Крэўскі друз — на сувеніры?

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Акцыя "К": журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Колькі рэцэптаў па вырошчванні Дрэва радасці
Едзем далей. Гродзеншчына вітае санлівымі туманамі. Не паддаемся настрою і рушым да новых сустрэч. Журналісцкая справа тым і прываблівае, што рандэву нават са старымі знаёмымі кожны раз прыносіць непадробныя эмоцыі, яркія ўражанні, чарговыя тэмы для нашых артыкулаў. Праўда, гэтым эмоцыям і ўражанням не стае іншым разам паўнавартаснага станоўчага зараду. Але і такая акалічнасць — неад’емная частка журналісцкай справы, галоўная задача якой не шукаць недахопы, а аб’ектыўна аналізаваць іх вытокі.

/i/content/pi/cult/462/9785/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/462/9785/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/462/9785/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/462/9785/10-4.jpg

/i/content/pi/cult/462/9785/10-5.jpg

/i/content/pi/cult/462/9785/10-6.jpg

/i/content/pi/cult/462/9785/10-7.jpg

Каранацыя Міндоўга адмяняецца

У Смаргонскім раёне не маглі абмінуць ці не галоўную яго славутасць — вёску Крэва. Вітаўт, Кейстут, Ягайла… Менавіта пад мясцовай замкавай засенню нараджалася беларуская дзяржаўнасць. Менавіта тут, на нашу думку, павінен пабываць хоць раз у жыцці кожны беларус. Каб прасякнуцца, адчуць і не забыцца. І на гэта, як падаецца, павінны працаваць усе структуры і знакамітай вёскі, і Смаргоншчыны ў цэлым. Але ці працуюць?

Маем на ўвазе не толькі якасць захавання ўнікальных замкавых рэшткаў, якія, на вялікі жаль, стаміліся змагацца са стагоддзямі. Крэва па згаданых вышэй прычынах даўно ўвайшло ў турыстычныя маршруты па Краіне замкаў. Плошча пасёлка з гэтай нагоды няблага добраўпарадкавана. А вось сувеніраў прыдбаць тут пакуль немагчыма. Чаму? Як распавядаюць самі вяскоўцы, у краме «Прамень» час ад часу можна набыць кніжку мясцовага краязнаўцы Аляксандра Камінскага. Але гэта хутчэй ініцыятыва самога краязнаўцы. Рушым познім надвячоркам у Крэўскі цэнтральны дом культуры, які вабіць святлом вокнаў. А раптам тут можна пабачыць і прыдбаць сувеніры, звязаныя з гісторыяй сівых муроў? Не...

Дырэктар установы Жанна Бартош распавядае, што калісьці адпаведны дзіцячы гурток быў, але кіраўніца яго звольнілася. Так што адзіным рэальным сувенірам у Крэве які ўжо год запар застаецца замкавы друз, і яго з часам становіцца ўсё больш…

А ці прысутнічае гістарычна-архітэктурны брэнд у дзейнасці клубных работнікаў? "З пераменным поспехам", — кажа Жанна Мікалаеўна. Замкавы антураж пастаянна выкарыстоўвае аматарскае аб’яднанне "Крыўляначка" (у асноўным мясцовыя школьніцы). Разам з літоўскімі калегамі ля пашанотных замкавых рэшткаў кожны ліпень ладзілася рэканструкцыя каранацыі Міндоўга. Два гады як мінула, літоўцы да справы падастылі. Са знакавых святаў-анімацый засталося толькі падпісанне Крэўскай уніі ў жніўні. Не густа…

