кажу. У нас хатка была такая, што маленькая, яшчэ я дзеўкай была. Прыйдуць, а тады ж галадоўка яшчэ была, дак у бульбу ўсё гнілую хадзілі. Я пайду, бульбу тую нанашу, бульбы гнілыя, такая лаханка. Матка-пакойніца намые яе, а аны сабяруцца ўжо, прыходзяць. Я гаварю, ну, ребяткі, Хвёдаравіч, давай-ка, кажу, арганізую. Ён, ну-ка, хлопцы, давайця! Сядуць кругом тыя лаханкі, за адну мінуту палупяць. Дак ешчэ сечас адзін, каторы прыходзіў мене ў сваты, дак, жывы шчэ. Дак ўсё так, ох, змяя, ох, змяя, хітрая была, ой, змяя! Я кажу, как жа, нада быць хітрай, ня дурной! Во. Дак вот за ета так і любяць жа хлопцы. Еслі ты, ну, не любіш ты яго, ну, ня хочу, што ён паўз мяне шархаецца. А я ўсё раўно яго, пабач, што называю. Ну, прыйдуць, кажу, ой, мае вы, кажу, дарагія мае, залатыя хлопчыкі, кажу, ну, няма места, садзіцеся хоць. А мост (падлога. — І.Г.) ужэ някрашан, тады ж не красілі, а мост у нас быў, асінавы. Я яго вымыю, ён быў як ета во марля, такі белы. Садзіцесь, гаварю, на мост. І на мост пасадзяцца, і сядзяць гуляюць. Вот так. Вот такі ў мяне быў харакцер, падход.

Пра празрывага

— Нам расказвалі нашы маткі, Надула — такі быў чалавек. Ужо змёрлі яго і ўнукі, і праўнукі. Ён, у нас пасёлак быў, Расуха называлась, ён у Расусе жыў. Як вам сказаць, начытаны быў, празрывы, што ўсё ён знаў. Ці яно там напісана было, ці ён усё знаў так. Сабярэ ж дзяцей і кажа: вот пойдзя зялезны (жалезны. — І.Г.) конь па полю. Эта будзя трактар, трактар пойдзя, і папаша. Гара з гарой сойдзецца, пазапахваюць і сцежкі, і дарожкі ўсе. Яно ж праўда, ужо ўсё тут пазапахана. І паляціць птушка зялезная — ета самалёт. І абаўецца ўвесь свет павуцінай — эта ўжо провад, у нас усё ж у правадах. І гаворя, папашуць, і хлеба ня будзя. Адна дзежка будзя, ета цеста будуць, і адна печ на ўвесь мір. Яно ж і ё так. Мы счас не пяком, мы ж тады пяклі самы хлеб. Як бальшыя былі сем’і, па 25 чалавек было ў сям’і, пяклі кажды дзень хлеб. Яно ж усё спольнілася.

...А пра гарады ён казаў, што як будуць іціць у горад, будуць плысць, як павукі, і будуць із горада так іціць у дзярэўню. Дык яно і будзя так. Ешчэ, дзеткі, будзя ўсяго, вы шчэ маладыя, шчэ будзя. Таво што работаць у нас ужо некаму. Хто ў нас будзя работаць? Ета ўжэ анвалід, яна ня сея ўсадзьбы. Я ўжо тож такая ніякая, што глядзі, ні сёння-заўтра звалісся. Ну, і няма нікога. Во на етай уліцы толькі два двары, мужык і жонка. А то ўсё такія, 84 гады, 80 во саседка. На етай вуліцы пяць чалавек жыве, па аднаму...

Занатавала Ірына ГЛУШЭЦ, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

На здымках: Ефрасіння Дзямчыхіна ў агульным карагодзе на Стралу і дома.

Фота Марыі ТУЛЬЖАНКОВАЙ