Чатырнаццаць ідэй для 2014-га

№ 1 (1127) 04.01.2014 - 10.01.2014 г

Цягам года “К” штотыднёва друкавала асабістыя рэйтынгі інтэрнэт-ідэй нашых суачыннікаў, так ці інакш звязаных з культурай, — пяцьдзясят два чалавекі склалі свае топ-5. Прапануем чытачу азірнуцца і ўспомніць 14 лепшых інтэрнэт-ідэй мінулага года.

Юрый МАКСІМЕНКА, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі:

 — У Фінляндыі і ва Украіне выкарыстоўваецца такая арыгінальная форма кіравання чытаннем, як фарміраванне падборак літаратуры ў прывабных торбах з прывабнымі слоганамі тыпу: “Книжкова торбина для всієї родини” (“Кніжная сумачка для ўсёй сям’і”). Чытач, які спяшаецца, можа без чаргі схапіць торбачку з падборкай кніг і часопісаў для ўсёй сям’і, а калі запоўніць анкету ды пазначыць, што чытаюць члены яго сям’і, тады здолее атрымліваць кнігі і па індывідуальных заказах у далейшым. Чым не падтрымка сямейнага чытання?

Юрый ЗЯЛЕВІЧ, дырэктар Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”:

— Перасоўная выстаўка (музей). Канешне, шмат для якіх музеяў краіны гэта не навінка. Але размова ідзе пра перасоўную выстаўку разам… з выставачнай залай. У мінулым годзе бачыў на пачатку лета матэрыял пра замежную галерэю, якая стварыла такую лёгкую для мантажу выставачную прастору з падвясным асвятляльным абсталяваннем у выглядзе вялікага белага куба. Такая зала магла б з’явіцца ў любым месцы, дзе ёсць электрычнасць і наведвальнікі. Такім чынам, не чалавек прыходзіць у выставачную залу, а сама зала прыходзіць да чалавека! Галоўнае — добра спраектаваць такі часовы будынак.

Святлана КРЫВЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы:

— У бібліятэках Даніі для прыцягнення юных чытачоў і фарміравання ў падлеткаў пачуцця прыналежнасці да бібліятэчнай прасторы праходзяць мерапрыемствы “Mindspot” — “Месца ідэй”. Моладзь збіраецца, абмяркоўвае думкі, выказвае прапановы і пажаданні, што датычацца бібліятэчных сэрвісаў і праграм. У выніку гэтых дзей арганізоўваецца Art Wall — “Арт-сцяна”, утварэнне для рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі.

Юрый ІГРУША, на момант публікацыі - дырэктар “Беларускага відэацэнтра”, кінатэлепрадзюсар:

— У Расіі на самым высокім дзяржаўным узроўні ініцыявалі стварэнне Фонду крэатыўных ідэй. Праз названую структуру дзяржава будзе адбіраць для далейшага фінансавання і прасоўвання знойдзеныя ў Сеціве ідэі. Асаблівая ўвага мае надавацца сацыяльна значным праблемам. Глабальная мэта — знайсці працоўныя месцы для крэатыўнай моладзі. Ужо цяпер гаворыцца, што падтрымку дзяржавы атрымаюць, прынамсі, суполкі ў Інтэрнэце, электронныя бібліятэкі, сайты разнастайных ініцыятыў, парталы дыстанцыйнага навучання і нават карысныя гульні. У якасці перспектыўнага развіцця адзначаецца, што кліенты падобных вэб-рэсурсаў пасля набываюць тысячы людзей па ўсім свеце. Як мяркуецца, такі фонд будзе абапірацца на інструменты дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Мне падаецца, падобны фонд мог бы з’явіцца і на Беларусі. У нас вельмі шмат крэатыўных людзей, што здольныя генерыраваць ідэі. Дык чаму б апошнія не ўрэчаісніць?

