Калі ў батлейцы “зямля” з’явілася?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

У Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі працуе выстаўка “Цуд у Вiфлеемскую ноч”. Тут можна даведацца пра гісторыю батлеек на Беларусі, а таксама пра каталіцкую традыцыю будаўніцтва калядных ясляў.

/i/content/pi/cult/460/9740/14-4.jpg

Навуковы супрацоўнік музея Галіна Хомка зрабіла для журналістаў невялікую экскурсію і прадставіла пяць батлеек, выкананых у розных тэхніках у мінулым ды пазамінулым стагоддзях. Яна нагадала, што батлейка на Беларусі пачынае сваю гісторыю з XVI стагоддзя: “Самі батлейкі паходзяць з рытабляў — перанасных алтароў, якія аддавалі ў вёску, ці мястэчка — падалей ад буйнога горада. І такія рытаблі не знікалі: іх ператварылі ў тэатр”.

Наша старажытная батлейка захавала свой старажытны выгляд: скрыні ці шафы. Спачатку гэтым лялечным тэатрам кіравалі семінарысты. Тады ён меў толькі верхнюю частку — так званае неба, але потым, калі ў XVIII стагоддзі за справу ўзяліся рамеснікі, з’явілася і другая частка гэтага тэатра — так званая зямля.

На выстаўцы прадстаўлены вельмі розныя ўзоры батлейкі, сярод якіх — Магілёўская, 2-й паловы XIX стагоддзя, двух’ярусная саламяная Вілейская, а таксама рэканструкцыя Ельнінскай батлейкі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя.

Экспазіцыю, што будзе працаваць у Музеі гісторыі рэлігіі да канца студзеня наступнага года, дапаўняюць фігуры з розных батлеек і постаці з калядных ясляў, якія прывезены ў музей з-за мяжы.

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна

Фота аўтара