Колькі “але” да “першай у свеце”

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Оперны партрэт Агінскага: профіль невядомы?
У той час як жыхары і госці сталіцы накіроўваліся на спектаклі Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, у Маладзечне прэзентавалася свая прэм’ера: тамтэйшы маладзёжны народны тэатр паставіў оперу Алега Залётнева “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”.

/i/content/pi/cult/462/9777/9-1.jpg

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў ацаніў падзею на “дзесяць з плюсам”, а ў другой з пасляпрэм’ерных прамоў новую пастаноўку пазначылі нават вышэй за сталічнае ўвасабленне “Лятучага Галандца” Р.Вагнера. Вядома, гэта быў акт патрыятызму: Маладзечанскі тэатр не проста ўвасобіў гатовую партытуру, а непасрэдна садзейнічаў самому яе з’яўленню, замовіўшы оперу пра Агінскага знанаму беларускаму кампазітару Алегу Залётневу. Аўтарам ідэі выступіў нястомны Рыгор Сарока, які кіруе не толькі згаданым тэатрам, але і тамтэйшым Музычным каледжам імя М.К. Агінскага, сімфанічным аркестрам каледжа, а таксама Дабрачынным фондам “Спадчына М.К. Агінскага” ў Маладзечне.

Уразіла статыстыка: у падрыхтоўцы спектакля было задзейнічана 150 чалавек, пры гэтым сама пастаноўка каштавала 300 мільёнаў беларускіх рублёў. Такое сталася магчымым толькі таму, што над праектам працаваў увесь каледж. Справа не толькі ў аркестры, хоры і салістах! Нават такія элементы сцэнічнага антуражу, як куфры, стылізаваныя драўляныя вешалкі для шляхецкага адзення выраблялі навучэнцы аддзялення ДПМ. Дапамагаў і гарадскі Палац культуры, якім кіруе Святлана Сарока, жонка Рыгора Сямёнавіча. Зноў-такі, справа не толькі ў тым, што цяперашняя прэм’ера, як і ўсе ранейшыя спектаклі гэтага тэатра, адбылася на сцэне Палаца, у спектаклі ўдзельнічаў яго балетны калектыў. А колькі яшчэ спонсараў было задзейнічана!

Так што праект можна назваць народным. Да таго ж, спектакль плануецца паказваць за мяжой (найперш у тых краінах, з якімі быў звязаны Міхал Клеафас) і завяршыць гастролі ў Францыі ў 2015-м — у гонар 250-годдзя з дня нараджэння Агінскага. Невыпадкова на прэм’еру былі запрошаны прадстаўнікі дыпкорпусу, замежныя дзеячы культуры, з якімі Рыгор Сарока супрацоўнічаў. Такі разгорт беларускай прэм’еры не можа не радаваць, бо наша мастацтва, на жаль, часцей прэзентуецца выключна ў сваім асяродку. Але ж калі спектакль паедзе за мяжу, дык і ацэньваць яго, пэўна, трэба па самых высокіх сусветных мерках. І азначэннем: “першая ў свеце опера пра Агінскага” — тут не абыдзешся. Як і ўхваленнямі, як добра іграў аркестр на чале з Сарокам.

Аўтарам лібрэта і рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Сяргей Макарэй. У розныя часы ён працаваў на радыё, у філармоніі, займаўся педагагічнай дзейнасцю, зараз з’яўляецца намеснікам галоўнага дырэктара тэлеканала “Беларусь-3”. На яго творчым рахунку — безліч самых разнастайных сцэнарыяў: ад дзіцячых казак да святочных і фестывальных канцэртаў, уключаючы тыя, што ішлі у віцебскім Амфітэатры на “Славянскім базары ў Віцебску”. Да опернага лібрэта ён паставіўся зацікаўлена і адказна, пачаўшы з уважлівага вывучэння біяграфіі Агінскага. Ды ўсё ж некаторых пралікаў у сюжэце можна было б пазбегнуць, звярнуўшыся да навукоўцаў, што прысвяцілі той эпохе ўсё жыццё. Тая ж Святлена Немагай абараніла дысертацыю, выпусціла вялізную манаграфію, знайшла шэраг невядомых раней твораў Агінскага — і магла б падказаць некаторыя рэчы. Але пытанні ўзнікаюць і без паглыблення ў гэткія тонкасці.

Спявае Агінскі пераважна пра радзіму, пакутуе за яе — зноў-такі, у вакальных нумарах. На сцэне ж разгортваецца звычайная меладрама: жонка “круціць” з мастаком, раўнуе Міхала, бо той мае віды на італьянскую спявачку, але апошняя адказвае на пачуцці яго пляменніка, таму бедны Агінскі прыкладае пісталет да скроні — і… стрэл, вядома, не адбываецца. Вершаваныя радкі даволі трапныя (я заўважыла ўсяго два-тры русізмы), у іх сустракаюцца і нейкія новыя вобразы (каханне — бы аблокі ў вадзе), і рыфмы кшталту “жураўліны — журавіны”.

З рэжысёрскім рашэннем усё куды складаней. Часам узнікае ўражанне, што яго папросту няма, бо тычыцца яно хіба таго, каму з якой кулісы трэба выходзіць. Затое хапае смешных недарэчнасцей. На балі каханкі дамаўляюцца пра тайнае спатканне, а ўсе навокал — хор і балет — іх “падслухоўваюць”. Няўжо нельга было ў такіх выпадках або вывесці “масоўку” са сцэны, або адсунуць яе падалей углыб, ці пакінуць у святле адно толькі дуэт? Агінскі ў парку чакае італьянку — і побач “шпацыруюць” сялянкі. Музыка гэтага хору, што ідзе без інструментальнага суправаджэння, а капэла, — адна з самых цікавых старонак партытуры. Але што гэта ў сялянак за “мацыён” такі? Можна падумаць, што яны тут, у парку, жывуць. Крыху дзіўнаватымі выглядаюць танцы на балі: паланэз з прыседам на першую долю, а не на трэцюю, мазурка з надта “выкрунчастымі” па.

