Пра міласэрнасць. І не толькі…

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Два погляды на дакументальны фільм "Зіма пройдзе"
Прэм’ера дакументальнай стужкі “Зіма пройдзе”, якая адбылася ў Доме Масквы, цікавая шэрагам акалічнасцей. Фільм створаны пры ўдзеле прыватнага банка, Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сімптаматычны факт, бо пад час працы над неігравымі карцінамі існуюць два істотныя пытанні. Першае — дзе знайсці адметнага і годнага героя, другое — дзе адшукаць грошы.

/i/content/pi/cult/460/9742/99-99.jpeg

Гераіняй фільма “Зіма пройдзе” (аўтар сцэнарыя і рэжысёр — Таццяна Кіракозава, аператар — Аляксей Мартынаў, прадзюсар — Аляксандр Цярэшчанка, вытворчасць студыі “Артмедыка”) стала медыцынская сястра Ніна Мікалаеўна Блізнюк, узнагароджаная медалём Флорэнс Найтынгейл за сваю шматгадовую дапамогу людзям старым і адзінокім, а таксама інвалідам, прыкаваным да ложка. Таму спрыянне банка, які мае асобную праграму для дактароў і настаўнікаў, выглядае натуральным ды актуальным. Аўтарскі калектыў таксама склаўся невыпадкова. Аляксандр Цярэшчанка вядзе на тэлебачанні перадачу, прысвечаную здароўю, Таццяна Кіракозава зняла шэраг ролікаў, а таксама дакументальную стужку "Хочаш пачуць — паглядзі" пра дзяцей, якія маюць парушэнні развіцця.

Карціна “Зіма пройдзе” стваралася цягам года. Самае складанае пад час здымак любой стужкі — зрабіць так, каб герой, які ведае, што камера ўключана, вёў сябе натуральна ды нязмушана, каб ён пусціў “людзей кіно” ў прастору свайго жыцця. Гэты вынік у карціне дасягнуты. Эпізоды наведвання Нінай Мікалаеўнай сваіх падапечных чаргуюцца з эпізодамі яе ўласнага жыцця. Так ствараецца ў стужцы баланс суму і надзеі, журбы і радасці. Вядома, жанчына — надзвычай цікавая. Здатная не толькі паспачуваць, але і дапамагчы — справай, словам, жартам. Уражанне, што менавіта невычэрпны аптымізм Ніны Мікалаеўны доўжыць жыццё ейным пацыентам. У якасці скразной тэмы ў фільме гучыць музыка Эдварда Грыга і знакамітая мелодыя “Песні Сольвейг”, першы радок якой і даў карціне назву.

Прэзентацыя фільма — узор таго, якім павінна быць прадстаўленне грамадскасці кожнай цікавай неігравой карціны: у прасторнай зале, з запрашэннем друкаваных СМІ і тэлебачання, герояў стужкі, з прэс-канферэнцыяй ды наступным абмеркаваннем. Падобную практыку варта пераймаць, бо карціны, прысвечаныя жывапісцам, скульптарам, дызайнерам, з цікавасцю ўбачылі б студэнты і выкладчыкі Акадэміі мастацтваў, тыя, хто адлюстроўвае музычную тэматыку, студэнты музычных каледжаў і Акадэміі музыкі.

Фільм “Зіма пройдзе” наўрад ці будзе прадстаўлены ў шырокім пракаце — хутчэй, яго ўбачаць на кінафестывалях, прысвечаных сацыяльнай тэматыцы. Так, вядуцца перамовы наконт паказу стужкі на адным з беларускіх тэлеканалаў. Але стаўленне да айчыннага неігравога кіно ў нас вядомае: пакажуць, але ў дзённы час, для хатніх гаспадынь. Тыя ўздыхнуць, паплачуць і… усё застанецца, як было.

Мяркую, ствараючы карціну пра самаадданую жанчыну аўтары “Зіма пройдзе” выйшлі (магчыма, міжволі) на больш шырокае кола праблем і вострых сацыяльных пытанняў, якія пакуль не вырашаны. Мая б воля, дык гэты фільм я паказала б, прынамсі, вялікім і малым начальнікам, якія працуюць у сістэме аховы здароўя.

Стваральнікі стужкі запрасілі на прэм’еру студэнтаў медкаледжаў і Медуніверсітэта. Быццам і правільна. Моладзь павінна ведаць медыкаў-калег, якімі варта ганарыцца. Але што да, скажам так, "прафарыентацыі", дык, на маю думку, большай агітацыяй за прафесію з’яўляюцца, як ні парадаксальна, серыялы “Інтэрны” і “Скліфасоўскі”. Так, гэта тэлеказкі, але ў іх ёсць баланс белага і чорнага, камічнага і трагічнага. Прастора ж, у якой дзейнічае гераіня карціны “Зіма пройдзе”, часам у такой ступені беспрасветная і дэпрэсіўная, што сучасная моладзь, арыентаваная ўсё ж такі на іншыя стандарты жыцця, хутчэй будзе імкнуцца трапіць у прыватны медыцынскі цэнтр, абсталяваны па апошнім слове навукі. І дызайну...

