Міндальны суп пад Новы год

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Смачная гісторыя: каб быць багатымі, варыце боршч, а каб здаровымі — пячыце пернікі
Пад Новы год мы прынаджваем непастаянную птушку ўдачы любымі спосабамі: дванаццаць вінаградзін (паспець з’есці, пакуль б’юць гадзіннікі), напісаць жаданне на паперы, спаліць яе, змяшаць з шампанскім і выпіць яго апоўначы. Прадстаўнікі амерыканскага кантынента раяць есці салату з фасолі і свежай гародніны ў першую раніцу новага года. Кажуць, што гэта абавязкова прынясе фінансавы поспех. Існуе цэлы даведнік сусветных навагодніх прыкмет, у якім кожны ахвотны можа выбраць сабе святочны рытуал на свой густ і магчымасці. А што ж мы? Няўжо ў беларусаў няма ўласнага спосабу прывабіць шчасце і дабрабыт у навагоднюю або калядную ноч, у тым ліку кулінарнымі смакоццямі? Тым больш, што Каляды — гэта кульмінацыя кулінарнага года.

/i/content/pi/cult/460/9739/14-1.jpg /i/content/pi/cult/460/9739/14-2.jpg

Ежа — талісман

Зазірнём у кухню Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага напярэдадні калядных святаў. Духмянасць яе можна параўнаць з сімфоніяй, што складаецца з водараў, якія абуджаюць апетыт і ўяўленне.

Галоўным пунктам кулінарнай каляднай праграмы была і па-ранейшаму застаецца куцця — папярэдадзень самога свята. Салодкія вырабы з цеста не вельмі разнастайныя. На першым месцы — пернікі. Лічылася, што яны сімвалізуюць здароўе і дабрабыт. Мучныя вырабы на мёдзе былі вядомы яшчэ старажытным славянам, але “адкрыццё” вострых прыпраў і разрыхляльнікаў ператварыла цвёрдае цеста, якое выкарыстоўваецца ў абрадавых мэтах, у пернік. Пернікі, “катажынкі”, часоў Рэчы Паспалітай па якасці не саступалі нюрнбергскім і былі вядомы ў Еўропе з 1640 года. Падрыхтоўка цеста для пернікаў лічылася сапраўдным мастацтвам. Кожны паважаны род лічыў абавязковым мець уласны рэцэпт пернікавага цеста. Тры рэчы маглі дапамагчы дзяўчыне паспяхова выйсці замуж: запасы добрага мёду, сямейныя рэцэпты выдатнага піва ды смачных пернікаў.

А каб рэцэпт не маглі ўбачыць староннія вочы, яго перадавалі ў мяшэчках. У якасці пазнак вагі інгрэдыентаў выкарыстоўваліся каменьчыкі, кавалачкі металу, манеты і пацеркі. Вострыя і не вельмі салодкія пернікі ўжываліся як закуска да гарэлкі, а салодкія і здобныя — на дэсерт.

Святочная вячэра заўсёды была поснай. Нашы продкі, строга трымаючы пост, умелі павярнуць абмежаванне на сваю карысць і дасягалі дасканаласці ў прыгатаванні вытанчаных страў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што калядныя посты славіліся далёка за межамі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.

На стале пераважалі рыбныя стравы, спосабы падачы і разнастайнасць якіх уражвалі: спалучэнне варанага і запечанага мяса, фаршыраваная рыба з гароднінай... Часам рыбных страў аказвалася куды больш, чым традыцыйных дванаццаць .

А калі суп?

Пачыналася вячэра адным з традыцыйных супоў: чырвоным баршчом з вушкамі, грыбным ці, радзей, міндальным супам. Толькі пра адны супы на калядным стале можна расказаць шмат цудоўных гісторый. Класічны прыклад — міндальны суп, адна з традыцыйных посных страў каталіцкага дваранства. Гісторыя гэтага рэцэпта сыходзіць у Сярэднявечча: на працягу многіх стагоддзяў яго падавалі да папскага стала. Часцей за ўсё гэты суп варылі з міндаля, ачышчанага ад цёмнай скуркі.

Боршч на святочным стале заўсёды быў не проста святочнай ежай — гэта галоўная нота ў апавяданні, прысвечаным святу, памяць аб продках, надзея на багацце і дабрабыт у будучым годзе. Калі ў нашай кухні і існуе “грашовая страва” для навагодніх святаў, то гэта менавіта яна.

Традыцыйна калядны боршч быў посным: яго рыхтавалі з гародніны з дабаўленнем бурачнага соку. За пяць-шэсць дзён да свята буракі наразалі тонкімі лустачкамі, залівалі вадой, рыльца пасудзіны “запячатвалі” кавалачкам хлеба, завязвалі анучай і ставілі ў цёплае месца на кухні. У выніку атрымлівалася вадкасць рубінавага колеру, якую і дабаўлялі ў боршч пры гатаванні.

Зразумела, што ва ўмовах сучаснай кухні не кожная гаспадыня возьмецца за прыгатаванне баршчу па старадаўніх рэцэптах, але веру ў цуды і надзею на лепшае жыццё ніхто не адмяняў. Боршч па сямейным і любімым рэцэпце здольны стаць сапраўдным талісманам і пропускам у забяспечанае жыццё. Прычым яго не абавязкова есці на куццю ці ў навагоднюю ноч. Галоўная ўмова — зрабіць гэта паміж каталіцкімі і праваслаўнымі датамі Нараджэння Хрыстова. Тым больш, што ў надыходзячы Год Драўлянага Каня (паводле кітайскага гараскопа) проста неабходна есці караняплоды, прысмакі і імбір.

Смачна есці!

Аўтар: Таша ЛАПАЦЕНКА
пазаштатны аўтар газеты "Культура", антраполаг гастранаміі, ганаровы сябра і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі