Шапэн, Лучанок і... цымбалы

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Сталічная Дзіцячая музычная школа мастацтваў імя Фрэдэрыка Шапэна адзначыла 60-годдзе. Яна была створана ў нялёгкі для краіны час: музычная адукацыя ў пасляваенныя гады была рэдкасцю, Беларусь узнаўляла разбураную народную гаспадарку. Але рашэнне аб стварэнні школы было правільным: “Нам песня строить и жить помогает”, як у тым шлягеры спяваецца.

 

Сярод педагогаў установы ў свой час быў Ігар Лучанок. “Я быў яшчэ студэнтам кансерваторыі, — успамінае кампазітар, — калі мяне запрасілі выкладаць па класе цымбалаў. Школа знаходзілася ў лядашчым будынку, але мае вучні старанна спасцігалі таямніцы чароўнай музыкі...”

Цяпер школа займае добраўпарадкаваны асабняк, яе ўзначальвае Міхаіл Абражэвіч. На юбілейным творчым вечары сабраліся выпускнікі, навучэнцы, педагогі. Пад час канцэрта прагучалі творы Шапэна, беларускіх і польскіх кампазітараў. Дапамогу ў правядзенні вечара аказаў Польскі інстытут у Мінску.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф