Як стварыць Арт-цэнтр?

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Марк Ротка і латвійскі Даўгаўпілс: механізм фарміравання брэнда
Мы ўжо згадвалі, што Арт-цэнтр імя Марка Роткі адкрыўся ў латвійскім Даўгаўпілсе (колішнім Дзвінску Віцебскай губерні — прынамсі, на час нараджэння там будучага сусветна вядомага мастака ў 1903 годзе) у мінулым красавіку. Аказалася, для некаторых жыхароў горада гэты факт яшчэ па-ранейшаму знаходзіцца ў шэрагу навін, хоць новую “культурную кропку” ўжо цяпер прагнуць наведаць дасведчаныя жыхары Заходняй Еўропы і ЗША.

/i/content/pi/cult/462/9775/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/462/9775/13-2.jpg

/i/content/pi/cult/462/9775/13-3.jpg

/i/content/pi/cult/462/9775/13-4.jpg

 “Пра тое, што ў нас адкрылася такая ўстанова, даведалася ад сяброў з Вялікабрытаніі”, — прызналася маладая жыхарка Даўгаўпілса, што працуе цяпер у Злучаным Каралеўстве. Так, не ў сталіцы Латвіі, а менавіта ў цэнтры яе ўсходняй правінцыі — Латгаліі — працуе сёння культурная ўстанова, дзе можна не толькі даведацца пра постаць аднаго з самых уплывовых экспрэсіяністаў свету, але і пабачыць яго арыгінальныя работы. Мяркуеце, што гэта цалкам заканамерна для малой радзімы любога слыннага мастака, калі яна знаходзіцца ў Еўропе? Вы памыляецеся! Калі даведваешся пра гісторыю стварэння Цэнтра, зноў пераконваешся, што збольшага поспех годных ініцыятыў залежыць ад імпэту, розуму і працы асобна ўзятага энтузіяста.

Мара, што стала явай

Цэнтр размешчаны ў будынку артылерыйскага арсенала Даўгаўпілскай (Дынабургскай) крэпасці 1833 года. Па нашых (ды і не толькі) мерках падобныя плошчы (залы экспазіцыі займаюць больш за 2 000 квадратных метраў), уласна, само месца — помнік архітэктуры і горадабудаўніцтва ХІХ стагоддзя, — шыкоўны варыянт для ўстановы падобнага кшталту.

— У нас ёсць памяшканні для канферэнцый, камерная зала на 100 месцаў з цудоўнай акустыкай, арт-рэзідэнцыя для мастакоў, дзе яны могуць працаваць і пражываць, бібліятэка, кафэ… — ахвотна распавядае пра магчымасці Арт-цэнтру яго кіраўнік Аляксей Бурунаў. — Ды і, вядома, галоўны сектар, прысвечаны Ротку: яго стварэнне абышлося ў 200 тысяч долараў ЗША, абсталяванне — яшчэ 160 тысяч. Ды і зала, дзе размешчаны арыгіналы, самі разумееце, патрабавала значных укладанняў.

На дадзены момант у Цэнтры Марка Роткі знаходзяцца шэсць арыгіналаў майстра. Згодна дамоўленасці з нашчадкамі мастака — яго дзецьмі Кэйт і Крыстоферам, без дапамогі якіх стварэнне ўстановы было б немагчымым, — праз тры гады прадугледжваецца абнаўленне залы іншымі творамі.

Дыгітальная (алічбаваная) экспазіцыя сектара А, што распавядае пра постаць народжанага Маркуса Ратковіча, — узорны прыклад таго, як можна сучасна і густоўна распавесці пра мастака-эмігранта. Галоўны ход тут — эфектная візуальная падача. Аблічча тагачаснага Дзвінска, горада, дзе правёў свае першыя дзесяць гадоў будучы прадстаўнік абстрактнага экспрэсіянізму, ствараецца з выкарыстаннем фатаграфіі. Але выявы Дзвінска мяжы стагоддзяў дэманструюцца на шэрагу вялізных экранаў у праекце інсталяцыі: фотаздымкі дапаўняюцца змястоўнымі цытатамі і адмысловым музычным суправажэннем. У выніку, наведвальнік атрымлівае не сухі пералік біяграфічных звестак, а, хутчэй, патрэбную ноту, атмасферны камертон, які дапамагае яму настроіцца на далейшае ўспрыняцце жывапісу мастака.