У Крэве, як распавядае кіраўнік клуба, — больш за 600 жыхароў. Гадавы план платных паслуг у ЦДК таксама немалы: 32 мільёны рублёў. Але нават няўзброеным вокам заўважна: заданне — невыканальнае. Дыскатэкі цяпер — не ў пашане. Аднак нельга сцвярджаць, што ЦДК рукі апусціў. Наадварот, увечары зала запоўнена дзецьмі і моладдзю, якія з задавальненнем прыходзяць сюды на шматлікія рэпетыцыі і ў самыя розныя гурткі. Дый новыя віды платных паслуг з’яўляюцца пастаянна. Да прыкладу, навагоднія падворныя віншаванні каштавалі вяскоўцам па 20 тысяч рублёў. Аднак на канец мінулага года выканана была толькі палова даведзенага плана. Але ніякім чынам не абвінавачваем у гэтым Жанну Бартош. Урэшце, планы павінны быць гэткімі ж рэальнымі, як і магчымасці сельскіх работнікаў культуры.

Пераадолеўшы цёмны калідор (наша падарожжа прыпала на апошнія дні Года беражлівасці), завітваем да мясцовай бібліятэкаркі, маладога спецыяліста Наталлі Міранюк. З размовы высвятляецца — праца дзяўчыне падабаецца, ды і жыллё карэннай крэўчанцы здымаць не трэба.

Узначальвае бібліятэку Наталля ўсяго толькі трохі больш за год, і тым не менш, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, збіраецца мяняць працу. Прычына традыцыйная — вельмі нізкі заробак. Не выпадкова зараз Наталля завочна атрымлівае яшчэ адну вышэйшую адукацыю — эканаміста-лагіста…

Пакуль жа праца ідзе сваёй чаргой. Паціху выконваюцца платныя паслугі (найперш, за кошт прапановы насельніцтву паслуг сканавання, набору тэксту на камп’ютары, карыстання Інтэрнэтам). Дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Сучасніца”, удзельнікамі яго з’яўляюцца пераважна сталыя жыхары Крэва. Па словах Наталлі Міранюк, вельмі любяць прыходзіць у бібліятэку і дзеці, у тым ліку на сустрэчы з тым самым краязнаўцам Аляксандрам Камінскім. Калі ж казаць пра літаратурныя густы мясцовых жыхароў, то, як адзначыла бібліятэкарка, чытаюць у асноўным мастацкую літаратуру, аднак, як ні дзіўна, ігнаруючы сваіх выдатных пісьменнікаў-землякоў.

І апошні нюанс крэўскіх уражанняў: чытачоў у мясцовай бібліятэцы мы не сустрэлі. На тое нам знайшлі свае тлумачэнні. Перад бібліятэкай якраз размясцілася ажыўленая траса, што злучае Крэва з Ашмянамі. А таму вечаровы візіт у бібліятэку (асабліва ўзімку і ўвосень) для дзяцей можа быць небяспечным нават пры наяўнасці флікера.

Не лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Упершыню я разам са сваімі сынамі пабываў у Крэве больш за дваццаць гадоў таму. Як мог, апавёў ім пра замкавыя сцены, якія тады былі значна вышэйшымі. Мы стаялі ўзрушанымі пасярод комплексу, ва ўнутраным двары, які быў пакрыты спрэс друзам чырвонай замкавай цэглы. Я ўпотай паклаў у кішэню кавалачак ці не тысячагадовага Крэва. Было сорамна: калі кожны турыст займее такі сувенір, што ж тады застанецца ад цэнтра беларушчыны. Але крамных, яркіх і прывабных сувеніраў мясцовы гандаль не прапаноўваў і па тым часе. Крыўдна, але за гэтыя гады нічога не змянілася. А той кавалачак Крэва «жыве» ў нас і па сёння. Як напамін пра тое, што мы мелі і што згубілі.

