Пачалося ўсё ў Санях…

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

І ўсё ж першая сустрэча Якуба Коласа з Магілёўшчынай — у 1908-м
У №47 за 2013г. газеты “Культура” змешчаны артыкул Таццяны Макаранка “Колас: вяртанне на Магілёўшчыну”. Лічу справядлівым паведаміць чытачам газеты, што першая сустрэча Якуба Коласа з Магілёўшчынай адбылася яшчэ ў 1908 годзе пад час яго працы настаўнікам у адной з тамтэйшых прыватных школ, а дакладней — у вёсцы Сані Сенненскага павета Магілёўскай губерні.

/i/content/pi/cult/462/9768/14-1.jpg

Іншая справа, што зараз гэтыя мясціны належаць Талачынскаму раёну Віцебскай вобласці. Але ж на той час — аж да 1920 года — Талачыншчына ўваходзіла ў склад названай тэрытарыяльнай адзінкі.

Пра акалічнасці, што прывялі паэта ў той край, распавядае ён у аўтабіяграфіі, датаванай 1926 годам. Пра гэтыя падзеі можна таксама даведацца з шэрагу біяграфічных кніг. У 1906 годзе ў вёсцы Mікaлаеўшчына Стаўбцоўскага раёна адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд, адным з арганізатараў якога быў Якуб Колас. «З’езд быў накрыты паліцыяй. Удзельнікаў з’езда пазвальнялі з настаўніцкіх пасад і аддалі пад суд, — пісаў паэт у аўтабіяграфіі. — Зіму 1906 — 1907 гадоў, пакуль цягнулася следства, я жыў у брата ва ўрочышчы Смалярня і вучыў дзяцей прыватным парадкам. У гэты ж час пачаў пісаць кнігу для другога года навучання ў беларускай школе (“Другое чытанне для дзетак-беларусаў”). Вясной 1907 года я паехаў у Вільню на работу ў рэдакцыю газеты “Наша Ніва”, але працаваў там нядоўга. Паліцыя забараніла жыць у Вільні, і я вымушаны быў выехаць з горада”.

Далей Якуб Колас распавядае, як трапіў у вёску Сані, якая раней належала да Абчугскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні.

Доктар філалогіі Міхась Мушынскі ў сваёй кнізе “Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці” змяшчае архіўныя запісы: “Пачатак 1908 года, Магілёўская губ., маёнтак памешчыка К.Гардзялкоўскага Габрылёва-Папоўка. У в. Сані Абчугскай вол. Сенненскага пав. (16 вёрст ад м. Талачына) існуе прыватная школа”. Ліберальны памешчык К. Гардзялкоўскі быў падпісчыкам “Нашай Нівы” і, калі ён звярнуўся ў газету з просьбай парэкамендаваць настаўніка, яму назвалі імя Я.Коласа. Працаваў Я.Колас у школе два з паловай месяцы. Школу наведвала каля дваццаці вучняў з навакольных вёсак Габрылёва, Папоўка, Плоскае, Сані. Заняткі вяліся на беларускай мове. Па ўспамінах Якуба Коласа, матэрыялу для навучання чытанню вучняў было няшмат, таму ён выкарыстоўваў вершы і артыкулы, надрукаваныя на старонках газеты “Наша Ніва”.

У кнізе Міхася Жыгоцкага “Сцежкамі паэта. Па коласаўскіх мясцінах” змяшчаюцца цікавыя звесткі аб тым, як мясцовы памешчык Гардзялкоўскі збіраўся адкрываць прыватную беларускую школу для сялянскіх дзяцей, шукаў настаўніка, якому гатоў быў плаціць за працу “разы ў тры больш, чым дае казна”. Пра гэтыя падзеі, а таксама пра ўдзел паноў Гардзялкоўскіх у культурным жыцці Беларусі таго часу распавядаецца ў нарысе Сцяпана Александровіча “На самым пачатку”, змешчаным у зборніку “З глыбінь народных” пад рэдакцыяй Алега Лойкі.

