“Сей Образъ Сооружіл...”

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Традыцыя пісання абразоў на Піншчыне — унікальная. Яна перажыла неспрыяльныя для рэлігійнага мастацтва часіны і захавала свае лепшыя і адметныя рысы, угрунтаваныя на візантыйскай школе іканапісу.

 /i/content/pi/cult/145/976/Obraz1.jpg

Экспедыцыі навуковых супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі ў гэты рэгіён Палесся маюць 30-гадовую гісторыю. У аддзеле ІМЭФ — Музеі старажытнабеларускай культуры — былі створаны калекцыі як распаўсюджаных, так і блізкіх да знікнення відаў народнага мастацтва. У 2002 годзе фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва фінансаваў выданне кнігі “Іканапіс Заходняга Палесся XVI — XIX стст.”, чым быў адзначаны ўнёсак старажытнай палескай культуры ў агульнабеларускі культурны кантэкст.
Абраз з выявай святога — богаадухоўлены сюжэт: пластыка, колер, кампазіцыя штораз здзіўляюць непаўторнасцю і ўнутранай сілай. Яшчэ перад першымі экспедыцыямі 1970-х гадоў раскрыўся ўвесь пантэон святых, якіх ушаноўвалі жыхары Піншчыны. Сабраны даныя пра выключна каштоўныя творы — такія, як Купяціцкі цудатворны абраз Божай Маці “Заступніца Палесся”. Сярод вернікаў і дасюль лічыцца, што ён дапамагае хворым і ўзмацняе добрыя намеры.
У новым тысячагоддзі экспедыцыі ажыццяўляюцца на падставе пагаднення паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Экзархатам Беларускай Праваслаўнай Царквы, падпісанага 22 сакавіка 2004 года Уладыкам Філарэтам і Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаілам Мясніковічам, і перспектыўнай праграмы супрацоўніцтва, складзенай у яго рамках.
У фондах Музея старажытнабеларускай культуры перыядычна працуюць выхаванцы Жыровіцкай духоўнай семінарыі. Трэба адзначыць іх высокі адукацыйны ўзровень і чыстыя духоўныя памкненні.
Так, у нашай фотатэцы, у якой 12 тысяч негатываў, знайшліся здымкі Жыровіцкага абразка Божай Маці, зробленыя ў розныя гады. Яны аказаліся неабходнымі для дыпломнай працы навучэнцаў семінарыі. Матэрыялы Музея старажытнабеларускай культуры ўзбагацілі тэму даследаванняў студэнта Мінскай духоўнай акадэміі Івана Гарбунова

 /i/content/pi/cult/145/976/Obraz2.jpg

“Гісторыка-статыстычнае апісанне прыходаў Ганцавіцкага благачыння Пінскай епархіі”. Скарыстаўся з іх таксама дырэктар школы званароў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Багдан Бярозкін, магістр мастацтваў, які піша навуковую працу па гісторыі ліцця званоў на Беларусі.
У рамках фестывалю “Дабравесце”, які распачнецца на наступным тыдні, 21 студзеня, Мінскае епархіяльнае ўпраўленне і Музей плануюць правесці сумесную выстаўку абразоў і “круглы стол”, прысвечаны пытанням развіцця хрысціянскай культуры. Такіх прыкладаў супрацоўніцтва
можна прывесці шмат...
... Падчас экспедыцыі абавязкова высвятляецца і запісваецца гісторыя кожнага абраза. Ствараючы базу даных пра помнікі мастацтва Піншчыны, мы сутыкнуліся з такой з’явай, як ахвярныя надпісы на абразах у большасці палескіх храмаў (іх выяўлена ўжо больш чым 30). Хочацца прывесці тут некалькі прыкладаў з захаваннем жывой мовы самадзейных іканапісцаў і дарыцеляў абразоў.
Вось абраз “Казьма і Даміян”: постаці святых увасоблены ў класіцыстычнай манеры, але са значнай доляй барочнай эстэтыкі — колеры насычаныя, абліччы індывідуалізаваныя. Выява суправаджаецца ахвярным надпісам: “Сія Икона построенная Старательствомъ Крестьянъ Деревни Площово, октября 16 дня 1850 Года”. Гэты сціплы радок адсылае нас да пэўнага пласта царкоўнаславянскай лексікі ва ўмовах правінцыйнай літургічнай культуры і этыкету.
“Сей Образъ Сооружіл Раб Божы Иоанъ Матвъевичъ Ляшко въ кладбищную Церковъ За отпущение Греховъ Своихъ. 1825 Года Мъсяца февраля 4 дня.” Надпіс на абразе Іаана Багаслова паказвае нашчадкам верныя духоўныя арыенціры: клопат аб храме, неабходнасць повязі “Бог — чалавек і ягоныя ўчынкі”. Гэтая трансцэндэнтная повязь аказалася жыццяздольнай, каб і праз вякі гучаць як указанне на асэнсаванне грэху і збавенне праз пакаянне.
Надзіва светлая і святочная выява Ісуса з хлебам і чашай падпісана: “1891 Г.Я.6. Пожертвованная Ікон Васіліем Ф.Лемешевскім”. Выяўленчыя сродкі майстра сведчаць пра адчуванне святла і сілы, якія павінны зыходзіць ад абраза: твар Збавіцеля натхняе, узносіць думкі ў нябеснае бязмежжа.
Такія абразы, напісаныя самімі вяскоўцамі або па іх замове і ахвяраваныя царкве, сёння натхняюць новую хвалю прыхаджан, ствараюць непаўторнае аблічча вясковых храмаў.

Аксана ВАРАТНІКОВА,
навуковы супрацоўнік
Музея старажытнабеларускай культуры

На здымках: 1. Ісус з чашай.
2. Абраз “Казьма і Даміян”.

Фота Мікалая МЕЛЬНІКАВА