Срэбра і золата, якім цаны няма

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

“Краіна скарбаў” — гэткае вызначэнне для Беларусі само прыйшло на думку пасля агляду новай выстаўкі “З крыніц адвечнай прыгажосці”, якая адкрылася ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры.

 

 /i/content/pi/cult/145/975/Zoloto2.jpg

Грошы і рэчы з мінскага скарбу.

Манеты і рэчы, зброя і ўзнагароды, у вырабе якіх задзейнічаны высакародныя металы і каштоўныя камяні, упершыню прадстаўлены наведвальнікам разам і ў такой колькасці. Як патлумачыла аўтар канцэпцыі выстаўкі, галоўны захавальнік фондаў Святлана Гаўрылава, гэтая калекцыя пачала фарміравацца ў 1957 годзе, а сам выставачны праект прымеркаваны да 40-годдзя адкрыцця першай музейнай экспазіцыі. Яго мастацкае рашэнне выканалі Валерый Лявунін, Аляксандр Бранцаў і Алег Кваскоў.
Чаканка манет і ювелірная справа дасягнулі адмысловага майстэрства ўжо ў Антычнасці. Археалагічныя даследаванні засведчылі, што грошы Старажытнага Рыма ўжываліся як плацежны сродак і на нашай тэрыторыі. Адкрывае экспазіцыю унікальны скарб, знойдзены ў 2002 г. на будоўлі каля вёскі Маліч Брэсцкай вобласці.
Схавала яго гоцкае племя падчас міграцыі. На выдатна захаваных дэнарыях выразна бачныя профілі твараў рымскіх імператараў і імператрыц. Спецыялісты пазналі жонку Марка Аўрэлія — Фаўстыну Малодшую, жонку імператара Адрыяна і ўнучатую пляменніцу Траяна — Сабіну... Скарбу нададзена першая катэгорыя ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Здаўна пачалі рабіць упрыгажэнні для сваіх жанчын славяне. Сямілопасцевыя скроневыя колцы вяцічаў — вельмі рэдкая знаходка. Пэўную выкшталцонасць можна заўважыць у дрыгавіцкіх скроневых колцах з зярнёнымі каралінамі.
Асобны фрагмент выстаўкі прасочвае шлях “з варагаў у грэкі”. Яго сляды на нашых землях — віты бранзалет, адліты ў ХІІ ст. на Готландзе з золата вышэйшай пробы, ды арабскія дырхемы, выпушчаныя пры дынастыях Сасанідаў і Абасідаў.
Наш Нацыянальны музей гісторыі і культуры можа пахваліцца самым вялікім ва Усходняй Еўропе скарбам чэшскіх дэнарыяў, знойдзеным паблізу вёскі Дзягцяны Капыльскага раёна.
Але царуе ў першай зале выстаўкі парадны княжацкі пояс першай трэці
XIV ст. У прэсе ён неаднаразова згадваўся пад назвай “пояс Вітаўта”.

 /i/content/pi/cult/145/975/Zolat.jpg

Княжацкі парадны пояс.

— Верагодна, што ён быў сярод дароў крымскага хана Хаджы-Гірэя вялікаму князю Вітаўту, — кажа Святлана Гаўрылава. — Аднак гэтая гіпотэза пакуль не пацверджана дакументальна. Затое высветлена, што пояс быў выраблены ў Кафе (па-сучаснаму — Феадосіі), а спражкі да яго — у Генуі.
Каб легендарны пояс трапіў як бясцэнны экспанат у Нацыянальны музей, спатрэбілася 11 гадоў перыпетый, лічачы з таго моманту, калі ён быў выяўлены ў складзе манетна-рэчавага скарбу каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна. У тым, што ён перайшоў ва ўласнасць Беларускай дзяржавы, немалая заслуга доктара гістарычных навук, прафесара БДУ, карыфея нумізматыкі Валянціна Рабцэвіча. Зараз гэты атрыбут уладароў, пачэсна пакладзены на барвовую тканіну, паблісквае ў промнях падсветкі. А ў вітрыне насупраць — тры слуцкія паясы, расшытыя залатой ніццю.
У другой зале ў цэнтры ўвагі — сталовае срэбра пазнейшых вякоў. Няспешны рэспектабельны лад жыцця арыстакратыі і заможных мяшчан узвёў трапезу і піццё гарбаты ў непарушны сямейны рытуал. “Абедаць на срэбры”, нават сам-насам, без званых гасцей, лічылася паказчыкам годнасці, дабрабыту і, безумоўна, тонкага густу.
Выкшталцонасць посуду значыла не менш, чым смак саміх страў. Бульётка з ручкай-арлом на накрыўцы, якая награвалася на срэбранай жа спіртоўцы, шчыпчыкі для цукру — пра гэтае начынне цяпер можна хіба што прачытаць у аповедах пра старасвецкіх памешчыкаў.
Самы знакаміты мінскі скарб, у якім аказалася багата каштоўнага посуду, быў выяўлены ў жніўні 1988 года падчас дарожных работ на перасячэнні вуліц Урыцкага і Валадарскага.
Найстарэйшыя рэчы ў гэтым скарбе — блюда і кубак XVII стагоддзя. Цікавы экспанат — шкатулка, падораная ў XVIIІ ст., мяркуючы па подпісу, князёўне Кацярыне Батурынай-Менглерыйскай. Падсвечнікі, датаваныя 1783 г., зрабіў мінскі майстар Борух Тапаз. У складзе гэтага ж скарбу шмат посуду, вырабленага на фабрыцы срэбных спраў Івана Губкіна, які меў тытул пастаўшчыка імператарскага двара.
Міжволі абвастраюцца пачуцці, калі з атрыбутаў раскошы і ўтульнасці пераводзіш погляд на халодную зброю. Каўказскія збройнікі ХІХ — пачатку ХХ ст. ужывалі для аздаблення шашак і кінжалаў усемагчымыя тэхнікі: зернь, скань, філігрань, чарненне, гравіроўку, інкрустацыю каштоўнымі камянямі...
Мы са Святланай Гаўрылавай набліжаемся да вітрыны, прысвечанай фалерыстыцы, дзе пабліскваюць найрэдкія ўзнагароды (некаторыя засталіся ў свеце ў адзінкавых экзэмплярах).
Напрыклад, медалі за поспехі ў маляванні, у паэзіі, або французскі медаль XVII ст. у памяць аб кардынале Рышэлье.
І, нарэшце, вось яны — звонкія манеты, дзеля якіх ва ўсе эпохі здзяйсняліся страшныя злачынствы і адчайныя авантуры: залатыя гульдэны, аўтуны, дукаты, мікалаеўскія чырвонцы, долары...
Вітрыны, за якімі знаходзяцца экспанаты, выкананы па спецыяльнай замове музея і абаронены шматузроўневай сістэмай аховы.
Плануецца, што выстаўка “З крыніц адвечнай прыгажосці” будзе працаваць больш за год. А пасля некаторыя паказаныя на ёй каштоўнасці зоймуць пастаяннае месца ў абноўленай экспазіцыі музея.

Святлана ІШЧАНКА