Знайсці дабро

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Аксана АРАКЧЭЕВА, мастак, куратар мастацкіх выставак, сябра Беларускага саюза мастакоў, супрацоўнік Таварыства чэшска-беларускага сяброўства

/i/content/pi/cult/460/9738/13-4.jpg

1. Творчасць

Сеціва ў некаторай ступені дапамагае ў творчасці. Напрыклад, звярталася да яго, калі працавала над серыяй партрэтаў, якія рабіла ў падарунак да 80-годдзя нашаму Вялікаму тэатру: гэта сем палотнаў з салістамі балета ў сцэнічных вобразах. Я спачатку з імпэтам узялася за працу над “Спартаком”, але стварэнне партрэта ў поўны рост, які было неабходна зрабіць такім, каб вобраз адпавядаў канкрэтнаму сцэнарыю, балету, выканаўцу, — аказалася сур’ёзнай задачай. Хацела адмовіцца ад задумы, але натрапіла на цікавае фота Калізея, што адлюстроўваецца ў лужыне, — і гэта дало штуршок да працы. І цяпер работы фатографаў, мастакоў часам натхняюць на стварэнне вобразаў.

2. Выстаўкі

Не стае часу, каб усюды паспяваць, бо шмат чым займаюся: пішу партрэты, ілюструю дзіцячыя кніжкі, куратарствую, вандрую… Але дзякуючы Інтэрнэту ведаю, дзе якія выстаўкі адкрываюцца, праглядаю фотаздымкі з экспазіцый... Праз Сеціва дзялюся ўражаннямі таксама і ад сваіх выставак — заўсёды стараюся выкладваць фота, бо вельмі хочацца паказаць сваю радасць сябрам. Ці, да прыкладу, праз Інтэрнэт дамовілася аб супрацы з цудоўнай літоўскай акварэлісткай Эгле Ліпейкайтэ, з якой пазнаёмілася раней на міжнародным пленэры. Запрасіла яе ў Мінск, дзе мы арганізавалі экспазіцыю ейнай творчасці, а яна правяла найвыдатны майстар-клас.

3. Сяброўства

Дзякуючы Сеціву існуе магчымасць мець стасункі з сябрамі па ўсім свеце: шукаць старых і знаёміцца з новымі. Так, з год таму маё прозвішча (а тата Барыс Аракчэеў распачаў мастацкую дынастыю, у якой тры дачкі, чатыры ўнукі і праўнучка малююць) зусім нечакана прывяло да новага сяброўства. Мяне знайшоў хлопец, які спытаўся, ці вучылася я з ім у Парнаце (так называлі ў нас Гімназію-каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка), — аднак высветлілася, што ён пераблытаў мяне з сястрой (яна так якраз вучылася). Але так зладзілася перапіска, што пасля размовы, потым, пад час падарожжа, я завітала да яго ў Германію, дзе ён ужо больш за дваццаць гадоў працуе музыкантам… Зараз жа з сябрамі часта яго наведваем.

4. Падтрымка

Для мяне Інтэрнэт стаў накшталт сябра, я заўсёды он-лайн, і час ад часу адцягваю ўвагу ад працы, каб з кімсьці паразмаўляць у Сеціве. Раней працавалі ў майстэрні разам з татам, а калі ён у гэтым годзе сышоў з жыцця, я, як быццам, засталася адна... Памятаю, як дрыжачымі рукамі напісала на сваёй старонцы, што не стала майго натхніцеля, майго настаўніка, — і людзі з усяго свету падтрымалі мяне... Гэтая падтрымка сяброў ды знаёмых, якія шчыра спачувалі ды прапаноўвалі сваю дапамогу, усе цудоўныя словы пра майго тату — тое, што не дало апусціць рукі.

5. Дабрачыннасць

Падтрымліваю дзяцей з асаблівасцямі развіцця — тут таксама дапамагае Інтэрнэт. Так, у маі арганізую аднаму такому хлопчыку выстаўку фатаграфіі ў Празе. Праз Сеціва знайшла спонсараў, якія дапамогуць яму ды ягонай маці з дарогай і пражываннем, дамовілася з Пасольствам Беларусі ды Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Празе, дзе адбудзецца вернісаж — натуральна, займаюся куратарствам праекта. Дзякуючы Інтэрнэту лягчэй займацца дабрачыннасцю, знаходзіць тых, каму неабходна падтрымка, дамаўляцца аб арганізацыі мерапрыемстваў для іх — накшталт тэатральных імпрэз або майстар-класаў, падарункаў маіх кніжак-размалёвак...