Калі і воўк — даспадобы

А вось і Ашмянскі раён. Сюды заўжды прыемна прыязджаць. У тым ліку і таму, што аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі кіруе тут Галіна Балінская — далікатная, інтэлігентная і дасведчаная. Хоць і прыхварэла Галіна Іванаўна на той час і ляжала ў бальніцы, але яе клопат мы адчувалі цягам усяго прыбывання на Ашмяншчыне. У гэтым, напэўна, і заключаецца высокі прафесіяналізм работніка культуры, які і з бальнічнага ложка ўпэўнена каардынуе працэсы ў раёне. Прыемна прыязджаць на Ашмяншчыну яшчэ і таму, што тут няма недахопу на брэндавыя творчыя праекты. «К» пісала ў свой час пра трансгранічныя стасункі мясцовага аддзела для ўдасканалення музейнай справы…

І вось ужо два месяцы, як з 15 лістапада, пасля некалькіх гадоў рэстаўрацыйна-рамонтных работ мясцовы краязнаўчы музей пачаў сваю працу. І хоць дырэктар музея Настасся Навіцкая папярэджвае, маўляў, далёка не ўсе працы завершаны, аднак нават нашаму пільнаму журналісцкаму воку няма да чаго прычапіцца ды за штосьці паўшчуваць. Нават без афіцыйнага адкрыцця людзі цікавяцца новай установай, прыводзяць дзяцей.

Гэта пры тым, што пакуль рэкламу музея нельга ўбачыць на старонках мясцовых газет, але, як запэўнівае дырэктар, неўзабаве пачнецца шырокае асвятленне дзейнасці музея. Тое, што без рэкламы нікуды, Настасся разумее цудоўна. Арыфметыка тут простая. У Ашмянах жыве прыкладна 15 тысяч чалавек, траціна з іх — школьнікі. Усе яны змогуць пазнаёміцца з музеем літаральна за адзін год. А што потым? Таму невыпадкова ў 2014-м музей плануе актывізаваць працу з турфірмамі. Думаецца, што ў гэтай справе прыдасца досвед леташняй стажыроўкі ў Польшчы, прысвечанай справе папулярызацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Апрача рэстаўрацыйна-рамонтных работ музей змяніў і канцэптуальна-экспазіцыйнае аблічча. Новыя экспазіцыі пабудаваны на аснове тэматыка-экспазіцыйных планаў, створаных уласна навуковымі супрацоўнікамі музея. І толькі само размяшчэнне аб’ектаў стала клопатам мастакоў. Так, два гады заняла праца над залай прыроды. За гэты час у фірмы, якая займалася яе афармленнем, узніклі фінансавыя праблемы. У выніку апошнія штрыхі давялося даводзіць музейшчыкам сваімі сіламі. Да слова, штат музея складаецца з дырэктара, двух навуковых супрацоўнікаў, фондазахавальніка, а таксама мастака на палову стаўкі і дазорцы-наглядчыка.

Адмыслова для залы прыроды за грантаўскія грошы закуплена сучасная тэхніка: праектар, маніторы, сістэма агучвання, шыкоўная акустычная сістэма.

Уражвае і Турысцка-інфармацыйны цэнтр, створаны на базе музея таксама за сродкі грантаў Еўрасаюза. Цэнтр працуе ўжо некалькі месяцаў. Кожная вітрына аформлена згодна тэме. Так, там можна знайсці інфармацыю пра Ашмяны, Баруны, Жупраны, славутую Гіпіку, прыняць удзел у віртуальным туры па Ашмянскім узвышшы (з прадстаўленымі ў тым ліку цікавымі аб’ектамі Віленшчыны). Пры гэтым ёсць магчымасць выбраць любы аб’ект і паблукаць па яго сутарэннях, убачыць трохмерныя выявы помнікаў архітэктуры, маляўнічыя панарамы, даведацца пра разнастайныя турыстычныя маршруты.

Цікава, што літоўскія партнёры Ашмянскага музея ўжо выклалі сваю версію — а гэта 8 гігабайтаў інфармацыі! — на адмыслова створаным сайце. Не за гарамі размяшчэнне ў Сеціве і віртуальнага тура на беларускай мове…

Пакуль жа музей не мае паўнавартаснага сайта. Па словах дырэктара, у бюджэце на 2014-ты сродкі на прэзентацыю музея ў Сусветным павуцінні запланаваны. Калі ж не хопіць бюджэтных сродкаў — яны будуць абавязкова ўзяты са спецрахунку аддзела.

