V — значыць… Гродна

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

“Культурная сталіца Беларусі”: ці ёсць статусныя “дывідэнды” для гарадоў — удзельнікаў акцыі?
18 студзеня Гродна афіцыйна стане “Культурнай сталіцай Беларусі — 2014”. Нагадаем: пятай па ліку ў гісторыі акцыі. Сёлета жыхароў і гасцей горада чакае шэраг разнастайных імпрэз. Мы ж напярэдадні насычанага на падзеі года звярнуліся да прадстаўнікоў кіраўніцтва тых гарадоў, якія ўжо атрымлівалі гэты статус, з просьбай пагартаць старонкі “сталічнага” мінулага, падзяліцца планамі і, зыходзячы з атрыманага досведу, даць карысныя парады гродзенскім калегам. А яшчэ мы пацікавіліся ў гродзенцаў, чым горад збіраецца цягам 2014-га здзіўляць...

/i/content/pi/cult/462/9761/6-3.jpg

Пётр ПЯТКЕВІЧ, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама:

— У 2010 годзе Полацк і палачане сталі першаадкрывальнікамі акцыі “Культурная сталіца Беларусі”. Гэта былi вялікія гонар і адказнасць. Цягам года гараджане далучаліся да культурных каштоўнасцей, лепшых узораў беларускага мастацтва і, верагодна, зноўку адкрывалі для сябе багатую полацкую спадчыну.

За гэты час у Полацку адбылося блізу 60 розных мерапрыемстваў. Гэта і выстаўкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, экспазіцыя работ Івана Хруцкага, кніг Францыска Скарыны. Прайшлі канцэрты салістаў і калектываў Белдзяржфілармоніі, Вялікі тэатр оперы і балета прэзентаваў канцэрт з цыкла “Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі”, адкрыўся Першы міжнародны пленэр “Art-Ego” ды шмат чаго іншага.

Што даў статус “Культурная сталіца Беларусі” Полацку?.. Можа, я выказваюся і занадта высокім штылем, аднак пра яго загаварылі не толькі як аб гістарычным цэнтры і калысцы беларускай дзяржаўнасці, але і як пра горад, які давёў права называцца першым цэнтрам культуры і мастацтва нашай краіны. Адчувальна ўзрос прэстыж Полацка сярод іншых гарадоў рэспублікі ды і за межамі Беларусі, што адбілася на яго турыстычнай прывабнасці. Перакананы, што правядзенне акцыі спрыяла павышэнню агульнага ўзроўню культуры палачан, фарміраванню асаблівага стаўлення да духоўна-культурнай спадчыны.

Дакладна ведаю, што ў гродзенцаў таксама асаблівае стаўленне да захавання гістарычных каштоўнасцей і прымнажэння духоўнай спадчыны. Культурныя праекты, якія зладзяць у Гродне, абавязкова пазнаёмяць удзельнікаў і проста гасцей імпрэз з арыгінальнай мясцовай творчасцю, культурна-гістарычнымі традыцыямі аднаго з найстаражытных гарадоў Беларусі.

Кацярына ДЗЕГЦЯРОВА, в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама:

— Мы падхапілі эстафету “Культурнай сталіцы Беларусі” ад Полацка ў 2011-м, але хачу нагадаць, што ў тым жа годзе мы з’яўляліся яшчэ і “Культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. На верасень-снежань 2011-га і прыпала мноства міжнародных мерапрыемстваў, старт якім даў фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскi карагод”, а фінальным акордам стаў канцэрт арт-праекта “Тэнары XXI стагоддзя”.

Тым летам Гомель спазнаў сапраўдны турысцкі бум, шмат у чым звязаны якраз з тым, што людзі прыязджалі ў наш горад, як у месца дзвюх культурных сталіц. Мне здаецца, што частка гасцей Гомеля і сёння наведваюць нас, знаходзячыся пад уражаннем таго часу. Карацей, на брак турыстаў мы не можам скардзіцца.

