Усюдыісны музейны воўк. Ці ёсць варыянты?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Валожыншчына: як мы шукалі масла да кашы / Акцыя “К” — журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі
Чарговая, гэтым разам — зімовая, вандроўка “на колах” пралегла па Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях. Прызнаемся шчыра, маршрут мы выпрацоўвалі без скрупулёзнасці. Проста прыкінулі, у якіх раёнах павінны даводзіцца да лагічнага завяршэння брэндавыя праекты, пра пачатак якіх “К” пісала ў свой час. Такім чынам і была складзена “лагістыка” нашага аўтапрабегу па сямі раёнах Беларусі.

/i/content/pi/cult/460/9748/11-6.jpg

/i/content/pi/cult/460/9748/11-1.jpg

/i/content/pi/cult/460/9748/11-2.jpg

/i/content/pi/cult/460/9748/11-3.jpg

/i/content/pi/cult/460/9748/11-4.jpg

/i/content/pi/cult/460/9748/11-5.jpg

Летнія камандзіроўкі, безумоўна, з зімовымі не параўнаць: дні — кароткія, сонейка — рэдкасць вялікая. Адно слова — Піліпаўка, ваўчынае вяселле. Дарэчы, нейкіх таемных драпежнікаў на лясных начных трактах бачылі пастаянна. Але галоўнай мэтай падарожжа палічылі, як і раней, мэтанакіраваны пошук брэндавых культурных з’яў: ідэй, сувеніраў, гістарычных збудаванняў, што сталі антуражам для культурных дзей… А недахоп сонечнага святла гэтымі снежаньскімі днямі нам замяняла яркасць творчых праектаў, якія насуперак усяму прыдумваюць і з карысцю рэалізоўваюць нястомныя работнікі культуры. Шкада, што не ўсе…

 

“АграДоры” — клубу не памочнік?

Вёска Доры Валожынскага раёна — першы прыпыначны пункт нашага ваяжу. На адным з паважных месцаў — сельскі Дом культуры і дасугу. Побач — агульнаадукацыйная школа, праз дарогу — ДШМ з бібліятэкай. Здзівіла, што вокны кожнай установы ўпрыгожваюць адмысловыя выцінанкі. Уражанне такое, што сярод шэрага дня распачаўся вясёлы снегапад. Прыгожа! Менавіта выцінанка — адзін з брэндаў гэтых мясцін. Але пра яе — трошкі пазней…

Кіруе клубнай установай Валянціна Саўген. У свой час яна працавала намеснікам кіраўніка па ідэалогіі мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Рэакцыя на такую кадравую ракіроўку ў нас была адзіная: відаць, сённяшнія сувязі з “АграДорамі” ў СДКіД па старой памяці — самыя ўзорныя. Аднак — не. Па словах Валянціны Аркадзьеўны, змянілася ў арганізацыі кіраўніцтва, скасаваліся да мінімуму і стасункі. Быццам не дзеці аграрыяў бегаюць на васьмі клубных фарміраваннях. А вось кантакты са школамі — сталыя ды трывалыя. Дырэктар ДМШ Вольга Харлінская кіруе клубным гуртком габелена і выцінанкі. Натуральна, што бумам на выцінанку ахоплена і школа. Таму і зіхацяць у вокнах папяровыя карункі — візітоўкі вёскі Доры.

У чарговы раз сутыкнуліся з праблемай начных дыскатэк, якія аджываюць свой век з прычыны вядомай усім забароны непаўналетнім знаходзіцца на танцах пасля 23.00. У Дорах тая ж сітуацыя, што і ва ўсіх: работнікаў культуры хвалюе тое, што падлеткі бавяць вечары бескантрольна. Чарговае пытанне ў нікуды: калі ж завершыцца гэты “эксперымент” над моладдзю?..

Між тым, план па аказанні платных паслуг СДКіД ужо перавыканаў, за кошт канцэртаў зарабіўшы у пазабюджэт сем мільёнаў рублёў.

Мы ж накіроўваемся да чарговай установы культуры — дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў. Кабінет загадчыка апошняй нагадвае хутчэй элегантную экспазіцыю музея: на сценах — з густам падабраныя і размешчаныя на сценах выцінанкі, а таксама іншыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як высветлілася, Вольга Харлінская — не першы год з’яўляецца сябрам Беларускага саюза народных майстроў, і апроч функцый па кіраванні вучэбным працэсам у ДШМ з задавальненнем далучае да мастацтва і дзяцей. Адзіны клопат — якасныя матэрыялы для сувеніраў. Нават тая ж папера каштуе вельмі дорага...

Калі ж казаць пра выцінанку, то гэтае традыцыйнае кітайскае мастацтва прыйшло на Беларусь яшчэ ў ХІХ стагоддзі. За гэты час яно ў нас атрымала нацыянальныя асаблівасці, заснаваныя на традыцыйных вобразах і сімвалах беларускіх ручнікоў. У свой час выцінанкамі аздаблялі інтэр’ер сялянскіх хат, рабілі з іх фіранкі на вокны...

Пасля ДШМ меркавалі завітаць у сельскую бібліятэку. На жаль, не атрымалася: як сведчыла запіска, бібліятэкар была вымушана з’ехаць у бальніцу.

Нелірычнае адступленне Яўгена Рагіна

“Доры” — ці не адзін з першых аграгарадкоў у раёне. І гэта бачна. Над вокнамі пачала абвальвацца тынкоўка на галоўным фасадзе. У глядзельнай зале ад дажджоў ды снегу працякае столь. “АграДоры” такая акалічнасць, па словах Валянціны Саўген, не надта турбуе. І не толькі ў тым справа, што дорскія аграрыі на сёння — далёка не заможныя. Палохае тое, што з нашага лексікону амаль знікла слова “талака”. І надта ўжо многія сельгаспрадпрыемствы перасталі пачуваць сябе ў вёсках сапраўднымі гаспадарамі. Нават транспарт ды грошы на навагоднія дзіцячыя падарункі (абавязковы, так бы мовіць, мінімум) выдаткоўваюцца для клубных патрэб далёка не па першай просьбе...

Таму і спадзяецца Валянціна Саўген адно толькі на гаспадарчую групу роднага аддзела. Нядаўна тэлефанавала — абяцалі прыехаць. А выснова адзіная: нашы работнікі культуры застаюцца ўсё больш самадастатковымі, а правільней сказаць — ізаляванымі ў коле ўласных праблем...

Калі за справу бярэцца таксідэрміст

У вёсцы Сугвозды бібліятэчная і клубная ўстанова (фармат — два ў адным) зачынена: абедзенны перапынак у адпаведнасці з графікам працы. Тэрыторыя прыбрана. Побач з бібліятэкай-клубам — бюст Мікалая Гастэлы. Здзівіла дыхтоўная паветка, што цягнецца ўздоўж левага бакавога фасада. Лепшай “сцэны” для тэатралізацый і спектакляў — не прыгадаць. Вельмі хацелася пра гэта пагутарыць з кіраўнікамі вясковай культуры. Але, ашчаджаючы час, рушым на Валожын.

Усяго колькі кіламетраў ад гродзенскай аўтатрасы, і мы — у надзвычай сімпатычным горадзе, з усіх бакоў перспектыўным для турызму. Як ні круці, але ХІХ стагоддзе тут літаральна ажывае: можна пабачыць і касцёл, і царкву, і нават адрэстаўраваную ешыву. Пасуе гістарычнай атмасферы і гарадская забудова пачатку ХХ стагоддзя. А што ўжо казаць пра старадаўнія палацы роду Тышкевічаў — у Валожыне іх тры, — якія разам складаюць цэласны палацава-паркавы ансамбль!

Пагадзіцеся, далёка не ў кожным райцэнтры можна ўбачыць такую старасвецкасць. Таму пабываць у Валожыне (а ў летапісах горад згадваецца ў XIV стагоддзя) планавалі яшчэ пад час нашага першага летняга аўтападарожжа, ды з-за шчыльнага графіка вырашылі перанесці знаёмства з багатым на гістарычную спадчыну горадам на колькі месяцаў.

Трохі пагуляўшы па цэнтры Валожына, вырашылі адшукаць краязнаўчы музей: дзе ж, як не там, можна ўбачыць цікавыя артэфакты ды знайсці адказы на пытанні з гісторыі раёна? Да прыкладу, пра сляды, што пакінула Першая сусветная вайна: якраз праз горад праходзіла лінія фронту...