Варта сказаць пра друкаваную прадукцыю, якая была выдадзена ў рамках міжнароднага праекта. Праўда, згодна з дамовай, распаўсюджваюцца гэтыя сувеніры (набор паштовак, маляўнічыя інфармацыйныя выданні, карта з умоўнай назвай “Гістарычнае падарожжа па Ашмянскім краі”) выключна бясплатна. Вядома, пры такім раскладзе ўсім ахвотным такой прадукцыі не хопіць. З гэтага вынікае і іншае злабадзённае пытанне — продаж сувеніраў. Справа ў тым, што нягледзячы на юрыдычны статус, музей абслугоўвае цэнтралізаваная бухгалтэрыя. Ці захоча яна брацца за афармленне дакументацыі па продажы сувенірнай прадукцыі?

Пакінем гэты клопат кіраўніцтву раёна і вернемся да праектаў. Музей уразіў. Аналагаў экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Ашмяншчыны (дарэчы, створанай за бюджэтныя сродкі), нідзе не сустракалі. Усё лаканічна, з густам аформлена, і пры гэтым на малой плошчы праз музейныя прадметы-сімвалы раскрываюцца пласты гісторыі — і адметнасці народнай культуры, і эпоха Сярэднявечча, і чорны след двух сусветных ваенных ліхалеццяў, і савецкія рэаліі. Верш Францішка Багушэвіча, які чырвонай стужкай пераходзіць з адной экспазіцыйнай залы ў іншую і завяршаецца акурат за сталом класіка. А прыём, калі здымкі і выявы старадаўніх аб’ектаў пачатку ХХ ст. накладаюцца на жывыя краявіды, бачныя з акна музея?

Апошні, да ўсяго, мае і выставачную залу, разлічаную на часовыя (прыкладна трохмесячныя) праекты. Да прыкладу, апошні быў прысвечаны прафарыентацыі моладзі. Згадайма яшчэ пра адно ноу-хау музея — аўдыягіды. Яны звычайна асацыіруюцца з навушнікамі. Але толькі не ў Ашмянах — тут аўдыягід у выглядзе талеркі ці шалома — успрыняцце залежыць ад фантазіі наведвальніка. Аналагаў такому апарату пакуль у Беларусі няма.

Не лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Музеі ў многіх краінах самы вялікі прыбытак атрымліваюць не ад продажу білетаў, а — праз продаж спадарожнай прадукцыі, прадастаўленні турыстам цікавых паслуг. Калі казаць канкрэтна пра краязнаўчы музей у Ашмянах, то, відавочна, пакуль не хапае такіх цікавостак, кшталту магчымасці сфатаграфавацца з галоўнай зоркай музея, нашым класікам Францішкам Багушэвічам. А чаму б не прадаваць упрыгожанні эпохі Соф’і Гальшанскай — вядома ж, сучасныя копіі? Балазе, такія майстры ў нашай краіне маюцца і, да слова, падчас Гальшанскага фэсту вырабляюць перад уражанымі турыстамі сімпатычныя медальёны ды іншую біжутэрыю — не адрозніш ад старажытных!

Сэрца — на фармуляры

Да слова, пра рэкламу. Раніцай, калі праязджалі міма музея, увагу прыцягнуў маляўнічы інфармацыйны шчыт са звесткамі пра славутасці раёна. Аказалася, пакуль на Ашмяншчыне размешчаны два такія бігборды. Акрамя згаданага месца, яшчэ і каля Гальшанскага замка.

