Запрашае “Magnificat”

№ 1 (1127) 04.01.2014 - 10.01.2014 г

ІХ Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”, які паводле завядзёнкі мусіў адбыцца леташняй восенню, перанесены на пачатак новага года. Фестываль пройдзе ў сценах сталічнага касцёла Сымона і Алены і будзе доўжыцца два дні — 4 і 5 студзеня. Адкрыецца “Magnificat-2013” дакументальным фільмам іспанскай вытворчасці “Хто ён, Папа Францыск?” пра жыццё абранага летась пантыфіка.

Мы звярнуліся да старшыні фестывалю, рэжысёра-дакументаліста Юрыя Гарулёва з просьбай распавесці пра асаблівасці гэтага кінафоруму.

— Найперш мушу вас запэўніць, — кажа спадар Юрый, — што мастацкі ўзровень фільмаў сёння, як і раней, — высокі. Гледачы не будуць расчараваныя. На гэтым перадюбілейным фестывалі да ліку сталых краін-удзельніц далучылася новая — афрыканская Замбія. На жаль, праз матэрыяльныя прычыны “Magnificat-2013” пройдзе ў скарочанай версіі. Раней асноўнай пляцоўкай фестывалю быў горад Глыбокае, а сёння праграма не выходзіць за межы Мінска. У васьмі папярэдніх форумах удзельнічала больш як 30 краін, штогод — 15 — 16. Сёлета іх будзе толькі дзясятак.

Фестываляў такога кшталту ў свеце няшмат. У Польшчы ёсць фестываль-пабрацім нашага, у Італіі — кінафэст “Рэлігія сёння”, два рэлігійныя форумы ладзяцца ў Расіі. Вось, бадай, і ўсё, што на слыху ў прафесіяналаў. Калі “Magnificat” распачынаўся, на беларускім тэлебачанні не было праграм рэлігійна-духоўнага зместу, зараз жа іх можна паглядзець на многіх каналах. Спадзяюся, што мы разам з іншымі паспрыялі добрай справе, адыгралі ролю каталізатара культурнага працэсу. Нагадаю, на фестываль уваход вольны. Чакаем на кінасеансах мінчан і гасцей сталіцы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"