Таццяна БАНДАРЧУК: “Ісці, спатыкацца, уставаць і не здавацца”

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Беларускі дзяржаўны цырк сёння папулярны не толькі сярод сталічных жыхароў. Шматмільённая аўдыторыя АНТ па ўсёй Беларусі з захапленнем назірала за дзеямі, якія адбываліся на арэне рэаліці-шоу “Зорны цырк”. Жыхары і госці сталіцы ствараюць аншлагі на кожным прадстаўленні і забяспечваюць наведвальнасць у шэсць тысяч чалавек штодня. На ўнутрыпрафесійнай глебе Белдзяржцырк таксама застаецца фаварытам: цяпер не кожны цыркавы гастралёр можа выступіць на сталічнай арэне — ён павінен адпавядаць яе высокаму статусу. А калі ж нашы артысты самі выязджаюць на гастролі ці цыркавыя фестывалі, дык не вяртаюцца без узнагарод. Напрыклад, летась ІІІ месца на Сусветным фестывалі-конкурсе цыркавога мастацтва ў Маскве на Паклоннай гары занялі акрабаты, маладыя дрэсіроўшчыкі прывезлі “бронзу” з Усерасійскага фестывалю цыркавога мастацтва, а І месца цырк атрымаў на прэстыжным фестывалі CHIGAY Asias Grandest Street & Floats Parade ў Сінгапуры, прыз за якое ўручаў сам прэзідэнт гэтай краіны… За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаіць працалюбівая і таленавітая Таццяна БАНДАРЧУК, у мінулым выдатная цыркавая артыстка, а сёння — мастацкі кіраўнік і дырэктар цырка.

 /i/content/pi/cult/145/974/Bandarenka.jpg

Першая праграма з’явілася са мной...

— У наш цырк я прыйшла 12 гадоў таму, прывёўшы свой прыватны калектыў, у якім я была рэжысёрам уласнай праграмы і які ўжо гастраляваў у Сінгапуры, Англіі, увогуле ў Еўропе, на Далёкім Усходзе. Да мяне сталічны цырк быў цалкам пракатны: прыязджалі гастралёры, выступалі на нашай арэне і з’язджалі. І толькі з маім прыходам пачалі патрохі дабаўляцца беларускія выступленні. Ва ўсіх прэстыжных цырках свету — а іх адзінкі — быў балет, таму я адразу арганізавала балетную групу. Гэта вельмі прыгожа, гэта антураж, дэкарацыі, і хоць гэта не аснова праграмы, аднак вялікае і каштоўнае ўпрыгожанне.
Гэта першае, што было зроблена, — сабралі балет. Потым пайшлі нумары — па адным, патроху, без прыцягнення грашовых сродкаў, як кажуць, сваімі сіламі і сродкамі.
Паспрабавалі нават стварыць вучылішча, але сіл не хапіла, і яно праз два гады развалілася. Аднак не развалілася тое, што было наладжана ў цырку. А тут было самае сапраўднае вучылішча, цыркавая студыя, куды прыходзілі і прасілі навучыць іх.
Шчыра кажучы, было вельмі шмат цяжкасцей і перашкод, ды ўсё ж, нягледзячы ні на што, з’явілася першая унікальная беларуская праграма, якая была дасягненнем нашага творчага калектыву. І ў 2003-ім за яе я нечакана атрымала Спецыяльную прэмію Прэзідэнта нашай краіны дзеячам культуры і мастацтва. Такая ўвага, падтрымка маіх артыстаў, сям’і і вучняў па ўсім свеце, можна сказаць, вярнулі мяне да цырка.
Бо на той момант я была ў такім адчаі, што думала ўсё кінуць, не займацца цыркам. Калі ж атрымала прэмію, адчула, што людзі зразумелі, на алтар чаго я кладу жыццё. Я прыйшла ў цырк і сказала сабе: буду працаваць, для нашых любімых гледачоў, для дзяцей... А сёння да нас просяцца на гастролі, мяне запрашаюць на конкурсы ў журы, на фестывалі, мяне цэняць, прызнаюць, — адзіную жанчыну сярод мужчын-дырэктараў цыркаў свету.

 

У цырку гэтага не можа быць!..

— Вы ведаеце, я заўважыла, што сённяшняе, новае пакаленне вельмі адрозніваецца ад папярэдніх: яно прагне чагосьці дасягнуць. Калі я чую, што моладзь “дрэнная”, я не магу паверыць, — наадварот, яна ж імкнецца, хоча працаваць, яна бачыць мэту, да якой ідзе. Мяркую аб гэтым па артыстах, па маіх памочніках, якія і вучацца, і працуюць, за дзень могуць “перавярнуць” гару спраў.
Цяпер я ведаю: залатыя кадры трэба не шукаць, а гадаваць, выхоўваць тут, на месцы. Гэта, канешне, вымагае часу і высілкаў, але дае стопрацэнтны плён.
Калі ў нас важная падзея — прэм’ера, і калі я пасля шасці гадзін вечара шукаю сваіх намеснікаў, а хто-ніхто з іх мне кажа: “Прабачце, наш працоўны дзень скончаны”, — я шчыра здзіўляюся і не веру. У цырку гэтага не можа быць! Даводзіцца мяняць такіх намеснікаў, тых, хто вымярае сваю працу часам, гадзіннікам. У маім разуменні, цырк — гэта дом, і тут трэба быць дома, а не на працы. З дому ж не пойдзеш у 18 нуль-нуль, забыўшыся на незавершаныя справы. Я гэтага не разумею. Да нашай працы трэба прырасці душой, і калі трэба — прыйсці ў шэсць раніцы, а калі трэба — застацца да дзесяці вечара. Я не памешчыца часу прыгону, але ж цырк, як і любое мастацтва, — гэта праца на вынік, а не на адпрацаваны час.
І гэты вынік павінен быць заўважаны і адпаведна аплачаны.
Кадры, якія адпавядаюць мэце і месцу, — гэта заўсёды складанае пытанне.
Але мне дапамагае сям’я — мая нявестка Аня і сын Серж, які ў вольны ад манежа час займаецца адміністрацыйнай працай. І ўсё — дзеля таго, каб выручаныя сродкі, прыбытак мы маглі ўкласці ў манеж. Манеж — гэта паказчык усяго, твар цырка. Якімі б мы тут “важнымі” ні былі, але калі на манежы дрэнна, нікому такі цырк не патрэбны. Цырк — гэта бляск і шоу, ды толькі не для тых, хто тут працуе. Для нас гэта штодзённая карпатлівая праца.