Знаёмства з творчасцю класіка ХХ стагоддзя адбываецца ў наступных блоках: зоне, дзе прадстаўлены перыяды яго творчасці, пакой цішыні. Кульмінацыяй сектара, вядома, сталася зала арыгіналаў… Што можна сказаць, пабачыўшы “Карычневы, чорны, сіена на цёмна-вінным” ці, да прыкладу, “Аранжавы і шакаладны”? Для тых, хто любіць мастака, — тое будзе, несумненна, асалодай, для тых, хто не падзяляе захапленне творчасцю Роткі, — паўнавартасная магчымасць адчуць трымценне гэтых колераў і патрапіць у медытатыўны партал ягонага жывапісу.

У структуру Цэнтра ўваходзяць таксама сектары сучаснага мастацтва, праектных і зменных экспазіцый. І калі камусьці не акажуцца даспадобы работы майстра (і такое бывае), наведвальніку ёсць чым заняцца. Установу, пры тым, што пакуль яна не можа пахваліцца значнай уласнай калекцыяй твораў, зусім не назавеш правінцыйным музеем ці культурнай рэзервацыяй. Аднак яшчэ дзесяць гадоў таму і гэта ўсё было ўтопіяй, пра здзяйсненне якой можна было толькі марыць.

Узыходжанне да Роткі

— Мне падаецца, што ўсе гарады свету дзеляцца на дзве часткі: тыя, дзе нарадзіліся выбітныя мастакі, і тыя, якія зайздросцяць гэтым першым. Геній месца ў нашым свеце — падарунак нябёсаў.

Маё знаёмства з Фарыдой Заляціла, аўтарам ідэі стварэння Цэнтра імя Марка Ротка, куратарам, таксама можна лічыць падарункам лёсу. Менавіта гэты работнік краязнаўчага музея ў свой час і пасунула з месца глыбы, якія, здавалася б, зрушыць немагчыма.

— У мяне сумненняў і не было: ёсць толькі адна радзіма Марка Роткі, толькі адзін горад можа прэтэндаваць на гэтае “званне”,  — выказвае яна сваю думку ў дачыненні да магчымасці ўзнікнення Цэнтра ў іншым месцы.  — І да гэтай пары я магу толькі здзіўляцца, чаму ідэя пра стварэнне такой інстытуцыі не ўзнікла ў кагосьці іншага раней.

Усё пачалося, як распавядае Фарыда, з інтрыгі. Жанчына і не думала зрабіць справай жыцця стварэнне Цэнтра, але дапамог выпадак. У 1999-м музейшчыца атрымала стыпендыю для працы ў аддзеле замежнага мастацтва Дзяржаўнага архіва Галандыі. Да гэтай пары знаёмства з постаццю і творчасцю Марка Роткі ў яе, лічы, амаль не было.

— На мой запыт вывезлі два вялізныя — да столі — вазкі манаграфій, каталогаў і кніг, прысвечаных мастаку, — узнаўляе падзеі куратар. — І тут я перажыла сапраўдны культурны шок, уцяміўшы маштаб гэтай асобы. З таго моманту і пачалося маё ўзыходжанне да Роткі. Яно, у выніку, і прывяло мяне да думкі, што з такім падарункам лёсу абавязкова трэба штосьці рабіць.

І спецыяліст пачала свой паход па інстанцыях…

Мінск — Даўгаўпілс — Мінск

Фота аўтара

 

Нагадаем, у рубрыцы нашай газеты "Вяртанне імёнаў" артыкул пра мастака "Крыштальны шар Марка Роткі" выйшаў яшчэ ў № 32 за 2010 год. У тэксце Барыса Крэпака даследавалася, у тым ліку, і паходжанне творцы з беларускіх земляў.

Пра тое, як ствараўся Арт-цэнтр Марка Роткі, і аб практычным досведзе яго ініцыятараў чытайце ў наступных нумарах газеты.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"