Статус “Культурная сталіца Садружнасці і Рэспублікі Беларусь” даў штуршок да таго, што ў Гомелі былі пабудаваны новыя аб’екты культурнага прызначэння, адрэстаўраваны і адрамантаваны тыя, што існавалі. Напрыклад, скончылі мадэрнізаваць памяшканні новай выставачнай залы Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі, пасля рэканструкцыі адкрыў свае дзверы Гарадскі цэнтр культуры. У 2012 годзе на базе адной з бібліятэк пачала працаваць электронная бібліятэка, летась адкрылася Дзіцячая школа мастацтваў. Гэта тое, што, як кажуць, можна “памацаць рукамі”. Але атрымліваюць сваё развіццё і творчыя праекты: той жа “Сожскi карагод”, у якім у 2013-м упершыню бралі ўдзел артысты з Казахстана і Малдовы.

Мяркую, гродзенскім уладам трэба максімальна выкарыстаць тыя магчымасці, якія ім прадаставіў статус. У прыватнасці, звярнуць больш пільную ўвагу на праблемныя кропкі горада: гэта тычыцца не толькі культуры, але і самых розных сфер жыцця чалавека. Дзеячам мастацтва і работнікам культуры жадаю таксама толькі максімальнага: цалкам раскрыць свой творчы патэнцыял. І хачу яшчэ пажадаць ўдзячнай публікі!

Іван КРУПКО, старшыня Нясвіжскага райвыканкама:

— Наш горад атрымаў статус “Культурнай сталіцы Беларусі” ў 2012 годзе ад Гомеля. Я быў там на заключнай імпрэзе, бачыў, з якім размахам яна ладзілася. І тады ж вырашыў для сябе, што горад Нясвіж, хай ён і зусім маленькі ў параўнанні з Гомелем, але гісторыяй, традыцыямі, культурай здольны з ім “пацягацца”.

Шчыра прызнаюся, не ўсё было проста: найперш — эмацыйна. Хацелася зрабіць як мага лепш, як мага больш святочна, якасна. Штомесяц у нас праходзіла адно галоўнае мерапрыемства, а ўсяго на розных пляцоўках адбылося каля 260 падзей, прычым 169 з іх — у Нясвіжскім замку. І, дарэчы, так атрымалася, што адкрыты ён быў пасля рэстаўрацыі якраз у той год, калі Нясвіж з'яўляўся культурнай сталіцай рэспублікі! Цяпер замак выйшаў на самаакупнасць, працуе рэнтабельна.

Статус гэты дазволіў удыхнуць у наш горад новае жыццё, прычым і ў прамым значэнні: 460 тысяч турыстаў наведала Нясвіж у 2012 годзе толькі афіцыйна. Пад іх неабходна было развіваць інфраструктуру горада, надаць увагу гатэльнаму бізнесу, рэстаранам. У гэтым і шмат у чым іншым дапамаглі прыватныя структуры, працягваючы справу і сёння, добраўпарадкоўваючы Нясвіж. У 2014-м чакаем прыкладна такую ж колькасць турыстаў, як і ў 2012-м!

Гродна ж для мяне не проста горад: я ў ім вучыўся. З асаблівай увагай буду сачыць за тым, як ён справіцца з ускладзенай на яго місіяй. Памятайце, што статус “Культурнай сталіцы Беларусі” даецца вам хоць і на год, але і назаўсёды, таму маеце абавязак ўсё правесці на самым высокім узроўні, каб ва ўсіх кутках нашай краіны было чуваць пра Гродна!

Ала ГАЛУШКА, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама:

— Культурныя сталіцы Беларусі былымі не бываюць! Той давер, які быў нам аказаны летась, у новым годзе мы таксама будзем падмацоўваць неабходнымі для людзей, для грамадства, для нашай культуры справамі. І хай ў 2014-м у Магілёве не плануецца масавае правядзенне міжнародных акцый у сферы культуры, затое ўпор мы зробім на маштабныя гарадскія мерапрыемствы. Галоўныя сярод іх тыя, якія прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым плане будзем шчыльна супрацоўнічаць з гарадамі-пабрацімамі, успомнім слаўныя гістарычныя даты, звязаныя з імі.

