Не кліпавае мысленне кліпмэйкера

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Магчыма, для некаторых аматараў беларускай музыкі галоўным расчараваннем 2013 года стала спыненне існавання дуэта “RockerJoker”. Іх не суцешыла нават тое, што адна з яго палавінак — Міхей Насарогаў — працягвае выступаць сольна і з іншымі выканаўцамі (у тым ліку — акадэмічнымі: згадаем леташні Фестываль Юрыя Башмета), а другая — вядомы айчынны кліпмэйкер Макс Сіры — працягвае здымаць відэаролікі.

/i/content/pi/cult/462/9760/6-1.jpg

 З апошнім мы і вырашылі зрабіць інтэрв’ю, а больш дакладна — распавесці праз маналогі самога творцы, які абяцае ў 2014-м шэраг сюрпрызаў. Знаёмцеся, Макс Сіры. Урэшце, упэўнены, вы яго ведаеце завочна ўжо не першы год праз ягоныя відэапрацы...

Відэа

— У 2001 годзе я паступіў на завочнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура кіно і тэлебачання” да Уладзіміра Забелы. Мне тады было 24 гады, за плячыма сталічны палітэх, армія, служба асвятляльнікам у Маладзёжным тэатры. Я вучыўся і адначасова працаваў на колішнім Першым музычным канале: рабіў праграму “Прыцемкі”. Года праз паўтара апынуўся на Белтэлерадыёкампаніі, дзе займаўся камп’ютарнай графікай — “упакоўкай” каналаў, пэўных праграм. І ўвесь гэты час здымаў кліпы.

Першым быў ролік на адну з песень Сяргея Пукста: я нават ужо і не памятаю, якую менавіта здымалі. А ўсяго ў маёй кліпаграфіі — каля чатырох дзясяткаў ролікаў. У асноўным яны на кампазіцыі альтэрнатыўных музыкантаў, поп-рок-выканаўцаў. Цяжка пра які-небудзь з іх сказаць, што ён мне падабаецца больш за іншыя. Натуральна, найдарагі — самы апошні, потым параўноўваеш яго якасць з папярэднімі работамі. Добрым, лічу, выйшаў кліп на трэк “Не было цябе” таго ж Пукста, цікавыя працы на “Мой герой Таня Буланава” гурта “Naka”, “Wall-e” гурта “Разбітае сэрца пацана”, на “Амерыку” ВІА “RockerJoker”, на песню “Мамонаў” гурта “J:Морс”.

Што і каму?

— На сваіх першых кліпах я нічога не зарабляў: напрацоўваў партфоліа. Праз нейкі час музыканты сталі пазнаваць, што вось такое відэа, якое ім падалося сімпатычным, зняў я, і супрацоўніцтва пачалося на ўзаемавыгаднай аснове. Зараз заказаў не так шмат, бо рынак кліпмэйкерства і раней у нас быў не вялікім, не занадта грашовым, але як у мінулым я нікому не адмаўляў, так і цяпер.

Мяне не “ламае”, якому артысту, на якую песню, за якую суму я раблю кліп. Хай нават і першае, і другое, і трэцяе мне не па душы. У гэтым выпадку ўсё роўна прымушаю сябе палюбіць тое, над чым трэба будзе працаваць. А як кліпмэйкер я ўлічваю, на якую публіку здымаю. Такім у нечым складаным быў, напрыклад, апошні мой кліп для трыа “Las Vegas”. Але ў мяне ёсць і адна праца, якая не задаволіла выканаўцу і якую да гэтага часу не бачыла шырокая публіка.

Кліпмэйкерства: трэнды

— Нягледзячы ні на што, беларускае кліпмэйкерства развіваецца, асабліва гэта датычыцца андэрграўнднага яго сегмента. З’яўляюцца таленавітыя маладыя рэжысёры, аператары, новая тэхніка, якая дазваляе рабіць якасны прадукт нядорага. Падкрэслю, прадукт такога кшталту ёсць, і няхай яго не шмат, але ў нас і краіна не самая вялікая. Пытанне ў тым, што ўбачыць яго стала цяжка, яго меламану даводзіцца шукаць, таму што ў нас няма адпаведнага рынку збыту, няма тэлеканалаў, якія ахвотна, рэгулярна, у дастатковай колькасці “круцілі” б кліпы. Гэта велізарная праблема для нашых кліпмэйкераў. І сапраўды, а навошта тады здымаць ролікі? Я б помнік калегам паставіў, якія, здымаючы відэа за свае грошы, разумеюць, што нідзе, акрамя як у Інтэрнэце, яны яго не размесцяць. (Нагадаем, тэма “Каму патрэбен сёння музычны кліп?” абмяркоўвалася ў “К” №51 за 2013 г. — А.К.)

У беларускай поп-кліп-індустрыі, на мой погляд, усё пакуль што горай. Ролікі для такога кшталту выканаўцаў апрыёры каштуюць нашмат даражэй, і патрэбных грошай у нашых артыстаў (прынамсі, у абсалютнай большасці) няма. Я кажу пра якасны тавар. Рэзюмуючы, ланцужок выглядае наступным чынам: няма рынку — мала грошай, няма тэлеканалаў — няма канкурэнцыі, а няма канкурэнцыі — не расце якасць прадукцыі.

