Маэстра абразной гравюры

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Зіновій Гарбавец і яго віцебская “сямігодка”
...А вось творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, у Гарбаўца знайсці цяжка, хаця ён з першых яе дзён пайшоў на фронт і да 1943-га ўдзельнічаў у жорсткіх баях, у тым ліку пад Ржэвам. Пасля цяжкага ранення быў камісаваны. І, на шчасце, — выжыў. У адрозненне ад франтавога таварыша, таленавітага мастака і любімага вучня Р.Фалька — Льва Зевіна, якому ў баі за горад Ржэў не пашанцавала… Такія выпадкі сустракаюцца, калі мастак-франтавік тэму вайны ў сваёй творчасці абыходзіць: занадта цяжкія перажыванні, якія непакояць душу, не даюць вяртацца ў мастацтве да нядаўняга трагічнага мінулага. Для сардэчнага спакою, канешне ж, лепш пісаць пейзажы, нацюрморты, партрэты, жанравыя сучасныя кампазіцыі. А эпас трагедый і подзвігаў Вялікай Айчыннай вайны, лічыў мастак, няхай прафесійна ствараюць тыя, каму гэта было наканавана лёсам…

/i/content/pi/cult/460/9741/15-1.jpeg /i/content/pi/cult/460/9741/15-2.jpeg /i/content/pi/cult/460/9741/15-3.jpeg

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 50, 51.)

Мабыць, чытачу трэба трошкі расказаць, што такое абразная гравюра з падоўжным сячэннем дрэва, у адрозненне ад тарцовай (папярочнай) гравюры. Абразная ксілаграфія (тэхніка эстампа, заснаваная на прынцыпе высокага друку) адыграла выдатную ролю ў працэсе дэмакратызацыі мастацтва. Гэтым спосабам друкаваліся карцінкі для грамадскіх нізоў, непісьменных і малапісьменных, для навучання дзяцей у школах. У іх выразна выявілася новая антыфеадальная, буржуазная ідэалогія. Магчымасць хуткага вырабу і выдання абразных ксілаграфій дазваляла ім своечасова адгукацца на актуальныя палітычныя падзеі, звяртацца да шырокіх народных мас, перш за ўсё з асяроддзя гарадскога люду: рамеснікаў, гандляроў, салдат, манахаў і г.д. З цягам часу ксілаграфія эвалюцыянавала ад лапідарнасці, абстрагаванай познягатычнай лінеарнасці да складанай штрыхавой фактуры, якая цудоўна перадавала аб’ём і святло. Менавіта апошняе і стала галоўнай “разыначкай” творчасці Гарбаўца. Толькі, на жаль, ён не прыйшоў да каляровай абразной гравюры, якой дасканала валодалі, да прыкладу, бліскучы экспрэсіяніст Э.Мунк, П.Гаген ці Ф.Валатон.

Такім чынам, дадзены від ксілаграфіі — самы старажытны ды досыць цяжкі спосаб гравіравання, і сёння ў класічным выглядзе ён амаль не ўжываецца. Гэтай тэхнікай карысталіся старыя еўрапейскія майстры, яе любілі і японцы. У Беларусі яна была пашырана з пачатку XVI і да канца XVIII ст. Нягледзячы на некаторую спрошчанасць, у абразной гравюры вельмі моцна адчуваецца, так бы мовіць, “графізм” твора. Сама тэхніка пазбаўляе аўтара ад празмернай дэталізацыі — у ёй значна большую ролю адыгрывае лінія, контур, “шкілет” выяўлення, дзе пераважае чорны шрыфт (белы ўжываецца значна радзей). Гэта яшчэ больш падкрэслівае вытанчаны “графізм” і прывабную дэкаратыўнасць выяўленчага прыёму. Найбольш вядомыя майстры тарцовай гравюры ўсіх часоў і народаў — А.Дзюрэр, У.Блэйк, Э.Мунк, К.Кольвіц, І.Галіцын, А.Краўчанка…

Зіновій Гарбавец гравюру рэзаў на падоўжанай дошцы з аднародным па шчыльнасці слоем і дастаткова адпаліраванай ды цвёрдай, каб друк атрымаўся ідэальным. Для гэтай мэты ён выкарыстоўваў грушу, яблыню, клён, алешыну, канешне ж, па магчымасці, цудоўны самшыт. Спрабаваў эксперыментаваць нават на ліпе, бярозе і фанеры, але гэта было не зусім тое. Словам, на загрунтаваную дошку пяром мастак наносіў малюнак. Потым вострымі нажавішчамі розных форм абразаў лініі і штрыхі з двух бакоў, а кавалачкі дрэва паміж лініямі выбіваў асобым долатам ці стамескай на глыбіні 2-5 міліметраў. На атрыманы такім чынам рэльеф валікам ці тампонам Гарбавец наносіў друкарскую фарбу і прыціскаў ліст паперы прэсам уручную. Такім чынам адлюстраванне з дошкі пераходзіла на паперу.

