Мы чакалі іх!..

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Год гасціннасці ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пачаўся паспяхова. З першых дзён 2014-га музейныя залы прынялі шматлікіх наведвальнікаў. Супрацоўнікі ўстановы Дзмітрый Маскалёў, Людміла Гаршкова, Наталля Юрасева, Святлана Грабенчыкава і іншыя сустракаюць як адзіночных аматараў гісторыі, так і арганізаваныя групы.

2 студзеня навучэнцы Даўгінаўскай сярэдняй школы, што на Вілейшчыне, за выдатную вучобу і актыўную грамадскую дзейнасць былі заахвочаны паездкай у наш музей. Яны пазнаёміліся з экспазіцыяй, выстаўкамі «Мінск — ведаць, памятаць, ганарыцца!», «Беларусь. Салдаты Перамогі», наведалі «Партызанскі лагер». Экскурсію правёў загадчык навукова-метадычнага сектара, воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Фалецкі.

У водгуку кіраўнік групы Людміла Сяржант адзначыла: «Выказваем шчырую ўдзячнасць усім супрацоўнікам музея за ўвагу, чуласць і паважлівае стаўленне да наведвальнікаў. Верым, што музей будзе заўжды запатрабаваны, бо гісторыю народа нельга забываць!».

На пачатку года ў нас пабывалі і навучэнцы нядзельнай школы аграгарадка «Дастоева» Іванаўскага раёна. Суправаджаў падлеткаў настаяцель прыходу храма Святой Жываначальнай Тройцы іерэй Сергій Шаляговіч.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, памочнік кіраўніка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны