Што чытаў князь Вітаўт?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

На пытанні “К” адказвае загадчык аддзела маркетынгу Прэзідэнцкай бібліятэкі Таццяна ЛЫЧАГІНА
10 снежня Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь адзначыла 80-годдзе. Установа выконвае функцыі аналітычна-інфармацыйнага падраздзялення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прыярытэтна абслугоўвае Нацыянальны сход краіны, Савет Міністраў, Канстытуцыйны, Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы суды, Выканаўчы сакратарыят СНД, міністэрствы, дзяржаўныя камітэты, ведамствы і мясцовыя органы кіравання. Бібліятэка фарміруе, захоўвае і выкарыстоўвае інфармацыйныя рэсурсы па пытаннях палітыкі, дзяржаўнага будаўніцтва, права, эканомікі, пры гэтым застаючыся адкрытай і дэмакратычнай у дачыненні да любога ахвотнага карыстальніка. У бібліятэчных сховішчах — адзін з паловай мільён дакументаў (і сучасных, і старадаўніх, якімі ўпаўне мог карыстацца і князь Вітаўт), а супрацоўнікі гатовы зрабіць усё, каб апошнія ў патрэбны момант аператыўна знайшлі свайго чытача.

/i/content/pi/cult/460/9736/12-1.jpg

— Таццяна Анатольеўна, ваш аддзел — малады, існуе з 2011 года. У чым яго асаблівасць?

— Маркетынг у бібліятэчнай справе, па маім асабістым меркаванні, перш за ўсё, — інструмент для кіраўніка ўстановы, галоўнага менеджара. Мы прапаноўваем — кіраўнік мяркуе, ці можна нашы ідэі выкарыстаць для агульнай карысці…

— Пачаў з гэтага пытання па той прычыне, што многія вашы калегі з раённых бібліятэк не заўжды дакладна ведаюць, чым павінен займацца бібліятэчны маркетолаг. Патлумачце, калі ласка, “тэхнічныя магчымасці” згаданага інструмента.

— Маркет — рынак, крама. Але гаворка зусім не пра тое, як зарабіць грошы. Асноўная справа — у прасоўванні бібліятэчнага іміджа. Значыць, да месца згадаць піяр, рэкламу фонду і паслуг у СМІ не толькі сярод наяўных, але і сярод патэнцыйных чытачоў… І тут вось якая цікавая рэч адбываецца: нас часта блытаюць з Нацыянальнай бібліятэкай…

— Ну, логіка зразумелая: Прэзідэнцкая — значыць, самая лепшая…

— Мы не супраць такога іміджа: пашанотна і да многага абавязвае. За восемдзясят гадоў наша ўстанова здолела стаць найбуйнейшым рэспубліканскім інфармацыйным цэнтрам і, да ўсяго, адным з самых кампетэнтных… Не забывайце пра нашы функцыі ды прыярытэты: аналітыка-інфармацыйнае падраздзяленне Адміністрацыі Прэзідэнта. Мы абслугоўваем людзей, якія адказваюць за лёс нашай дзяржавы.

— А як гэта адбываецца тэхнічна?

— Нашы аналітыкі, якія пачынаюць працу а 8-й раніцы, штодня рыхтуюць жанравыя інфармацыйныя падборкі для тых людзей, якія ў Адміністрацыі Прэзідэнта робяць высновы ды прагнозы. А 10-й інфармацыя трапляе да сенатараў, якія працуюць у камісіях і рабочых групах. Імкнёмся ўсё рабіць аператыўна, бо ад гэтага залежыць выніковасць дзейнасці прадстаўнікоў улады, парламентарыяў… Па вялікім рахунку, на гэта скіравана і структура нашага фонду: толькі газет, і не адно беларускіх, атрымліваем каля 800, а часопісаў — ці не тысячу найменняў. Фонд — універсальны, але пераважае прававая інфармацыя.

— Але ж вы выконваеце функцыі і публічнай установы? Як стаць вашым чытачом?

— Вельмі проста, як і ў звычайнай бібліятэцы: не забыць пашпарт, фотакартку ды невялікую суму для набыцця білета. І — чытальная зала да вашых паслуг. Увечары ў нас, да слова, ці не чэргі выстройваюцца з шараговых, так бы мовіць, чытачоў.

— А сенатары прыходзяць па кніжку для душы?

— Прыходзяць. І вельмі актыўна чытаюць, у тым ліку і мастацкую літаратуру.

— Давайце вернемся да маркетынгу. Што робіце для таго, каб да вас чытацкія чэргі выстройваліся?