Не ўсё адназначна і з музыкай. Кампазітар, зразумела, павінен быў арыентавацца на салістаў, не прапаноўваючы ім нічога звышскладанага. Але пастаяннае знаходжанне ў трох “улюбёных” аўтарам танальнасцях, перавага аднастайных тэмпаў, рытмаў, ледзь не пастаяннай куплетнасці, татальнае “экспаніраванне” музычнага матэрыялу замест ягонага развіцця пачынае напружваць. Твор мае ўсе абрысы так званай “оперы-песні”, на прастату і дэмакратызм якой настройвалі кампазітараў у сумна вядомыя 1930-я. Дый разгорнуты размоўны фрагмент — чытанне Фельд’егерам дазволу — успрымаецца ў даваенных традыцыях, толькі замест Дэкрэта Леніна чытаюць царскую паперу.

А можа, усё наадварот — аўтар арыентаваўся на модныя кірункі лайт- ці поп-оперы, што перакладаюцца як “лёгкая”, “папулярная”? Але тады партытуры, пры ўсёй адметнасці яе аркестроўкі, бракуе сучасных рытмаў, гармоній, той “стыльнасці”, якая будзе скіроўваць слухача ў сучаснасць. Аўтарскае ж азначэнне жанру — рамантычная опера — можа, і здымае частку пытанняў, але не тлумачыць да канца музычную задуму. Дый назва оперы са словам “невядомы” больш настройвае на дакументалістыку.

На гэта ж скіроўвае і выкарыстанне ў якасці суперзавесы малюнка Напалеона Орды з выявай маёнтка. А вось у музыцы — ніякага асаблівага звароту да інтанацыйнага слоўніка эпохі. Больш акцэнтуюцца не рамантычныя ходы на сексту, а кварта-квінтовыя інтанацыі. Часам з’яўляюцца паўтонавыя ўздымы-спускі, а прынцыповая дэкламацыя жонкі Агінскага, Марыі, на адной ноце быццам “падказвае”, хто тут адмоўны персанаж. Спроба музычнай індывідуалізацыі герояў, выкарыстанне лейтматываў і нават паўтораў фрагментаў (апошні прыём часта сустракаецца ў мюзіклах), імкненне з’яднаць нумары ў завершаныя сцэны (той жа баль вырашаны як рондападобная кампазіцыя), зварот да ансамбляў (дуэтаў, трыа, нават на нейкі момант — квартэта) сведчаць пра сур’ёзнасць кампазітарскіх намераў. Але ажыццяўленне ўсяго гэтага адбываецца на ўзроўні гэткага “школьнага тэатра”, якімі славіліся нашы духоўныя семінарыі і іншыя навучальныя ўстановы ў ХVI — ХVIII стагоддзях. Аднаўленне традыцый? Тады тым больш бянтэжыць пастаяннае цытаванне ў якасці аднаго з лейтматываў вядомай тэмы Генадзя Гладкова, выкарыстанай апошнім і ў “Сабаку на сене”, і ў “Звычайным цудзе”.

Традыцыі школьнага тэатра (у лепшым сэнсе з’явы) прасочваюцца і ў выкананні, бо вучні каледжа, яго выпускнікі і выкладчыкі выступаюць разам. Самым, бадай, запамінальным быў тэнар лаўрэата міжнародных конкурсаў Андрэя Мацюшонка (Юзэф Лубенскі, пляменнік Агінскага). Ён ужо скончыў каледж і навучаецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, але са сцэны па-ранейшаму выглядае не больш як на 15 гадоў. Яго прыгожы голас можна было чуць і ў мінулых пастаноўках Маладзечанскага маладзёжнага тэатра, з кожным разам ён гучыць усё лепей, набіраючы ўпэўненасць, але не страчваючы вельмі важнага ў мастацтве адчування, быццам усё — упершыню. А вось такую ж натуральнасць сцэнічных паводзін артысту яшчэ трэба набываць, працуючы з добрымі рэжысёрамі. Апошняя заўвага можа быць аднесена да ўсіх удзельнікаў спектакля, уключаючы добра спрактыкаванага Андрэя Саўчанку (Міхал Клеафас Агінскі). Ягоная партыя — самая разгорнутая. Без праблем пераадольваючы яе вакальны бок, не без стратаў “змагаючыся” з беларускім маўленнем, спявак пакуль не ў стане самастойна адбудаваць драматургію развіцця складанага вобраза. Да канца спектакля дарэмна спрабуеш уцяміць, каго ўсё ж увасабляе артыст: маладога каханка — ці старога князя, сенатара, якому на момант “развітання з радзімай” было далёка за 50.

Пры ўсіх згаданых “але”, новую оперу трэба вітаць, падтрымліваць, папулярызаваць не толькі за межамі, але і ў самой Беларусі. Бо галоўнае прызначэнне такога твора — прыцягнуць увагу грамадскасці да імя Агінскага і нашай гісторыі. А следам — хай з’яўляюцца ўсё новыя і ўсё лепшыя творы. Дарэчы, балет паводле музыкі Агінскага, напісаны Вячаславам Кузняцовым у 1990-я, у поўным сваім выглядзе так і не быў пастаўлены…

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"