Вольга СЕМЧАНКА, на момант публікацыі - вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы:

— “Жывая гісторыя”. На мой погляд, вельмі ўдалы фармат — ён жа метад, ён жа жанр... Мне вядома, што, прынамсі, адзін такі праект рэалізуецца ў нашай краіне і мае ўласны сайт. Калі сцісла, сэнс “жывой гісторыі” ў тым, што сведка пэўных гістарычных падзей дзеліцца ўспамінамі. У адрозненне ад звычайнага інтэрв’ю і іншых сумежных жанраў, “жывая гісторыя” дае магчымасць выказацца самому чалавеку. Акурат у гэтым — галоўная каштоўнасць метаду. Мне здаецца, работнікі культуры, а таксама аматары з ліку мясцовых жыхароў, моладзі маглі б распачаць падобныя праекты ў сваім горадзе, рэгіёне. Аб’ектамі “жывой гісторыі” маглі б стаць пажылыя людзі — жывыя носьбіты традыцыйнай культуры, якія могуць распавесці пра гісторыю сваёй вёскі і падзеі мінулага, апісаць старасвецкі сялянскі побыт, звычаі, адносіны паміж людзьмі. У адрозненне ад этнаграфічнай экспедыцыі, якая мае збольшага дакладную, аб’ектыўную аснову, акцэнт будзе зроблены менавіта на суб’ектыўным пачатку (прыватны светапогляд, уласная ацэнка падзей і г. д.). І гэта дапаможа захаваць тое, што так цяжка зафіксаваць: дух, унутраны змест традыцыйнай культуры, сапраўдную сутнасць яе каштоўнасцей у жывым увасабленні.

Людміла ГУРЫНОВІЧ, дырэктар Слуцкай раённай сістэмы публічных бібліятэк:

— Геакэшынг — гэта новая форма экскурсіі па бібліятэцы. Група чытачоў дзеліцца на каманды, для кожнай выбіраюцца капітаны. Каманды атрымліваюць маршрутныя лісты з каардынатамі тайнікоў і адпраўляюцца ў вандроўку. Пераможцы знаходзяць запаветны “клад”. Такая форма работы дае магчымасць чытачам самім датыкнуцца да кнігі, пакарыстацца каталогам, адчуць сябе ў бібліятэцы паўнапраўным гаспадаром. А гэта, пагадзіцеся, залог таго, што наведвальнік ізноў прыйдзе ў бібліятэку, каб правесці вольны час, папрацаваць у Інтэрнэце, пачытаць і сустрэцца з сябрамі.

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

— Унікальную магчымасць карыстацца электроннымі выданнямі (кнігамі, аўдыязапісамі, перыёдыкай) не выходзячы з дома прадастаўляе бібліятэка Інстытута імя Гётэ. Тут распрацаваны спецыялізаваны сэрвіс Onleihe — электронны бібліятэчны он-лайн-абанемент. З дапамогай яго карыстальнікі маюць магчымасць атрымліваць выданні дахаты 24 гадзіны ў суткі цягам усяго тыдня. Вяртаць носьбіты інфармацыі ў такую бібліятэку не трэба: пасля сканчэння тэрміну карыстання атрыманы файл проста не адкрыецца.

Людміла ДУДАРАВА, на момант публікацыі - начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама:

— Інтэрнэт — гэта дзейсны сродак рэкламы. Менавіта ў Сеціве можна сустрэць найбольш цікавыя моманты з мерапрыемстваў нашага раённага Дома культуры. Так, пераможца шоу-праграмы “Супербабуля-2012” Таццяна Толчыкава стала папраўдзе знакамітай пасля таго, як фрагмент “візітоўкі”, дзе бабуля чытае… рэп, быў размешчаны ў Інтэрнэце. Яго паглядзела 25 690 чалавек, у тым ліку карыстальнікі з Канады, Украіны, Расіі… Пасля такога рэкорду сюжэты пра “Супербабулю” і пра наш раённы Дом культуры былі зняты на СТБ, АНТ... Больш за тры тысячы праглядаў — у музычнага нумара, які стаў пераможцам раённай шоу-праграмы “Хвіліна славы”. Доўга абмяркоўваліся ў нашым горадзе рэкламны ролік Клуба маладой сям’і “Гармонія” раённага Дома культуры, асобныя нумары з шоу-праграмы для моладзі “Ідэальны хлопец”... Таленавітая творчая моладзь нашага РДК спрабуе сябе і ў запісах кліпаў, што таксама можна сустрэць у Сеціве.

