Дзе сёння быць беларусам — прэстыжна?

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Неаднаразова агучваліся планы падтрымкі нашых суайчыннікаў за мяжой. Больш за тое, цягам мінулага года адбылося шмат падзей, у цэнтры якіх было супрацоўніцтва дзяржаўных і грамадскіх структур з беларускай дыяспарай. Назаву толькі найбольш знакавыя з іх. Гэта і праца айчынных парламентарыяў над Законам “Аб беларусах замежжа”, і чарговы З’езд беларусаў свету, і пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры рэспублікі.

/i/content/pi/cult/462/9762/4-1.jpgУ межах мерапрыемстваў адбыліся дыскусіі, створаны перспектыўныя планы, выказаны абяцанні. Ды ўсё ж беларуская дыяспара — калі не ўлічваць некаторыя выдатныя прыклады — як жыла ў цэлым адарвана ад беларускай культурнай прасторы, традыцый Бацькаўшчыны, так і працягвае жыць, паступова (а мо сям-там і імкліва) асімілюючыся. Праблемы нацыянальнай прыналежнасці, ідэнтыфікацыі нашых землякоў часцей за ўсё застаюцца ўнутранымі клопатамі дыяспары: пачынаючы са знікнення асобных беларускіх суполак у некаторых краінах свету і заканчваючы небяспечнымі працэсамі, у выніку якіх, да прыкладу, многія этнічныя беларусы на Падляшшы ўжо пазіцыянуюць сябе палякамі, а таксама, што яшчэ больш дзіўна, украінцамі (пра гэта неаднаразова заяўляў старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі). Падобная сітуацыя і ў Вільнюскім краі Літвы, дзе адбываецца паланізацыя мясцовага этнічна беларускага насельніцтва... І гэта толькі тыя факты, сведкам якіх быў я сам ці пра якія даведаўся “з першых вуснаў”.

Безумоўна, вялікую падтрымку нашым суайчыннікам за мяжой аказвае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, па меры магчымасцей запрашаючы творчыя калектывы беларускай дыяспары на Радзіму, у тым ліку на міжнародныя канцэртныя фэсты, перадаючы наборы кніг на роднай мове, нацыянальныя строі, арганізоўваючы курсы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў мастацкіх калектываў землякоў замежжа. А чаго толькі варты Фестываль мастацтваў беларусаў свету, які запрашае беларускую творчую моладзь з розных кантынентаў.

Але ж гэта, пагадзіцеся, — кропля ў моры. Не ахопленымі рэальнай, а не дэклараванай падтрымкай застаюцца дзясяткі беларускіх арганізацый — пераважна ў далёкім замежжы. Не часта іх прадстаўнікоў можна ўбачыць на пасяджэннях Кансультатыўнага савета (яны не прыязджаюць, думаецца, не з-за няўвагі дзяржаўных структур, а, у першую чаргу, па фінансавых прычынах). Пра іх амаль не згадвае рэспубліканская прэса. У выніку, сталыя людзі  — прадстаўнікі айчыннай дыяспары — сыходзяць, а моладзь інтэгруецца ў мясцовую культурную традыцыю, цалкам забываючы на свае спрадвечныя карані. Крыўдна, што ў некаторых краінах Заходняй Еўропы беларусы нават і не спрабуюць гуртавацца, ствараць нейкія суполкі, задаючыся пытаннем: а навошта нам гэта трэба?

А ці трэба гэта нашай краіне? Зразумела, што вельмі. І тыя захады дзяржавы па працягненні нашых суайчыннікаў — таму доказ. Укладзены ў падтрымку айчыннай дыяспары рубель, перакананы, з цягам часу акупіцца ў дзясяткі разоў — праз перспектыўныя інвестыцыйныя праекты, праз рэкламу турыстычнага патэнцыялу нашай Бацькаўшчыны. Я ўжо не кажу пра пытанне нацыянальнай годнасці і еднасці.

І не мне казаць пра шляхі комплеснай працы з беларускай дыяспарай у гэтым кірунку. У нас маюцца выдатныя спецыялісты, у тым ліку Адам Мальдзіс, Наталля Гардзіенка, якія добра валодаючы сітуацыяй з беларускай супольнасцю ледзь не ў любой краіне свету, гатовы падказаць рэцэпты дзейснай падтрымкі суайчыннікаў. Варта ўлічыць пазітыўны досвед працы беларускай грамады ў рэгіёнах Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы ды шэрагу іншых краін, дзе сёння быць беларусам — гэта прэстыжна!

Казаць можна шмат, але важна дзейнічаць у гэтым напрамку, не губляючы важны час. І будзем спадзявацца, што ў гэтай справе істотную дапамогу акажа Закон “Аб беларусах замежжа”, праект якога быў нарэшце прыняты напрыканцы мінулага года Палатай Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"