Вялікую ўвагу надамо моладзі. Ужо цяпер у Магілёве пачаў працаваць кірмаш праектаў: мы чакаем цікавых творчых прапаноў, каб потым іх рэалізаваць у самых розных варыянтах. Напрыклад, у цёплы час года на вуліцах будуць збудаваны адкрытыя пляцоўкі, на якіх змогуць прадэманстраваць сваё майстэрства таленавітыя і крэатыўныя. У сувязі з гэтым мы звярнуліся да нашых прадпрыемстваў, каб тыя з іх, дзе ёсць творчыя калектывы, прынялі ўдзел у такіх акцыях. А яшчэ гэты год стане для Магілёва Годам вальса, наогул бальных танцаў!..

Нашым жа пераемнікам з Гродна я хачу пажадаць не замыкацца ў рамках праекта “Культурная сталіца Беларусі” толькі на адной сферы культуры. Бо, па сутнасці, наданне гораду гэтага статусу — дадатковая нагода для таго, каб звярнуць увагу мясцовых улад і на прамысловую сферу, і на сацыяльную. Не павінна быць такога, што цэлы год аддадзены працы выключна на культуру і ні на што іншае: усё ж мае быць узаемазвязана. Гэта і нагода, каб заняцца добраўпарадкаваннем горада, далучыўшы самыя розныя ўстановы да ўдзелу ў акцыі. Напрыклад, нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы на ўсю моц рэкламавалі дадзены праект.

Віталь МАМАЧКІН, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама:

— Акрамя рэгулярных абласных і раённых мерапрыемстваў, мы плануем штомесяц, пачынаючы ад студзеня, праводзіць мерапрыемствы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Першым з іх стане праект “Гродзенцы — гродзенцам”, калі перад публікай выступяць вядомыя артысты, народжаныя на нашай зямлі, сярод іх — Саша Нема, Валерый Скаражонак, Галіна Шышкова ды іншыя. У лютым адбудзецца Міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў “Каложскі Дабравест”.

На сакавік-май запланаваны вялікі канцэрт, у якім прагучаць песні, музыка, вершы гродзенскіх аўтараў; фестываль цыганскага раманса з удзелам беларускіх, расійскіх, польскіх артыстаў; фэст, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Ляшэнка — заснавальніка народнага ансамбля беларускай песні і танца “Нёман”; II Фестываль-свята "Лялькі над Нёманам”.

Улетку пройдзе шэраг патрыятычных мерапрыемстваў, звязаных з Днём Незалежнасці, з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прымем мы і фінал X Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, свята кавалёў, на якое з усіх куткоў краіны з’едуцца майстры гэтай справы. (Мы, дарэчы, збіраемся адкрыць сваю кузню!) На жнівень намечаны фестываль вулічнай культуры.

У верасні правядзем свята класічнай музыкі, у кастрычніку — творчых калектываў Гродна. І лістапад — снежань — фінальныя акцыі. На працягу года пройдуць выстаўкі, да якіх будуць прыцягнуты не толькі музеі Гродна, але і ўсёй Беларусі. Вядуцца перамовы і з замежнымі музеямі. Таксама на працягу года свае пастаноўкі пакажуць беларускія тэатры і трупы з-за мяжы.

Мы, вядома ж, сёе-тое падгледзелі ў нашых калег — “Культурных сталіц Беларусі” мінулых гадоў, вучыліся ў іх. Да прыкладу, мне спадабалася, як у Магілёве праходзіў рытуал перадачы статусу. Нам бы хацелася ў дзень старту акцыі ажыццявіць гашэнне спецыяльных маркі і канверта. Пільную ўвагу надамо працы са сродкамі масавай інфармацыі. Па магчымасці, максімальна поўна правядзем тэле- і відэаздымку імпрэз ды выдадзім вынік у выглядзе фільмаў. Будзем шчыльна супрацоўнічаць з турфірмамі, каб тыя ў сваёй дзейнасці прэзентавалі наш горад турыстам. Як бачыце, працы і планаў процьма. Пастараемся з усім справіцца!

Фота Аляксандра ЛАСМІНСКАГА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"