Традыцыйна апытваем мясцовых жыхароў. Сітуацыя ў цэлым тыповая: адны не ведаюць, як дапамагчы, іншыя скіроўваюць у правільным напрамку, адзначаючы, што музей знаходзіцца досыць далёка ад цэнтра. Што крыўдна, ніводзін з апытаных намі падлеткаў не здолеў нават прыблізна патлумачыць месцазнаходжанне ўстановы...

Як высветлілася, прычын гэтаму ёсць некалькі. Па-першае, музей (сам будынак быў узведзены на пачатку ХХ стагоддзя) створаны адносна нядаўна, а яго калекцыя — досыць сціплая нават па раённых мерках. Больш за тое: толькі зараз фарміруецца пастаянная экспазіцыя.

Ва ўстанове нас сустрэла навуковы супрацоўнік Крысціна Сухадолец — сімпатычная дзяўчына, малады спецыяліст, — якая адпрацавала ў музеі ўжо амаль два гады. Па яе словах, з гадавым планам у 7 мільёнаў установа справілася яшчэ на пачатку месяца. Зараз жа ўсе сілы кінуты на яе абнаўленне.

Агледзеўшы фрагменты будучай экспазіцыі, здзівіліся дзвюм рэчам: поўнаму дамінаванню экалагічнай тэматыкі і гэткаму ж поўнаму ігнараванню беларускай мовы. Нават на сувенірных паштоўках практычна ўсё аформлена па-руску. І калі першы факт можна патлумачыць імкненнем адлюстраваць вобразы славутай Налібоцкай пушчы — гонару Валожыншчыны, — то другі тлумачыцца нібыта зручнасцю для замежных турыстаў...

Не маем нічога супраць прыроднай экспазіцыі, стварэннем якой займаецца “Музейна-афарміцельская студыя” з Мінска на чале з яе кіраўніком Сяргеем Сіманюковым і таксідэрмістам Анатолем Харонжым. Але ці не лепш — ды больш прэстыжна — было б стартаваць экспазіцыяй, прысвечанай старадаўняй традыцыі ткацтва паясоў па адметнай тэхналогіі “на ніту”, а таксама адноўленым мясцовым строям? Хто-хто, а ваўкі з лісамі прадстаўлены ледзь не ў кожным краязнаўчым музеі.

У свой час вяліся размовы, што ў Валожыне краязнаўчы музей будзе прысвечаны жалезаруднай прамысловасці, паколькі тут з даўніх часоў займаліся здабычай жалезнай руды, а ў вёсцы Вішнева яшчэ ў 1780 годзе былі пабудаваны металургічныя печы для плаўлення чыгуну і жалеза. Убачыць хаця б маленькую выстаўку, прысвечаную гэтай тэматыцы, у нас не атрымалася…

Да слова, ні цікавых артэфактаў, ні адказаў на пытанні па гісторыі раёна ў музеі мы так і не знайшлі.

Музеі бываюць самыя розныя. У нашай краіне найбольш пашыраны краязнаўчыя. Яно і невыпадкова: трэба захоўваць і папулярызаваць мясцовую традыцыйную культуру, элементы народнай спадчыны. Але чаму пасля знаёмства з адным музеем і блізка не ўзнікае пачуцця захопленасці, гонару за народную культуру, а ў іншым — літаральна з ганка апаноўваюць зусім іншыя, пазітыўныя эмоцыі? Чаму аднаму музею, каб папоўніць калекцыю побытавымі прадметамі, этнаграфічнымі экспанатамі, неабходны дзясяткі гадоў і вялікія сродкі, а іншаму — не патрэбны нават мінімальныя грошы на іх набыццё?

Нелірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Музеі бываюць самыя розныя. І вельмі хацелася б, каб яны былі падобны хаця б да Музея матэрыяльнай беларускай культуры “Бацькаўшчына”, зусім нядаўна створанага ў Рыбалах (Беласточчына, Польшча) у будынку колішняй школы руплівай працай настаяцеля мясцовай царквы айца Рыгора Сосны і яго матулі Антаніны ўсяго за чатыры гады. Гэта тысячы экспанатаў, прынесеных абсалютна бясплатна мясцовымі жыхарамі, сярод якіх — як шараговыя сёння рэчы, кшталту сучаснай дамскай сумачкі (хто ведае, мо праз сто гадоў і яны будуць унікальнымі экспанатамі), так і нямецкія боты з драўлянымі падэшвамі часоў Вялікай Айчыннай вайны...

