Сустрэцца ў студзені!

№ 1 (1127) 04.01.2014 - 10.01.2014 г

9 — 12 студзеня ў Брэсце ў 26-ы раз пройдуць “Студзеньскія музычныя вечары”. Гэты Міжнародны фестываль класічнай музыкі збярэ прадстаўнікоў з 10-ці краін.

Увогуле, непаўторным і запамінальным будзе кожны з шасці вечароў — нават калі ён прыпадзе на дзённы час, бо ў суботу і нядзелю адбудуцца па два канцэрты. Урачыстае адкрыццё фестывалю забяспечыць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Аляксандра Анісімава. На гэты раз сапраўднай сенсацыяй “Студзеньскіх вечароў” стануць спевы расійскай салісткі Ірыны Багачовай, якая плённа супрацоўнічае з аркестрам ужо шмат гадоў.

А ці не сенсацыя — выступленне джаз-квартэта Гары Гутмана з ЗША? Шмат уражанняў прынясе і Калядны баль, на якім будуць іграць сімфанічны аркестр Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы і Брэсцкі гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі. Побач з імі госці — Сілезскі квартэт з Польшы. Яшчэ адзін брэсцкі калектыў — Камерны аркестр абласной філармоніі — можна будзе пачуць у адным з дзённых канцэртаў.

Ды ўсё ж самым, бадай, сюрпрызным абяцае быць закрыццё фестывалю з удзелам сусветна вядомай салісткі Вялікага тэатра Расіі Ганны Аглатавай, трыа італьянскіх тэнараў “Школа Павароці”, іншых знаных гасцей і, галоўнае, гаспадароў — сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, на сцэне якога і адбудуцца ўсе канцэрты.

— Наш аркестр, — гаворыць яго кіраўнік Аляксандр Сасноўскі, — удзельнічае ў фестывалі ўжо 16 гадоў запар. Дзякуючы заснавальніцы, дырэктару і мастацкаму кіраўніку фестывалю, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі Ліліі Батыравай, мы выступалі са знакамітымі спевакамі і музыкантамі многіх краін. Таму “Студзеньскія вечары” сталі для нас і выканальніцкай школай. Фінальным акордам стане своеасаблівы “сумесны праект” — італьянскія тэнары праспяваюць з аркестрам не толькі арыі, але і кампазіцыю “Парад спевакоў”, якую больш як 20 гадоў таму напісаў беларускі дырыжор і музыкант Юрый Цырук.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"