 

Шкада, што нельга сябе кланіраваць…

— Я так жартую, калі думаю, колькі яшчэ хачу зрабіць, і адчуваю, што гэта не пад сілу аднаму чалавеку. А я з дзяцінства была такая — завадатар і арганізатар, заўсёды любіла планаваць. Мой былы муж, цяжкі на пад’ём, увесь час здзіўляўся: то мне канапу трэба перасунуць, то дах перакрыць, то дрэва пасадзіць, — калі я супакоюся?! А я гэтым жыву. Я не ўяўляю сабе, як можна інакш. Як можна раніцай прачнуцца і чухаць патыліцу: чым бы заняцца? Вось зараз я не на жарт разышлася і стаўлю эксперыменты, раблю не чыста цыркавыя праграмы, а — сапраўдныя шоу. Бо цырк — гэта мастацтва, якое сінтэзавала ўсе мастацтвы, і грэх гэта не выкарыстоўваць. Я люблю глядзець гэтыя шоу са сваёй дырэктарскай ложы, адкуль усё выдатна відаць, бо размешчана яна высока. І ўвогуле, цырк добра глядзець звысоку, адкуль усё бачна, як на далоні.
Я не толькі “перакладаю важныя паперы” на стале дырэктара, але кірую і творчым працэсам. Усе нумары ствараліся паводле маіх ідэй, маіх сцэнарыяў, маіх дызайнерскіх задум, і гэта ўсё нумары ручной працы. Дарэчы, мы зрабілі конны нумар пад музыку “Песняроў” у спецыяльнай аранжыроўцы, зрабілі касцюмы, якія вобразна назвалі “Легенды Палесся”. Спрабавалі ўвесці ў праграму і нашага беларускага зубра, але ён, на жаль, не паддаецца дрэсіроўцы.

 

У Монтэ-Карла — за Беларусь і за Расію…

— Дзякуй Богу, я не памылілася ў людзях, якіх некалі залучыла ў артысты з розных сфер дзейнасці, напрыклад, былых спартсменаў. Ужо ў першы ж год пасля іх выпуску на арэну на нас пасыпаліся прэстыжныя прэміі. Я ўжо казала аб прызе ў Сінгапуры, на вельмі сур’ёзным фестывалі, на які з’язджаецца ўвесь свет. Бронзу ўзялі на другім сусветным фестывалі на Паклоннай гары ў Маскве, дзе змагаліся з Кітаем (золата), Расіяй (серабро), Англіяй, Італіяй — мацнейшымі краінамі ў цыркавым мастацтве.
Наш цырк ідзе нароўні з Расіяй па якасці, але ў Расіі каля 60-ці цыркаў і аб’яднанняў, якія ўзначальвае Запашны, а ў нас — Беларускі дзяржаўны цырк, і яшчэ ў Гомелі. Мы — маленькая кропелька, а рускі цырк — цэлая сістэма, 4— 5 тысяч артыстаў.
Тым не менш, наш прафесіяналізм заўважаюць. Мы запрошаны ў Венгрыю на сусветны штогадовы фестываль, і думаю, што будзем там прэтэндэнтамі на ўзнагароду.
Там і я буду ў журы, як і ў будучым Першым цыркавым фестывалі ва Удмуртыі, куды прыедзе прынц Альберт і арганізатар цыркавога фестывалю ў Монтэ-Карла Урс Пілс.
Дарэчы, фестываль у МонтэКарла плануе з будучага года новаўвядзенне: у журы ўвойдуць дырэктары цыркаў, якія былі самі артыстамі і мелі ўзнагароды ў Монтэ-Карла. У Расіі такіх, як ні дзіўна, няма. Цяпер таленавіты і дасведчаны расійскі дырэктар Максім Юр’евіч Нікулін, які цудоўна ведае цырк, але журналіст па адукацыі, не зможа ўвайсці ў склад журы.
І ён прапанаваў мне прадстаўляць інтарэсы рускага цырка на будучы год у Монтэ-Карла, бо я 22 гады была акрабаткай цырка і з’яўляюся акадэмікам Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Расіі… Канешне ж, мне прыемна, што наш цырк цэняць не толькі ў нас, у блізкім замежжы, а і ў свеце. Дзеля гэтага варта было працаваць і змагацца, ісці і не здавацца.

Запісала Святлана КАСЯЧЭНКА