Менавіта да апошняга аб’екта мы і скіраваліся, па дарозе завітаўшы ў вёску Кальчуны — у пошуку дрэва радасці. У гэтай вёсцы — упершыню. Шкадавання, што марна згубілі час, няма абсалютна. Наадварот, нашы журналісцкія блакноты значна папоўніліся крэатыўным бібліятэчным досведам. Не кожная наша камандзіроўка такая шчодрая ў дачыненні да ўпэўненага развіцця бібліятэчнай справы...

Адна з чытачак запэўніла нас, што пачуем і пабачым шмат для сябе новага. І яна не памылілася. А бібліятэчная тэхналогія наступная. Па-першае, бібліятэкар Алена Шкелда прыклала шмат намаганняў, каб суседняя прыватная кавярня стала працягам бібліятэчных памяшканняў і колішнія аматары піва зрабіліся актыўнымі чытачамі. Не верыцца, але так і атрымалася.

Па-другое, бібліятэкарка стварыла ў сваёй установе сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, які абслугоўвае 20 населеных пунктаў (700 чытачоў). Вы скажаце, гэта немагчыма. Магчыма, калі да справы падключыць валанцёраў на веласіпедах. Гэта, у асноўным, мясцовыя падлеткі (падрашчакі, як кажа Алена Адольфаўна), якія раз і назаўжды трапілі ў палон бібліятэкарскай дабрыні і шчырасці. Прыкладаў вось такога валанцёрскага руху мы больш не бачылі нідзе. Дарэчы, фармуляры найбольш сталых і нямоглых чытачоў пазначаны малюнкамі сэрцаў. Гэтыя людзі знаходзяцца ў полі асаблівай валанцёрскай увагі.

Па-трэцяе, у Кальчуноўскай бібліятэцы «расце» Дрэва добрых спраў. На лістоце гэтай дзіўнай расліны пазначаны імёны і прозвішчы валанцёраў, што вызначыліся ў сацыяльнай дзейнасці. Мясцовыя дзеці спяць і бачаць, калі падрастуць і заслужаць гэткую ж пашаноту.

Па-чацвёртае, ва ўстанове ёсць скрынка для чытацкіх пытанняў, якая ніколі не пустуе. Адказы Алена Адольфаўна дае рэгулярна, збіраючы пры гэтым паўнюткую залу аднавяскоўцаў. А яшчэ дзейнічае тут зімняя штодзённая бясплатная школа здароўя, дзе фітнесам займаюцца ці не ўсе мясцовыя пенсіянеры. А яшчэ дзейнічае праект культуры кіравання сельскімі тэрыторыямі, неўзабаве адбудзецца КУТарскі фэст з удзелам сельскіх улад і валанцёраў…

Ці не зашмат для адной бібліятэкі? І хто паверыць пасля гэтага, што Алена Шкелда — чалавек пенсійнага ўзросту, а справе сваёй аддала больш за сорак гадоў. Жвавая, энергічная, упартая, з ліку тых, хто і складае гонар бібліятэчнай справы.

Агульнае адступленне

Загадчык клуба ў Кальчунах Сняжана Каганоўская называе бібліятэкарку Алену Шкелда сваёй настаўніцай. Усё правільна: ігнараваць такі досвед у межах Ашмяншчыны — шкодна. А ў межах рэспублікі? Мы, да прыкладу, сумняваемся, што валанцёрства ў бібліятэчнай справе развіта па ўсёй Беларусі, што ініцыятыва развіцця эфектыўнага кіравання тэрыторыямі зыходзіць менавіта з сельскай бібліятэкі, а не з сельсавета… Інакш кажучы, такіх, як Шкелда, нельга адпускаць на пенсію. У адваротным выпадку ўсе ініцыятывы проста загібеюць, бо крэатывіць здольная толькі Асоба. Таму досвед Алены Адольфаўны варта абагульняць у межах Беларусі. Нават ствараць нейкую інстытуцыю ў рэгіянальнай сферы культуры кшталту рэспубліканскага Клубу асоб. Хто згодны?

Мінск — Мінская вобласць — Гродзенская вобласць — Віцебская вобласць — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"