СТУДЗЕНЬ: “Ой, калядачкі...”
Паглядзіце, як юны мастак эмацыйна і непасрэдна адлюстраваў “інсітным” пэндзлем вобраз старажытнага свята — Ражджаства! І як тут не ўспомніць гуллівыя, іскрыста-заліхвацкія мулявінска-“песняроўскія” музычныя цытаты: “Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі, / Ой, люлі-люлі, бліны-ладачкі!” Але гэтае свята, як вы бачыце на іншых работах, што побач, асэнсоўваецца кімсьці інакш — напаўняецца ціхім і светлым роздумам…
ЛЮТЫ: “Ой, сівы конь бяжыць...”
Ну, вядома ж, Год Драўлянага Каня!.. На наш погляд, кампазіцыя з адлюстраваннем казачнага героя, які жыве на сваёй зямлі і сілкуецца яе гісторыяй ды явай, пра што сведчыць цудоўны пейзаж у прасторы ягонай душы, — вельмі прыцягальная рэч! “Абрамленне” — таксама спалучана з “вобразам” Каня і па-свойму цікава ўбачана юнымі дараваннямі. І як сімвал месяца лютага — “снежная прыгажуня” з птушкай, прадвесніцай хуткай вясны.
САКАВІК: “Абдаравала зямельку вясна...”
Прывабная абстрактная кампазіцыя, сатканая з рознакаляровых плоскасцей, плям, рытмаў, ліній, выклікае ўражанне вясновай радасці і цёплых свежых пачуццяў.
Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы.
Болей не мерзне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.
(Янка Купала)
КРАСАВІК: “...Ўжо рунее трава, к сабе кліча зямля...”
Зусім “дарослы” экспрэсіўны пейзаж, які выпраменьвае не толькі настрой бурлівай вясны, але і музыку дзёрзкай колеравай гармоніі. “Па-даросламу” пераканаўчыя і іншыя карцінкі, насычаныя фантазійнымі ўяўленнямі пра рознааблічны свет, як яго бачаць юныя аўтары.
МАЙ: “Мой родны кут, як ты мне мілы...”
Захапленне жыццём — інакш і не скажаш! Радасць! Песня! Вясёлка, птушкі, вясковыя ўтульныя хацінкі, цёплая зямля — усё прыемна пахне ў гэтым дзівосным свеце. На гэты твор хочацца доўга глядзець, бо гэта той свет, які праявіўся ва ўяўленні маленькага мастака і які ён асабіста спасціг увачавідкі. Так бы мовіць, узяў з “натуры”...
ЧЭРВЕНЬ: “Ой, ты лета, гарачае, буйнае...”
Сапраўдны impressionnisme! Як тут і нам не захапіцца тымі ўражаннямі юнага мастака, якія яго ахапілі на роднай беларускай зямлі! Дакладнасць адлюстравання, свежасць першага ўспрыняцця прыроды, багацце рэфлексаў і колеравых адценняў, вібрацыя светлапаветранага асяроддзя — усяму гэтаму мог бы пазайдросціць сам Клод Манэ! А чаму б і не? Але тут, у творы — Беларусь!
ЛІПЕНЬ: “Дзе Купала начавала...”
“Ой, рана на Йвана… Дзе Купала начавала…” Спрадвечная песня нашых прашчураў і нашых сучаснікаў… Ну проста цудоўна зроблена сонечнае папяровае пано, якое, на наш погляд, пры адпаведным павелічэнні ў памерах, магло б упрыгожыць інтэр’ер утульнага дзіцячага садка!… І якія пранізліва чыстыя кампазіцыі ў ніжняй частцы выяўленчай прасторы нашай газетнай паласы: тут і арнаменты, і аўтарская кампазіцыя, якая сапраўды выпраменьвае мару. Яна — пра дзяўчынку, што з падаконніка высотнага дома пазірае ўніз, на родны горад, і марыць, марыць… Яна, як тая птушка, лунае думкамі ў нябёсах…
ЖНІВЕНЬ: “Устану ранкам насустрач сонцу...”
Усхваляваны “дыялог” фантастычных птушак — уладароў Сусвету: вось яны, вялікія і моцныя, на фоне шагалаўска-мітуслівага правінцыйнага гарадка, маляўніча раскіданага ў прасторы зямных турбот... А побач — спакойна-сузіральныя матывы: дрэвы і хаткі, з комінаў якіх струменіцца дым; светлы нацюрморт з фруктамі, чайнікам і кветкамі ў збанах. Жыццё ідзе…
ВЕРАСЕНЬ: “Вось гэтак у добрым здароўі мы будзем ляцець і ляцець...”
Гэты твор — нібы гатовая ілюстрацыя да займальнай дзіцячай казкі. Мо кагосьці з літаратараў гэтыя вобразы і натхняць на стварэнне яе ў рэальнасці! І будуць чытаць тую казку дзеткам сцямнелымі вераснёўскімі вечарамі. Гульня цацак — вясёлая, заўзятая, квяцістая. Здаецца, што адкрытая кніга ў цэнтры кампазіцыі — як сімвал таямнічасці дзіцячага малюнка… Акварэльная празрыстая чысціня пачуццяў — і ў творах, якія побач… І яшчэ адну работу, як палёт юначых мараў, можна таксама разглядаць ілюстрацыяй — хіба ж гэта не навявае ўспамін пра Купалавы радкі з “Хлопчыка і лётчыка”?
КАСТРЫЧНІК: “Я малюю паветра кастрычніка...”
Кажуць, што дзіця больш аддае перавагу яркім фарбам. Але — не заўсёды. Часам яно і ў чорна-белай графіцы можа ствараць штосьці цікавае, выбудоўваць свой, толькі яму вядомы, казачны, свет. І тут з дапамогай лініі і штрыха першароднае значэнне набывае нястомная дзіцячая фантазія, у дадзеным выпадку звязаная з вобразам фантасмагарычнай істоты-птаха. Эксклюзіў алоўка — эксклюзіў дзяцінства…
ЛІСТАПАД: “І тчэ, забыўшыся, рука...”
У складанай габеленавай стыхіі калажа-аплікацыі, у рытмічных перапляценнях нітак, у дакладна выверанай гульні дэкаратыўных форм і каляровай пластыкі паўстае вобраз “этнічнай” Восені. А мо гэта толькі мы, дарослыя, дамыслілі, што такой утульнай уявіў яе юны творца? Бо ў шэрым золкім лістападзе так хочацца сагрэцца бліскавіцамі цяпла нітак, захутацца ў іх… Апошні месяц восені — кожны з юных талентаў прэзентуе па-свойму (зноў жа — праз наша бачанне): ён, лістапад, — то ў ружовым святле ўспамінаў, то ў паўднёвым святле экзатычных дамкоў, то — паказаны праз фактурныя прадметы па-даросламу эстэцкага нацюрморта…
СНЕЖАНЬ: “Ой мяцеліца, ой мяцеліца...”
Вельмі цікавая кампазіцыя, пабудаваная на кантрасце халодных і цёплых колераў і адценняў. Сюжэт пра тое, як у салодкі сон дзіцяці ўрываецца доўгачаканая чароўная Зіма ў вобразе казачнай прынцэсы-прыгажуні. Жывапіс — цалкам самакаштоўны, і можна смела разглядаць яго як эстэтычную з’яву ў шматаблічнай прасторы дзіцячага мастацтва.