Словам, пры абразной гравюры кампазіцыя аказваецца камбінацыяй чорных ліній і плям, якія максімальна кантрастуюць з белай паперай. Гэтая звонкасць супастаўлення чорнага і белага ўжо загадзя вызначае вялікую дэкаратыўнасць абразной гравюры, а кантраст чорных і белых плоскасцей стварае эмацыйнае напружанне. Канешне ж, на словах цяжка растлумачыць неспакушанаму чытачу “таямніцы” гэтай складанай тэхнікі, але ўсё ж…

Свае мастакоўскія пошукі Гарбавец пачынаў з даволі простай графічнай тэхнікі — лінагравюры. Такі аркуш “Партрэт паэта Н.І. Готліба” — адна з першых віцебскіх работ, створаных у 1924 годзе. Магчыма, тут можна, пры жаданні, знайсці пэўныя недахопы — скажам, празмерна грубыя лініі ў асобных месцах накладзены занадта сухавата і схематычна. Але ёсць і шмат цікавага, таго, што хутка стане найбольш тыповым менавіта ў ксілаграфіі мастака: гэта ўменне тонка і глыбока пранікнуць у вобраз і ўнутраную сутнасць мадэлі. У дадзеным выпадку Гарбаўцу асабліва ўдалося перадаць выраз вачэй паэта — якасць, наогул характэрная для ўсіх наступных гравюрных партрэтаў майстра. Вось і тут: вочы — вялікія, задумлівыя, крыху сумныя — уважліва глядзяць на нас. Тонкая перадача псіхалагічнага стану чалавека як бы змякчае тую самую празмерную жорсткасць ліній і пэўны рацыяналізм у трактоўцы галавы і твару, пра якія я вышэй намякнуў. Магчыма, гэтыя рацыяналізм і жорсткасць не задаволілі і самога аўтара, бо больш да лінагравюры ён амаль не вяртаўся. Прынамсі, у даваенны перыяд.

Пасля гэтай работы Гарбавец неўзабаве цалкам пераходзіць да ксілаграфіі, у якой ён не толькі максімальна знайшоў сябе, але і ў 1930 — 1940-я гады здолеў перадаць гэтае ўменне сваім шматлікім маскоўскім вучням.

Адзін з лепшых твораў мастака з віцебскага часу — партрэт таленавітага мастацтвазнаўцы і краязнаўцы Івана Фурмана, актыўнага члена Камісіі па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Прываблівае цудоўнае разуменне канструкцыі ў малюнку з далікатным размяшчэннем скульптуркі аголенай жанчыны на пастаменце, умоўных кніжных паліц, трактоўка галавы мадэлі ў акулярах. Ясная, дакладная архітэктоніка, своеасаблівая моц малюнка, вонкавае падабенства, ярка акрэслены характар упэўненага ў сабе вучонага — адметныя рысы гэтай работы.

Удалы партрэт выкладчыка беларускай мовы С.Лінча, дзе таксама добра перададзены ўнутраны стан, характар чалавека кемлівага, настойлівага і, у той жа час, добразычлівага. Сярод іншых партрэтных вобразаў — “Партрэт педагога Н.Барушкі”, “Партрэт вучонага-заатэхніка В.Авітоўскага”, “Дзяўчына з кнігай”. Сярод краявідаў Гарбаўца — цудоўныя аркушы 1926 года “Віцебск”, “Віцебск з боку Віцьбы” і “Вадакачка ў Віцебску”. Яны — дэкаратыўныя і дзякуючы плоскаснасці кампазіцыі добра “ляжаць” на паверхні аркуша паперы. Асабліва прыгожая гравюра “Віцебск”, зробленая з настроем, з тонкім адчуваннем магчымасцей абразной гравюры, дзе пераважае паралельная штрыхоўка, пакладзеная смела і энергічна. Як правіла, большасць гравюр Гарбаўца аблямавана чорнай рамкай, што надае аркушу класічную строгасць і кампазіцыйную зладжанасць.

