"Нацыянальную культуру нельга разумець спрошчана"

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Нацыянальную культуру нельга разумець спрошчана, толькі як фальклор або творы на беларускай мове, адзначыў Аляксандр Лукашэнка пад час цырымоніі ўзнагароджання Прэміямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльнымі прэміямі Кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва. “Наша культура шматгранная, яна аб’ядноўвае духоўны вопыт розных нацый і канфесій, усе віды мастацтва, дзе праяўляецца талент народа. І адмовіцца ад гэтага мы ні ў якім выпадку не маем права і не павінны”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Указам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2013 года. Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім за значныя творчыя і педагагічныя дасягненні, што атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Сярод лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” — епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, які ўнёс значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, сацыяльную і асветніцкую дзейнасць.

За дасягненні ў развіцці сістэмы медыцынскай рэабілітацыі дзяцей, укараненне сучасных тэхналогій, якія даюць магчымасць адаптаваць хворых дзяцей і дзяцей-інвалідаў у грамадстве, узнагароды ўдастоены калектыў Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі.

Прэмія прысуджана калектыву Быхаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната за шматгадовую плённую працу па сацыяльнай абароне насельніцтва, рэалізацыю гуманістычнай мадэлі сацыяльнай работы з людзьмі з псіханеўралагічнымі захворваннямі.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” адзначана прэміяй за значны ўклад у абарону правоў дзяцей і рэалізацыю сацыяльна значных гуманітарных праектаў.

За высокія дасягненні ў справе выхавання і вяртання да паўнацэннага жыцця дзяцей, якія аказаліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, захавання сям’і для кожнага дзіцяці прэміі “За духоўнае адраджэнне” ўдастоена начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага райвыканкама Вольга Чамаданава.

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва прысуджана аўтарскаму калектыву АТН Белтэлерадыёкампаніі ў складзе рэдактара Алены Борматавай, рэжысёра Марыі Жукавай і загадчыка аддзела навін культуры Міхаіла Равуцкага за стварэнне дакументальных фільмаў “Слуцкія паясы. Тайныя знакі”, “Міхаіл Савіцкі. Тайны біяграфіі”, “Радзівілы. Тайны сям’і”, “Нацыянальная дылогія. Статут ВКЛ”, “Нацыянальная трылогія: Герб. Гімн. Сцяг”, “Імя яму - Храм”.

Аўтарскі калектыў дзіцячага тэлевізійнага музычнага конкурсу “Я спяваю!” ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” у складзе вядучага конкурсу заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Астрахана, выканаўчага прадзюсара дырэкцыі спецыяльных праектаў Алены Лобач, дырэктара дырэкцыі спецыяльных праектаў Анжэлы Мікульскай удастоены прэміі за значны ўклад у развіццё творчых здольнасцей таленавітых дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з няпоўных і шматдзетных сем’яў.

За высокія творчыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва, актыўную выставачную дзейнасць прэміяй адзначаны аўтарскі калектыў у складзе членаў Беларускага саюза мастакоў Таццяны Рудэнка і Юрыя Рудэнкі.

Прэмія прысуджана заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь студыі цыркавога мастацтва “Арэна” за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю аматарскага цыркавога мастацтва.

Прэміі таксама ўдастоены калектыў Гродзенскага абласнога тэатра лялек, які ўнёс значны ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва і міжнародных культурных сувязей.

Сярод лаўрэатаў — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Наваполацка, кіраўнік узорнага хору “Звонкія галасы” Альберт Кажушкевіч, які адзначаны прэміяй за высокія дасягненні ў эстэтычным выхаванні творчай моладзі.

За стварэнне высокамастацкіх жывапісных твораў прэмія прысуджана мастаку-жывапісцу, члену грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Уладзіміру Кожуху.

Галоўны рэдактар рэдакцыі часопіса “Полымя” выдавецкага дома “Звязда” Мікалай Мятліцкі ўдастоены прэміі за пераклад на беларускую мову кнігі “Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая”.

За папулярызацыю лепшых узораў песеннага мастацтва, значны ўклад у патрыятычнае выхаванне грамадзян лаўрэатам прэміі стаў народны вакальны ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл “Памяць сэрца” Рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў.