Але хто ж такія Гардзялкоўскія і чаму яны адкрылі ў вёсцы Сані школу? Належаў род да старажытнай беларускай шляхецкай фаміліі. Па ўсім Сенненскім павеце былі раскінуты маёнткі Канстанціна Антонавіча Гардзялкоўскага, у тым ліку і ў вёсцы Сані. Чым жа кіраваўся ён, калі надумаўся адкрыць школу для дзяцей сялян, каб вучыць іх менавіта на беларускай мове? На гэтае пытанне ёсць адказ. Бацька Канстанціна Антонавіча, Антон Мамертавіч, быў удзельнікам паўстання 1863 года. Потым Гардзялкоўскі адбываў пакаранне, яго надоўга пазбавілі грамадзянскіх правоў. І сын яго лічыўся лібералам і дэмакратам, стаяў у апазіцыі да царскага ўрада, нярэдка ў яго маёнтках знаходзілі прытулак “палітычныя”. Вельмі цікавая асоба ў гэтым сямействе — маці Канстанціна Антонавіча Тэрэза Гардзялкоўская, вядомая на той час перакладчыца, асветніца. Яна выступала ў друку пад псеўданімам Зязюля, перакладала на беларускую мову творы вядомых рускіх і польскіх пісьменнікаў, у тым ліку апавяданне Максіма Горкага “Дзед Архіп і Лёнька”. Яна была асабіста знаёмая з польскімі пісьменніцамі Марыяй Канапніцкай і Элізай Ажэшка. Свае пераклады выдавала за ўласны кошт, як і кнігі беларускіх аўтараў: вершы Ядвігіна Ш., апавяданні Якуба Коласа, беларускія народныя казкі. Выдадзеныя Тэрэзай Гардзялкоўскай кнігі складалі цэлую бібліятэку — 22 400 асобнікаў. Яны ішлі ў народ, давалі спажыву душы і розуму. Рашэнне пана Гардзялкоўскага-малодшага, яе сына, вучыць дзяцей сялян на мове іх дзядоў і бацькоў не было, такім чынам, простай забавай. У гэтым была вялікая роля менавіта Тэрэзы Гардзялкоўскай.

Дарэчы, пра тыя падзеі падрабязна апавядаецца на старонках гісторыка-дакументальнай хронікі Талачынскага раёна “Памяць”. Тут жа змешчаны ўспаміны колішніх вучняў гэтай школы, напрыклад, Ф.Л. Жураўлёва: “У маёнтку Папоўка жыў пан Гардзялкоўскі, дэмакрат. Ён прыехаў у Сані да майго бацькі і дамовіўся, каб той пусціў у хату школу. Бацька згадзіўся: няхай дзеці вучацца. Гардзялкоўскі зараз жа прыводзіць да нас настаўніка, якога звалі Канстанцін Міхайлавіч (Якуб Колас). Хлопец быў дужа добры, вучыў без ніякіх пакаранняў…”. Выкладаў настаўнік на беларускай мове, знаёміў вучняў з падзеямі ў краіне, праводзіў гутаркі па апавяданнях, вершах і допісах, змешчаных у "Нашай Ніве". А яшчэ ён чытаў на памяць творы Багушэвіча, Купалы, Крылова, Пушкіна. Дзеці вельмі палюбілі свайго настаўніка, заўсёды з ахвотай ішлі на заняткі, стараліся добра вучыцца”.

І яшчэ адзін цікавы факт. Вясной таго ж года вучні школы хадзілі ў валасны цэнтр Абчугу здаваць экзамены за пачатковую школу. Уся група болей чым паспяхова справілася з кантрольнымі і вуснымі заданнямі. Да гэтых іспытаў вучняў падрыхтаваў настаўнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.

Ёсць звесткі і пра грамадскую дзейнасць Коласа ў тутэйшых мясцінах. Старажылы расказвалі, як у свабодны ад заняткаў час ён шчыра гутарыў з сялянамі, распытваў іх пра жыццё-быццё: на большае паважаны настаўнік адважыцца не мог, бо, як паведамляў начальству ў сакрэтным данясенні ад 27 лютага 1908 года начальнік Магілёўскага жандарскага ўпраўлення, за Канстанцінам Міхайлавічам быў устаноўлены нагляд паліцыі.

Працаваў Якуб Колас у Санях ад студзеня да канца красавіка 1908 года. Хуткі ад’езд яго адсюль, відаць, быў звязаны з новым узбуджэннем следства па справе ўдзельнікаў настаўніцкага з’езда. Таму настаўнік вымушаны быў збірацца ў дарогу. На Талачыншчыне ўшаноўваецца памяць славутага Песняра. У 1972 годзе ў вёсцы Плоскае народнаму паэту адкрыты помнік.

Ірына ТРУХАНЁНАК, бібліёграф Талачынскай ЦБС