Якому тэлеканалу аддаяце перавагу ў навагоднюю ноч?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Я не фанат тэлебачання і, даруйце, не разумею тых, у каго тэлевізар уключаны ўвесь дзень. Пакуль магчымасць выбіраць, што глядзець сярод некалькіх дзясяткаў каналаў была у навіну, яна захапляла. Цяпер жа абыходжуся мінімальнай колькасцю і каналаў, і перадач. Навіны я чытаю ў Сеціве, фільмы люблю глядзець на вялікім экране ў кінатэатры. Але ёсць дні, калі тэлевізар — такі ж неабходны чыннік станоўчага настрою, як і святочны стол. Гэта, скажам, Новы год. Тут “скрыня” патрэбна хаця б для таго, каб ў апошнія хвіліны адыходзячага года адчуць сябе часткай грамады, адчуць еднасць з краінай. А ці патрэбен тэлевізар пад Новы год іншым? Ці аддаюць апытаныя дзеячы культуры ў навагоднюю ноч (ды і ўвогуле) перавагу беларускаму тэлебачанню?

Канстанцін ВАШЧАНКА, мастак, дызайнер, арт-дырэктар:

— Неяк не думаў пра гэта. Я ўвогуле мала гляджу тэлебачанне. А калі мяне цікавяць нейкія падзеі, дык пстрыкаю пультам. Як глядач аддаю перавагу такім каналам, як “Discovery” і “National Geographic”. Па-першае, з іх дапамогай заўжды адкрываю для сябе нешта новае ды цікавае. Па-другое, тут мне ёсць чаму павучыцца ў сэнсе майстэрства падачы інфармацыі. Што ж да Новага года, дык, зразумела, сустрэну яго па беларускім часе. З дапамогай айчыннага тэлебачання...

Галіна ЛАДЗІСАВА, дырэктар Музея гісторыі горада Мінска:

 — Мне не часта выпадае пасядзець ля тэлевізара. Каб ведаць, што адбываецца ў краіне, асабліва ў галіне культуры і мастацтва, гляджу беларускае тэлебачанне. Мэтанакіравана выбіраю тое, што датычыцца маёй працы, маёй прафесіі. З замежных тэлеканалаў мяне вабяць “Discovery” і “Культура”. Магу адзначыць, што наша тэлебачанне, у чымсьці саступаючы замежным каналам, усё ж такі арыентуецца на добрыя ўзоры, і калі-нікалі робіць праграмы цікавыя ды змястоўныя. Я маю на ўвазе культурную хроніку і гісторыка-дакументальныя фільмы. У Новы год, сярод іншых каналаў, буду глядзець і беларускія. Абавязкова — віншаванне Кіраўніка дзяржавы...

 

Ад аўтара. Нешта падобнае, калі ў сумоўі гаворка заходзіла пра тэлебачанне, я чуў і ад іншых. Маўляў, беларускае ТБ гляджу, каб быць у курсе падзей і ведаць прагноз надвор’я на заўтра, але як глядач аддаю перавагу каналам, якія маюць высокі сусветны ці рэгіянальны рэйтынг. Аднак ёсць цікавасць і да свайго. У прыватнасці, людзі з задавальненнем глядзяць праграмы кшталту “Падарожжы дылетанта” ці дакументальныя серыялы, прысвечаныя малавядомым старонкам нацыянальнай гісторыі.

Што ж да Новага года, дык я буду вельмі рады, калі наша ТБ “адаб’е” гледачоў у расійскіх каналаў з іх досведам стварэння святочных шоу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"