Блуканні без рэкламы

Пра тое, як мы “Скарбніцу” ў Валожыне шукалі, гаворка асобная. Калі пра музей у райцэнтры не ўсе ведаюць, дык пра месцазнаходжанне народнага аб’яднання майстроў Валожынскага цэнтра культуры — тым больш. А ўся бяда ў тым, што бракуе гораду вулічнай рэкламы культурных аб’ектаў. Рэкламы дасціпнай, дакладнай, выразнай, арганічна ўпісанай у райцэнтраўскі ландшафт — такой, якая сама па сабе стала б культурным брэндам. А цяпер скажыце: якое мястэчка Беларусі можна назваць узорным у плане наяўнасці менавіта такой рэкламнай насычанасці? Правільна, гэткіх пакуль няма. Хтосьці адзначыць, што лепшая рэклама ўстановы — гэта яе праца. Несумненна. Але належная рэклама тут — што масла, якім кашу ніяк не сапсуеш.

Аднак вернемся да рэальнасці. У пошуках “Скарбніцы” мінакі накіроўвалі нас і да паліклінікі, і зноў да краязнаўчага музея. Змушаны былі ўзяцца за тэлефон. У выніку пачарговых стасункаў з начальнікам аддзела і кіраўніком гаспадарчай групы высветлілася месцазнаходжанне загадкавага аб’екта, як, дарэчы, і тое, што трапіць сюды немагчыма, бо якраз сёння, у чаканні ізраільскай мастацкай дэлегацыі, падлога ва ўстанове аказалася аўральна пафарбаванай. “Не ваш дзень”, — з сумам канстатаваў начальнік аддзела Вікенцій Адамовіч.

Мы не пагадзіліся. Свой дзень ствараем сабе самі. Дый дасведчаны кіраўнік “Скарбніцы” Наталія Кліменак сустрэла нас ля зачыненага аб’екта вельмі своечасова. Дамок — драўляны, прыгожы і арыгінальны па архітэктуры, але ўжо занадта лядашчы ды кепска ацяпляемы. Увогуле, з прытулкам мясцовым майстрам не надта шанцуе: спачатку месціліся ў ЦК, а летась пераехалі ў драўляны “церамок”, дзе дагэтуль працавала-мерзла дзіцячая бібліятэка...

Наталія Міхайлаўна ганарыцца сваімі майстрамі, якіх ужо больш за тры дзясяткі. Мерзнуць “Скарбніцы” пакуль не выпадае: вандруюць па раёне і не толькі, прадаюць свае работы і на “базе”, і на выездзе, балазе ў транспарце начальнік аддзела ніколі не адмаўляе. Усе навакольныя санаторыі — у сферы ўплыву “Скарбніцы”. Праўда, па словах кіраўніцы, у адным з іх стацыянарны пункт рэалізацыі сувеніраў давялося па нейкіх бюракратычных прычынах скасаваць. Але не бяды: гадавы тавараабарот, па словах Кліменак, — вельмі салідны, бо ў драўляным дамку часта бываюць замежнікі, якія без ваганняў набываюць і разьбу па дрэве за 200 долараў, і паясы, і кераміку. Дарэчы, нам паабяцалі, калі высахне фарба на падлозе, прадаць па шыкоўным поясе. Праўда, кошт іх пасля працяглага торгу нам так і не ўдалося знізіць. Наталія Міхайлаўна ўмее гаспадарыць...

Агульнае нелірычнае адступленне

Валожыншчына нас парадавала натхнёнасцю сталых кадраў і прагай самаўдасканалення — маладых. Праўда, прагу гэтую трэба пастаянна сілкаваць ды накіроўваць. Спадзяёмся, у кіраўніка культуры Валожыншчыны хопіць для гэтага цярплівасці ды сіл, а краязнаўчы музей распавядзе праз час не толькі пра ваўка, што сумна вые ў Піліпаўку...

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Мінская вобласць — Гродзенская вобласць — Віцебская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"