Карціна спараджае роздум. Так, старасць нікога не ўпрыгожвае. Ніхто не ведае, колькі ягоны арганізм вытрывае, колькі будзе (чыста фізічна) служыць гаспадару. Нездарма перад паказам стваральнікі неаднаразова заўважалі: “Калі здолееце даглядзець фільм да канца…” Але міжволі нараджаецца пытанне: чаму людзі, якімі апякуецца Ніна Мікалаеўна, хворыя, прыкаваныя да ложка, якія працавалі ўсё жыццё на дзяржаву, не бамжы і не асацыяльныя элементы, жывуць у такіх умовах? Чаму сама Ніна Мікалаеўна, маючы міжнароднае прызнанне сваёй самаадданай працы, жыве ў гэткай жа цеснай кватэры? Паставілі стол з нагоды свята і — ужо не праціснуцца… Маё глыбокае перакананне: сапраўдныя героі павінны жыць інакш! Ды і гераізм аляксандраў матросавых нашага часу “закрывае” праблему адсутнасці разгорнутай і дзейснай сістэмы паліятыўнай дапамогі, такой актуальнай цяпер.

Развіццё цывілізацыі памяншае смяротнасць, але і нараджальнасць — таксама. Пра гэта з непакоем пішуць сацыёлагі, медыкі, журналісты. Таму псіхалагічныя праблемы людзей немаладых і не надта здаровых будуць паступова станавіцца яшчэ больш вострымі, балючымі — і для іх саміх, і для іхніх дзяцей ды сваякоў. А таму стануць часцей трапляць у зону грамадскай увагі. Існуе такі выраз: старасць не можа быць радаснай. Яна можа быць спакойнай. Пакутлівай або годнай, дадам я.

Таццяна МІХАЙЛАВА

 

Велікадушнасць сястры міласэрнасці — толькі верхні сэнсавы пласт гэтай гісторыі. Ніна Мікалаеўна сапраўды нясе гэты складаны і высакародны цяжар з годнасцю ды мужнасцю. Яшчэ больш глыбокія перажыванні гледача выклікае тая бязмерная бездапаможнасць, у якую пагружаны кожны чалавек перад тварам старасці і смерці. Памерці годна дадзена не кожнаму — перад такой праблемай апынулася грамадства у цэлым, і мноства сем’яў у прыватнасці. Магчыма, гэта праблема не толькі нашай краіны. Магчыма, медыцынкія службы пэўным чынам удзельнічаюць у лёсе старых, у фільме гэтага не паказана. Але сам сацыяльны пасыл у стужцы маецца на ўвазе, хоць ён і не відавочны.

Хто дапаможа самой Ніне Мікалаеўне, якой таксама ўжо за семдзесят? Яна жыве ў гэткай жа “хрушчоўцы”, як і ейныя пацыенты, даглядае агарод на дачы, як гэта робяць тысячы пенсіянераў. Уся надзея на ўнука: маленькі школьнік часам ходзіць разам з бабуляй і таксама спявае. Так, спявае пажылым людзям (чымсьці гэтыя карцінкі нагадваюць выступленні дзяцей у ваенных шпіталях, знаёмыя таксама па дакументальных стужках): яны дрэнна чуюць, практычна не рухаюцца, часта злуюцца. Яны дрэнна выглядаюць і не ў захапленні ад камеры ды аператара — часта група вымушана сыходзіць з кватэры. Але Ніна Мікалаеўна так проста не здаецца: яна прарываецца праз хандру ды раздражненне і ўсё ж такі дамагаецца, каб пацыент устаў, паеў, паглядзеў у акно... Ейнае служэнне (інакш і не скажаш) доўжыцца ўжо больш за сорак гадоў!

Фільм дэбютаваў напярэдадні юбілейных урачыстасцей Чырвонага Крыжа, і яго плануецца паказаць у еўрапейскіх офісах арганізацыі на святочных цырымоніях. Медаль Флорэнс Найтынгейл, якога Ніна Мікалаеўна была ўдастоена ў 2009 годзе, — толькі частка той удзячнасці і разумення, што грамадства можа выказаць. Нявыказанае значна глыбейшае, і ў фільме ёсць гэта метафізіка: скупая візуальная мова, музыка Грыга ўздымаюць наша асэнсаванне праблемы на іншую вышыню, да іншых перажыванняў. Уласна кажучы, у гэтым і ёсць сутнасць дакументалістыкі.

Любоў ГАЎРЫЛЮК