Вольга ВОЎК, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска:

 — Сторытэлінг — гэта распавяданне гісторый. Вядома, што інфармацыя лепш успрымаецца, калі яна пераказана сваімі словамі: простымі, размоўнымі, расказанымі чалавекам, якому давяраеш. Відаў сторытэлінгу вельмі шмат (культурны, сацыяльны; міфы, паданні і інш.) — усё залежыць ад таго, з якой мэтай адбываецца пераказ. У бібліятэках за мяжой сторытэлінг вельмі распаўсюджаны, нават існуюць прафесійныя сторытэлеры.

Алена ЛЯШКОВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:

— 3D-тэхналогія прадстаўлена ў экспазіцыі. У другой чарзе новай экспазіцыі мы таксама плануем выкарыстоўваць яе ў тэатральнай зале. У наведвальнікаў з’явіцца магчымасць праглядаць у гэтым фармаце запісы купалаўскіх спектакляў. У тэатральнай зале неўзабаве будзе ўстаноўлены і трывізар, які дасць магчымасць пабачыць выявы музейных прадметаў (да прыкладу, тэатральныя касцюмы) з кожнага боку і без 3D-акуляраў.

Алена АРЦЁМАВА, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Петруся Броўкі:

— Пастаянна адшукваю ідэі для правядзення Ночы музеяў. Наша апошняя тэма, да прыкладу, называлася “Ажылыя пяцідзясятыя”. Інтэрнэт падказаў шэраг цікавых форм. У кватэрах-музеях Санкт-Пецярбурга вельмі актыўна карыстаюцца такім прыёмам, як актуалізацыя інтэр’ераў. І мы звярнуліся да сяброў — мінскага філіяла маскоўскага тэатра-школы “Вобраз”. Артысты падрыхтавалі ў нашых інтэр’ерах вельмі сімпатычныя тэатральныя пастаноўкі, у тым ліку і паводле твораў Данііла Хармса.

Віталь ГАЎРЫЛАЎ, загадчык навукова-інфармацыйнага аддзела Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка:

— Цяпер ужо не толькі кожны супрацоўнік, але і наведвальнікі павінны мець доступ у Інтэрнэт у сценах музея. Вось на пачатку гэтага года пры адкрыцці ў адным з нашых філіялаў стацыянарнай выстаўкі “Прагулка па Ніжне-Пакроўскай” запусцілі пробны бясплатны Wi-Fi для наведвальнікаў. Ён распаўсюджваецца як у памяшканні ўстановы, так і ў музейным дворыку. Гэта дало магчымасць выкарыстоўваць сістэму QR-кодаў для размяшчэння дадатковай інфармацыі па экспазіцыі музея. Цяпер наведвальнік можа прасканаваць код і атрымаць інфармацыю з сайта музея на трох мовах. З дапамогай гэтай жа тэхналогіі можна пашыраць магчымасці аўдыягіда.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ, дырэктар Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва”, мастак:

— Google запусціў выдатны праект —“Art Projekt”. Тут выкладзены выявы высокай якасці, прадстаўлена вялікая колькасць галерэй. Праект карысны для чалавека, які любіць наведваць выставачныя пляцоўкі, любавацца мастацтвам, але не мае магчымасці выязджаць непасрэдна на месца дзеяння. Плюс шмат досыць цікавых замежных галерэй з выдатнымі фатаграфіямі экспанатаў і пастаяннае папаўненне базы.

Сяргей ГРЫНЕВІЧ, жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў:

— У Сеціве шмат сайтаў па мастацтве. Самы вядомы, міжнародны, — www.art-info.com — расказвае пра мастакоў, выстаўкі, арт-кірмашы, якія праходзяць у свеце. Я гэтым цікаўлюся і час ад часу наведваю найбольш значныя фестывалі і арт-кірмашы, удзельнічаю ў экспазіцыях. Айчынныя ж спецыялізаваныя сайты па мастацтве пачалі з’яўляцца зусім нядаўна, і іх не так шмат. Ёсць, канешне ж, і гарадскія сайты, з мастацкімі рубрыкамі, але менавіта спецыялізаваных — мала.