— Бібліятэкар не павінен усё ведаць, бо гэта проста немагчыма. Але ж ведаць крыніцы ён проста абавязаны. Глабальнае Сеціва — справа добрая, але не гарантуе факталагічнай дакладнасці. Таму мы тлумачым карыстальнікам, у якіх яшчэ бібліятэчных установах чытач можа папоўніць свае веды з дапамогай друкаваных крыніц. Ды не гэта галоўнае. Якасць нашай працы — не толькі ў дакладнасці прадастаўляемай інфармацыі. Бібліятэкар павінен наладзіць кантакт з чытачом, які іншым разам не надта акрэслена ўяўляе, чаго хоча. Значыць, сапраўдны бібліятэкар проста абавязаны любіць не толькі кнігі, але і людзей… На маёй памяці скаргаў ад карыстальнікаў мы не атрымлівалі — толькі ўдзячнасці. Ведаеце, у нас — стабільныя калектывы і супрацоўнікаў нашых, і чытачоў.

— Аднак пра нейкія масавыя мерапрыемствы ў вашай акадэмічнай цішы і гаворкі няма?

— Ды чаму?! У нас пастаянна ладзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы. Ужо ў гісторыі засталіся вельмі цікавыя сустрэчы з Іванам Шамякіным, Янкам Брылём, Алесем Адамовічам, Святланай Алексіевіч. Чытацкія канферэнцыі з прэзентацыяй літаратурных навінак у нас сталі нормай. Стала праводзім выстаўкі жывапісных работ. Сёння ў нас экспануюцца акварэлі Уладзіміра Шаркова, прысвечаныя Мінску. Нядаўна адбылася прэзентацыя літаратурна-мастацкага часопіса “Метамарфозы”, што выдаецца ў Гомелі прыватным унітарным прадпрыемствам: мы падтрымалі гэтую ініцыятыву. А да парламенцкіх слуханняў пастаянна рыхтуем тэматычныя кніжныя выстаўкі. Удзельнічаем і ў міжнародных прамысловых выстаўках…

— І сапраўды, я шмат райбібліятэк наведаў, а жывапісныя выстаўкі бачыў толькі ў лічаных з іх. І гэта таксама пралікі мясцовых маркетолагаў… Якія яшчэ сувязі падтрымліваеце з раёнамі ды абласцямі?

— Выдаём зборнікі дакументаў для органаў мясцовага кіравання і парламентарыяў. Іншым разам дапамагаем раённым бібліятэкам у папаўненні кніжных фондаў. Цесныя сувязі, да прыкладу, з уздзенскімі калегамі.

— Я ішоў да вас і думаў: а чаму б у перспектыве кожнаму прадпрыемству ды арганізацыі ў краіне не завесці маленькія бібліятэкі папяровых кніг (электронныя — зручныя, але вялікай радасці не прыносяць). Да прыкладу, у рэдакцыях рэспубліканскіх выданняў такія калісьці былі...

— А што, цудоўны маркетынгавы ход! І такія бібліятэчкі могуць быць філіяламі буйных. Бібліятэчная паслуга, вы ведаеце, — вельмі танная, а маральную карысць ад яе цяжка вымераць.

— Як вы думаеце, чаму прыток маладых бібліятэчных сіл у раённыя і сельскія бібліятэкі не вытрымлівае ніякай крытыкі? Бібліятэкары старэюць, а бібліятэкі — выміраюць...

— Сённяшняй моладзі, як падаецца, не стае грамадзянскасці. Кім стаць: першым і аўтарытэтным спецыялістам на сяле ці незаўважным ды шараговым бібліятэкарам у вялікім горадзе? Першая частка пытання цяпер нават і не абмяркоўваецца. У тым ліку, безумоўна, і з прычыны мізэрных бібліятэчных заробкаў...

— У метро цяпер абавязкова ўбачыш двух-трох чытачоў электронных кніг. Апошнія сталі даступныя…

— Згодна, гэта зручна ў паездках. Але чытаць вінтажную, папяровую, кнігу — больш стыльна. Бібліятэка будучыні, на мой погляд, прапануе камбінаваны — аналагава-лічбавы — прадукт...

Фота аўтара


Маркетынгавы акцэнт

Старадрукаў усё больш!

Загадчык аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валерый Герасімаў паведаміў: у зборах старых юрыдычных дакументаў нямала выданняў, якімі цалкам мог карыстацца вялікі князь Вітаўт, што заўжды дбаў пра беларускую дзяржаўнасць… І гэтыя зборы, па словах загадчыка аддзела, пастаянна пашыраюцца. Гадавое набыццё дасягае дзесяці старажытных рарытэтаў. Кошты на беларускім букіністычным рынку ў выніку міграцыі насельніцтва — невялікія. Задача бібліятэк і музеяў, як перакананы Валерый Герасімаў, — карыстацца момантам і набываць рарытэты, якія маюць стаць набыткам грамадскасці. У адваротным выпадку, яны беззваротна знікнуць. І прыкладаў таму — процьма, на жаль...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"