Хтосьці з вялікіх выказаў думку: новае ляжыць не ў выдумцы, а ў назіранні. І такая думка, на мой погляд, адлюстроўвае мастакоўскае самаадчуванне Гарбаўца. Ён — перакананы праціўнік разумовасці, абстрактнасці, туманнага алегарызму. Прыхільнасць натуры пазбаўляла яго адвольных рашэнняў. Ён падыходзіў да жыцця даверліва ды непрадузята і ў работах сваіх захоўваў вернасць убачанаму. Творца ўспрымаў увесь навакольны свет са шчырым хваляваннем, таму і гледачу так цікава разглядаць ягоныя аркушы. У іх няма памкнення да знешніх эфектаў, жадання ўразіць чымьсці незвычайным ды неспадзяваным. Мастак шукаў не знарочыстай навізны ўражання, а яго праўдзівасці, і асаблівасці перадачы гэтага ўражання былі прадвызначаны тут перш за ўсё рэальнымі ўласцівасцямі самога матыву ці самой мадэлі.

У аркушах Гарбаўца прасочваецца даследчая ўніклівасць, імкненне не слізгаць па паверні, а выявіць пластычную сутнасць прадмета, вобраза, адчувальна ўзнавіць яго матэрыяльнасць, рэчыўнасць. Мастак заўсёды вылучаўся абгрунтаванасцю ў творчасці. Пачуццёва-непасрэднае карэктавалася рацыянальным асэнсаваннем. Ён не выносіў бескантрольных эмоцый, і ў ягоных аркушах няма перавагі экспрэсіі над маляўнічасцю, вобразнасцю. Яго партрэты, пейзажы і нацюрморты нясуць не толькі моц пачуццяў, але і энергію думкі. Так мне падаецца. І ў гэтым — асаблівая пераканаўчасць яго вобразных пошукаў. Творца валодаў уменнем дакладна фармуляваць свае ўражанні, а адсюль — адчуванне мастацкай завершанасці кожнай работы. Вабіць у іх не вастрыня прыёму, а зоркасць погляду, дакладнасць перадачы ўбачанага, строгая кампазіцыйна-пластычная цэласнасць…

Як пісаў І.Фурман (кніга “Віцебшчына”, 1928 г., т. 2, стар. 181), “ ...ксілаграфіі Мініна, Юдовіна і Гарбаўца маюць вялікае значэнне ў жыцці мастацтва нашага краю. Да гэтых гравюр будуць звяртацца не толькі знаўцы мастацтва, а ўсякі, хто вывучае мясцовы край, і асабліва той, хто вывучае архітэктуру і побыт краю, бо ў гравюрах памянёных мастакоў даволі поўна выяўлены знешні від горада Віцебска і яго ўнутранае жыццё...”. Што ж, мабыць, мастацтвазнаўца, які асабіста добра ведаў гэтых графікаў, мог так напісаць.

А вось як падвёў вынікі дзесяцігадовага развіцця беларускага савецкага мастацтва выдатны мастацтвазнаўца Мікалай Шчакаціхін (часопіс “Полымя”, № 7 за 1927 г., стар. 194): “…Графіка займае ў нашай сучаснай мастацкай творчасці адно з самых першых месцаў і ў творах некаторых сваіх прадстаўнікоў ужо дасягае таго сінтэзу нацыянальнай формы з адпаведным сацыяльным зместам і практычнай карыснасцю, які наогул з’яўляецца асабліва патрэбным для нашага новага мастацтва. Іншыя віды развіваюцца пакуль што больш павольным тэмпам, чым гэтага вымагае жыццё”.

Безумоўна, у гісторыі нашай культуры таленавітыя гравёры, якія былі народжаны ў Беларусі ці цягам нейкага часу працавалі тут, пакінулі прыкметны след. Кажучы пра гэта, мы, мастацтвазнаўцы, згадваем імёны Я.Мініна, С.Юдовіна, А.Астаповіча, Г.Гембіцкага, А.Тычыны, М.Дабужынскага, П.Гуткоўскага, Г.Змудзінскага, М.Сеўрука, А.Зайцава. І ў гэтым шэрагу — Зіновій Гарбавец, які па сваім самабытным таленце ды адданасці мастацтву графікі мала ў чым саступаў вядомым гравёрам, што працавалі ў жанрах партрэта ці пейзажа. І не яго віна, што ён так мала папрацаваў у Беларусі…

 

Чытаце таксама папярэднія часткі артыкула: частка І і частка ІІ.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"