Прэміі таксама ўдастоены дырэктар Антопальскага раённага Цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці Галіна Сцепанюк за адраджэнне і захаванне самабытнай народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў рэгіёна.

Прыняцце ўказаў з’яўляецца яскравым сведчаннем увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, распаўсюджвання ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці, развіцця беларускай культуры і мастацтва.

Дзяржава заўсёды гатова падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне жыцця ва ўсіх аспектах. Аб гэтым заявіў 9 студзеня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльнай прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” 2013 года.

Гаворачы аб сацыяльнай місіі культуры і гуманітарных ведаў, Прэзідэнт адзначыў, што нярэдка даводзіцца чуць, што ў нашы дні на змену прывычнай маралі прыходзіць “разумны эгаізм”, паколькі ў аснове поспеху ляжыць фінансавы інтарэс. “Але любы матэрыяльны дабрабыт прадугледжвае трывалы духоўны фундамент. Следам за заклікамі да адмаўлення ад культурнай самабытнасці ў імя глабалізацыі сёння ўсё часцей гучаць заклікі вярнуцца да правераных часам норм і ідэалаў”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што лёс беларускага народа, нібыта маятнік, заўсёды вагаўся паміж двума геапалітычнымі полюсамі — Усходам і Захадам, у беларускай культуры выразна відаць сляды ўплыву і рускай, і заходнееўрапейскіх, і азіяцкіх культур. “Але пры гэтым мы заўсёды захоўвалі сваю ідэнтычнасць, дзе больш, дзе менш, але ў свеце нас ведаюць як беларусаў, і гэта дарагога каштуе”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

“Настаў час вылучыць тое, што стане аб’ядноўваючай усіх грамадзян беларускай ідэяй, у якую павераць усе — ад акадэміка да селяніна, — лічыць Прэзідэнт. — Яе асновай з’яўляецца патрыятызм, гатоўнасць берагчы сваю спадчыну. А гэтыя пачуцці не перадаюцца на генетычным узроўні. Іх трэба фарміраваць праз цікавасць да гісторыі і культуры свайго народа”.

“Наша гісторыя ніколі не была прыгожай казкай. Беларусь — скрыжаванне еўрапейскіх і азіяцкіх дарог, па якім не раз праносіліся войны і інтэрвенцыі. Але колькі ні спрабавалі — ніхто не змог заняволіць гэты мужны народ. Дзякуючы веры і духоўнай сіле продкаў Беларусь адраджалася з руін нібыта Фенікс з попелу”, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што асновай выхавання грамадзяніна павінна быць апора на гераічную спадчыну. Магутным стымулам для патрыятычнага ўздыму павінна стаць святкаванне 70-й гадавіны вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі. “Але наша гісторыя не вычэрпваецца толькі падзеямі тых ваенных гадоў. У ёй былі Полацкае і Тураўскае княствы, дзе прараслі ўсходы нашай дзяржаўнасці і культуры; працы і думкі першаасветнікаў Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, светачаў Адраджэння Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага, роданачальнікаў беларускай культуры новага часу Янкі Купалы і Якуба Коласа; тэхналагічны, культурны прарыў, зроблены ў гады савецкай улады, і наша з вамі напружаная праца па стварэнню суверэннай беларускай дзяржавы”, — сказаў Прэзідэнт. “Мы не павінны адмаўляцца ад пазітыўных элементаў гэтай спадчыны, каб яна ўмацоўвала духоўную платформу дзяржавы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Наша культура павінна быць сферай асветы і выхавання. Неабходна развіваць гуманістычныя традыцыі айчыннага мастацтва, падтрымліваць узровень нацыянальных мастацкіх школ”, — лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў словы Уладзіміра Караткевіча, які сказаў, што “кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. “Таму, бядуючы аб тым, што вакол усё не такое ідэальнае, як хацелася б, не спяшайцеся вінаваціць у гэтым толькі ўладу. Улада і інтэлігенцыя аднолькава адказваюць за краіну, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Дзяржава заўсёды гатова падтрымаць вашы ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб палепшыць жыццё ва ўсіх аспектах”.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

На здымку: Аляксандр Лукашэнка ўручае ўзнагароду загадчыку аддзела навін культуры АТН Міхаілу Равуцкаму.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА