Год чыстага света

№ 1 (1127) 04.01.2014 - 10.01.2014 г

Каляндар "Культуры"-2014: малюнкі навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў
Мы, дарослыя людзі, акунаемся ў атмасферу дзяцінства і ловім жывыя адчуванні ад кантакту з гэтым чыстым светам. Наш каляндар — бадай, своеасаблівы метад пагружэння ў яе, шанц адысці ад стандартаў будзённасці, атрымаць першапачатковае ўражанне ад часу ды падзей, якія адкрываюцца перад намі, ад прыроды і святаў, ад казак і легенд і ад шмат чаго, чым напоўнены душы і сэрцы юных мастакоў. Усе творы, пабудаваныя на свабоднай, нязмушанай гульні ўяўлення — жыццярадасныя, натхнёныя, нестандартныя, — сведчаць пра тое, што ў гэтым свеце пакуль усё на сваіх месцах, хаця б у дзяцінстве. Няхай і далей так будзе… І яшчэ хочацца падзякаваць усім тым педагогам, якія прывілі сваім вучням любоў да Бацькаўшчыны, да той зямлі, на якой ім давядзецца жыць ды працаваць, незалежна ад таго, стануць яны мастакамі ці не.

СТУДЗЕНЬ: “Ой, калядачкі...”

Паглядзіце, як юны мастак эмацыйна і непасрэдна адлюстраваў “інсітным” пэндзлем вобраз старажытнага свята — Ражджаства! І як тут не ўспомніць гуллівыя, іскрыста-заліхвацкія мулявінска-“песняроўскія” музычныя цытаты: “Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі, / Ой, люлі-люлі, бліны-ладачкі!” Але гэтае свята, як вы бачыце на іншых работах, што побач, асэнсоўваецца кімсьці інакш — напаўняецца ціхім і светлым роздумам…

/i/content/pi/cult/461/9756/1.jpg

 

ЛЮТЫ: “Ой, сівы конь бяжыць...”

Ну, вядома ж, Год Драўлянага Каня!.. На наш погляд, кампазіцыя з адлюстраваннем казачнага героя, які жыве на сваёй зямлі і сілкуецца яе гісторыяй ды явай, пра што сведчыць цудоўны пейзаж у прасторы ягонай душы, — вельмі прыцягальная рэч! “Абрамленне” — таксама спалучана з “вобразам” Каня і па-свойму цікава ўбачана юнымі дараваннямі. І як сімвал месяца лютага — “снежная прыгажуня” з птушкай, прадвесніцай хуткай вясны.

/i/content/pi/cult/461/9756/2.jpg

 

САКАВІК: “Абдаравала зямельку вясна...”

Прывабная абстрактная кампазіцыя, сатканая з рознакаляровых плоскасцей, плям, рытмаў, ліній, выклікае ўражанне вясновай радасці і цёплых свежых пачуццяў.

Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы.

Болей не мерзне душа ні адна,

Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю

Абдаравала зямельку вясна.

(Янка Купала)

/i/content/pi/cult/461/9756/3.jpg

 

КРАСАВІК: “...Ўжо рунее трава, к сабе кліча зямля...”

Зусім “дарослы” экспрэсіўны пейзаж, які выпраменьвае не толькі настрой бурлівай вясны, але і музыку дзёрзкай колеравай гармоніі. “Па-даросламу” пераканаўчыя і іншыя карцінкі, насычаныя фантазійнымі ўяўленнямі пра рознааблічны свет, як яго бачаць юныя аўтары.

/i/content/pi/cult/461/9756/4.jpg

 

МАЙ: “Мой родны кут, як ты мне мілы...”

Захапленне жыццём — інакш і не скажаш! Радасць! Песня! Вясёлка, птушкі, вясковыя ўтульныя хацінкі, цёплая зямля — усё прыемна пахне ў гэтым дзівосным свеце. На гэты твор хочацца доўга глядзець, бо гэта той свет, які праявіўся ва ўяўленні маленькага мастака і які ён асабіста спасціг увачавідкі. Так бы мовіць, узяў з “натуры”...

/i/content/pi/cult/461/9756/5.jpg

 

ЧЭРВЕНЬ: “Ой, ты лета, гарачае, буйнае...”

Сапраўдны impressionnisme! Як тут і нам не захапіцца тымі ўражаннямі юнага мастака, якія яго ахапілі на роднай беларускай зямлі! Дакладнасць адлюстравання, свежасць першага ўспрыняцця прыроды, багацце рэфлексаў і колеравых адценняў, вібрацыя светлапаветранага асяроддзя — усяму гэтаму мог бы пазайдросціць сам Клод Манэ! А чаму б і не? Але тут, у творы — Беларусь!

/i/content/pi/cult/461/9756/6.jpg

 

ЛІПЕНЬ: “Дзе Купала начавала...”

“Ой, рана на Йвана… Дзе Купала начавала…” Спрадвечная песня нашых прашчураў і нашых сучаснікаў… Ну проста цудоўна зроблена сонечнае папяровае пано, якое, на наш погляд, пры адпаведным павелічэнні ў памерах, магло б упрыгожыць інтэр’ер утульнага дзіцячага садка!… І якія пранізліва чыстыя кампазіцыі ў ніжняй частцы выяўленчай прасторы нашай газетнай паласы: тут і арнаменты, і аўтарская кампазіцыя, якая сапраўды выпраменьвае мару. Яна — пра дзяўчынку, што з падаконніка высотнага дома пазірае ўніз, на родны горад, і марыць, марыць… Яна, як тая птушка, лунае думкамі ў нябёсах…

/i/content/pi/cult/461/9756/7.jpg

 

ЖНІВЕНЬ: “Устану ранкам насустрач сонцу...”

Усхваляваны “дыялог” фантастычных птушак — уладароў Сусвету: вось яны, вялікія і моцныя, на фоне шагалаўска-мітуслівага правінцыйнага гарадка, маляўніча раскіданага ў прасторы зямных турбот... А побач — спакойна-сузіральныя матывы: дрэвы і хаткі, з комінаў якіх струменіцца дым; светлы нацюрморт з фруктамі, чайнікам і кветкамі ў збанах. Жыццё ідзе…

/i/content/pi/cult/461/9756/8.jpg

 

ВЕРАСЕНЬ: “Вось гэтак у добрым здароўі мы будзем ляцець і ляцець...”

Гэты твор — нібы гатовая ілюстрацыя да займальнай дзіцячай казкі. Мо кагосьці з літаратараў гэтыя вобразы і натхняць на стварэнне яе ў рэальнасці! І будуць чытаць тую казку дзеткам сцямнелымі вераснёўскімі вечарамі. Гульня цацак — вясёлая, заўзятая, квяцістая. Здаецца, што адкрытая кніга ў цэнтры кампазіцыі — як сімвал таямнічасці дзіцячага малюнка… Акварэльная празрыстая чысціня пачуццяў — і ў творах, якія побач… І яшчэ адну работу, як палёт юначых мараў, можна таксама разглядаць ілюстрацыяй — хіба ж гэта не навявае ўспамін пра Купалавы радкі з “Хлопчыка і лётчыка”?

/i/content/pi/cult/461/9756/9.jpg

 

КАСТРЫЧНІК: “Я малюю паветра кастрычніка...”

Кажуць, што дзіця больш аддае перавагу яркім фарбам. Але — не заўсёды. Часам яно і ў чорна-белай графіцы можа ствараць штосьці цікавае, выбудоўваць свой, толькі яму вядомы, казачны, свет. І тут з дапамогай лініі і штрыха першароднае значэнне набывае нястомная дзіцячая фантазія, у дадзеным выпадку звязаная з вобразам фантасмагарычнай істоты-птаха. Эксклюзіў алоўка — эксклюзіў дзяцінства…

/i/content/pi/cult/461/9756/10.jpg

 

ЛІСТАПАД: “І тчэ, забыўшыся, рука...”

У складанай габеленавай стыхіі калажа-аплікацыі, у рытмічных перапляценнях нітак, у дакладна выверанай гульні дэкаратыўных форм і каляровай пластыкі паўстае вобраз “этнічнай” Восені. А мо гэта толькі мы, дарослыя, дамыслілі, што такой утульнай уявіў яе юны творца? Бо ў шэрым золкім лістападзе так хочацца сагрэцца бліскавіцамі цяпла нітак, захутацца ў іх… Апошні месяц восені — кожны з юных талентаў прэзентуе па-свойму (зноў жа — праз наша бачанне): ён, лістапад, — то ў ружовым святле ўспамінаў, то ў паўднёвым святле экзатычных дамкоў, то — паказаны праз фактурныя прадметы па-даросламу эстэцкага нацюрморта…

/i/content/pi/cult/461/9756/11.jpg

 

СНЕЖАНЬ: “Ой мяцеліца, ой мяцеліца...”

Вельмі цікавая кампазіцыя, пабудаваная на кантрасце халодных і цёплых колераў і адценняў. Сюжэт пра тое, як у салодкі сон дзіцяці ўрываецца доўгачаканая чароўная Зіма ў вобразе казачнай прынцэсы-прыгажуні. Жывапіс — цалкам самакаштоўны, і можна смела разглядаць яго як эстэтычную з’яву ў шматаблічнай прасторы дзіцячага мастацтва.

/i/content/pi/cult/461/9756/12.jpg

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"