А мне, дарэчы, хацелася б больш папрацаваць для поп-музыкантаў. Не з-за грошай: проста цікава акунуцца ва ўсё тое, што так любяць пакрытыкаваць інтэлектуальна, як ён лічыць, выхаваны глядач, які патрабуе ад поп-кліпа нейкага высокага мастацкага ўзроўню. Падобны падыход з’яўляецца памылкай успрымання, няўменнем аб’ектыўна зірнуць на банальныя рэчы. Такі сярэднестатыстычны ролік ніякім іншым, чым пабудаваным на шаблонах, на кітчы, быць і не можа. Бо перад намі — абсалютна нішавы прадукт для людзей “фарматных” — і ў музыцы, і па жыцці. Але гэта ўжо глабальная праблема нізкага культурнага ўзроўню. І з дапамогай кліпаў яе не вырашыць. Праўда, мяркую, і не пагоршыць.

Кіно

— Усе тры гады, што існаваў “RockerJoker”, я не спыняў здымаць кліпы, але ў мяне канчаткова сфарміравалася жаданне рабіць нешта яшчэ ў галіне рэжысуры. Стаў больш займацца рэкламай для ТБ. З менеджарам згаданага вышэй гурта “Naka” Андрэем Ісачанкам задумалі дакументальнае кіно пра Iосiфа Гашкевiча — ураджэнца колішняга Рэчыцкага павета, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, усходазнаўцы, чыё 200-годдзе з дня нараджэння прыпадае на сёлетні красавік, у сувязі з чым юбілей уключаны ў Каляндар памятных дат UNESCO. Фінансаванне пад фільм знайшлося дзякуючы прыватнай крыніцы. Іншы праект — кароткаметражная мастацкая карціна пра сучаснікаў, сцэнарый якой пакуль толькі пачаў складацца. А яшчэ вядзецца праца над анімацыйнай поўнаметражнай 3D-стужкай-казкай для ўсёй сям’і на сучасны лад. Мару і пра мастацкі “поўны метр”.

Мне здаецца, у вялікім беларускім кіно абазначыліся станоўчыя тэндэнцыі, калі і на самім “Беларусьфільме” сталі рабіць нармальныя працы, і нешта ў кааперацыі пачало атрымлівацца, і серыялы з’явіліся, якія глядзець можна. Каб не быць галаслоўным, назаву фільмы “Акупацыя. Містэрыі”, “У тумане”; улічваючы бюджэт, улічваючы, што ён цалкам наш, — серыял “Сляды апосталаў” як нішавы праект для ўсіх, як адзін з айчынных стартавых прадуктаў у “тэлемувi”, у тэлеіндустрыі. Наступным крокам пасля замацавання на дасягнутых рубяжах, за далейшым развіццём напрацаванага будзе тое, што наша кіно трэба ўсё больш актыўна рухаць у замежжа. Хаця б па той прычыне, што яно пачне вяртаць выдаткаваныя на яго грошы. Я ўжо не кажу пра папулярызацыю ў свеце айчыннага кінематографа як такога.

Музыка і… усё роўна рэжысура

— З Міхеем Насарогавым я сустрэўся на здымках аднаго з сваіх кліпаў, дзе ён быў заняты ў якасці акцёра. Ён мяне і запрасіў на свой выступ. Затым з’явілася думка паіграць удвух, што мы пару разоў і ажыццявілі. І вось тады ўзнікла ідэя стварыць праект, які атрымаў назву “RockerJoker”. Задумваўся ён як той, які калісьці павінен быў абавязкова скончыцца. І вось летась мы прыпыніліся. Я выкажу маю пазіцыю, чаму так адбылося. Дастаткова часу “RockerJoker” пачаў надаваць канцэртам, шмат ездзіў, прычым большай часткай па Расіі, а гэта значыць праект выйшаў на самаакупнасць. Але асабіста мне стала зразумела, што ў такім выпадку трэба або ператварацца ў пастаянна дзеючы гурт, увайсці ў альтэрнатыўны сегмент шоу-бізнэсу, які прыносіць грошы, або выбіраць, што для мяне важнейшае: музыка альбо рэжысура. Шчыра кажучы, выбару і не было: я для сябе даўно вырашыў, кім хачу быць — рэжысёрам.

…Але зусім музыку я не кінуў, сачыняю і нават запісваю яе, магчыма, гады праз два выпушчу альбом. Гэта інструментальная музыка: я раблю фартэпіянныя накіды, падключаю іншых музыкаў і разам мы ўсё даводзім да розуму. Наогул, хочацца запісаць дыск невялікіх п’ес з адным інструментам: гэткіх неаранжыраваных, без пэўнай формы, нязручных для шараговага слухача... Не выключаю, што і “RockerJoker” можа з часам вярнуцца…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"