Падшукваем будынак для музея

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Ніна ПРЫХАЧ, Ляхавіцкі райвыканкам:
Ляхавіцкі раён для «К» — асаблівы, так бы мовіць, падшэфны. Часта бываем тут на суботніках, з вялікай прыязнасцю накіроўваемся і ў звычайныя журналісцкія камандзіроўкі. Чым прываблівае гэтая зямля? Таленавітымі людзьмі, трывалай знітаванасцю мінуўшчыны і сучаснасці, памкненнем работнікаў культуры выкарыстаць усе магчымыя рэзервы для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.

/i/content/pi/cult/462/9774/12-3.jpg— Узгадаем мінулы год. Ён стаў кропкай адліку для дзейнасці новай структуры — аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Аб’яднанне трох аддзелаў (юрыдычнай асобай дагэтуль з’яўляўся толькі адзін), стварэнне новай юрасобы прымусіла нас літаральна пагрузіцца ў юрыдычныя пытанні. Распрацоўвалі і зацвярджалі палажэнні аб новай структуры, праводзілі яе рэгістрацыю, з нуля распачалі ўсё справаводства ў адпаведнасці з новай наменклатурай. Заключэнне новых кантрактаў з работнікамі — таксама кавалак працы. Прыйшлося перарэгістраваць усю маёмасць. Вось калі мы адчулі, што ў нашым штаце павінен быць юрыст…

Начальнікам аддзелаў давялося разбірацца і курыраваць тыя пытанні, якія раней не знаходзіліся ў іх кампетэнцыі. Нагрузка была вельмі вялікай, а часу на раскачку ніхто не даваў. А Ляхавіцкі раён, да ўсяго, меў гонар прымаць у сябе летась абласныя дажынкі. Вы ведаеце, якая гэта адказнасць для работнікаў культуры. Зрабілі ўсё годна. У раённым цэнтры адкрыўся пасля капітальнага рамонту кінатэатр «Кастрычнік». Цяпер тут — сучасны ўтульны інтэр’ер, дасканалая тэхніка. Мадэрнізавалі і Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў, а таксама — цэнтральную бібліятэку. Здолелі закупіць новыя музычныя інструменты, абнавілі сцэнічныя касцюмы. Словам, працавалі з максімальнай напружанасцю, але і аддача атрымалася належнай. Як ідэалагічнага работніка мяне радуе, што ў горадзе паболела сацыяльнай рэкламы, была выдадзена салідная кніга «З мінулага — у будучыню» пра гісторыю Ляхавічаў…

Што чакае нас у бягучым годзе? Нікога не здзіўлю, бо праблемы ў сферы рэгіянальнай культуры ў розных кутках краіны — падобныя. Варта дапрацаваць вельмі многія нарматыўна-прававыя дакументы. Да прыкладу, у выніку аптымізацыі сеткі нашых устаноў змяншаецца, натуральна, і колькасць гурткоў, аматарскіх аб’яднанняў. А ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» колькасць такіх фарміраванняў павінна павялічвацца штогод на адзін працэнт. Гэта цяпер — проста немагчыма з-за адтоку насельніцтва. Значыць паказчыкі, выканання якіх патрабуе Дзяржпраграма, трэба неадкладна пераглядаць…

Не стае фінансавання для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, не хапае і кваліфікаваных кадраў. Яны, як і паўсюль, старэюць, а моладзь не жадае ісці ў нашу сферу па прычыне малога заробку і надзвычай клопатнай работы.

Яшчэ адна праблема, якая датычыцца толькі нашага раёна: у нас і па сёння няма музея. Спадзяюся, што сёлета прыступім да рэалізацыі гэтага доўгатэрміновага праекта. Будынак пад музей ужо падшукваем. Варыянты ёсць. У выніку пастараемся задаволіць патрэбы культуры, ідэалогіі і патрыятычнага выхавання моладзі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"