"Трэба ўсіх сіл далажыць..."

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Эксклюзіўнае інтэрв'ю з Jankam Kupalam: друкуецца ўпершыню!
Нашай рэдакцыі, скажам шчыра, пашанцавала: мы змаглі ўзяць інтэрв'ю ў Янкі Купалы. Дзівіцеся? Але гэта чыстай вады праўда. Таму без лішніх прэамбул прапануем вашай увазе гэты эксклюзіўны тэкст! Пытанні мы складалі ўсёй рэдакцыяй, а адказы — сапраўдныя словы Івана Дамінікавіча (хіба за выключэннем пары рэплік)!

/i/content/pi/cult/460/9735/6-456.jpg

— Іван Дамінікавіч, якім жа чынам вы завялі акаўнт у сацыяльнай сетцы?

— Шчырапаважаны Паночку, я заўсёды быў у трэндзе, вы ж ведаеце, а гэта — найбольш актуальны шлях данесці нешта да сучасніка. Вы ж зараз он-лайн 24 гадзіны, і гэта рэальнасць. З гэтым не трэба змагацца — да гэтага трэба прыстасоўвацца. Калі сучаснаму беларусу прасцей даведацца нешта новае ды карыснае пра сваю культуру ў стужцы навін, то трэба даць яму гэтую магчымасць. Ну, і яшчэ, ведаеце, Уладзіслава Францаўна стварыла сабе акаўнт у Facebook, і сябры мае там ёсць. Мне падабаецца, карацей кажучы.

(Хацелася б, каб менавіта так нам адказаў сам Купала.)

— Пра вас кажуць, што былі вы чалавекам хоць і кампанейскім, але ўсё ж даволі самотным, нярэдка любілі адзіноту. Неяк дзіўна бачыць вас у сацыяльнай сетцы, дзе людзей — процьма!..

— “...Вам желательно иметь, как Вы там по-книжному называете, мою автобиографию. Что же, пожалуйста. Чем могу — рад служить. Однако чего-нибудь интересного и светлого мало в ней найдется, так как суждено мне принадлежать к разряду тех многочисленных людей, которых обыкновенно величают париями, скитальцами и тому подобными титулами...”

(Пісьмо да Л.М. Клейнбарта, С-П., 1910 г.)

— Ваша старонка ў Сеціве — рэальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вашай творчасцю, з вашай асобай. А як лічыце, ці дастаткова сёння пра вас пішацца, гаворыцца? Ці шчырае гэта шанаванне сярод беларусаў, альбо — “дзеля птушачкі”?

— А як вы лічыце?... Вы ж пішаце і чытаеце пра мяне… “...Я со своей стороны постарался бы разрекламировать в краевой — русской, белорусской и даже еврейской печати...”

(Пісьмо да А.А. Карынфскага, Вільня, 16 сакавіка 1914 г.)

— Дарэчы, ці падабаюцца вам помнікі, што выяўляюць вас? Ці такім вы былі ў жыцці?

— “...Захавалася ў мяне адна фатаграфія… Я сфатаграфаваны там ў сялянскай світцы, на мяне глядзіць белакуры твар юнака-селяніна… Сялянскі хлопец, праняты вялікай верай у будучыню свайго народа, поўны энтузіязму і паэтычнага запалу…”

(Успаміны т. 8, стар. 172)

— Якія мясціны з пазначаных творамі мастацтва падабаеце найбольш?

— “...Масква мне не зусім падабаецца — нейкая яна заплутаная, не зусім верагодная. Петраград яшчэ захоплівае нашу думку сваёй велічынёй і размахам. Мінск — сталіца, гордасць наша. Слава ўсёй краіны". "Да і ўвогуле:

Мінск, Маладзечна, Вільня…

Як жа знаёмы шлях гэты.

Змерыў яго я калісьці,

Як шукаў шчасце па светах…"

Спадзяёмся, што яшчэ шмат пекных абразоў намалюеце з жыцця і прыроды роднай, беларускай…”

(Пісьмо да Б.І. Эпімаха-Шыпілы, Масква, 28 верасня 1915 г.; энц. “Беларусі ардэнаносцы”; Пісьмо да І.А. Белавусава, Мінск, 4 мая 1919 г.; “Еду сягоння я ў Вільню…”1939 г.; Пісьмо да Я.Н. Драздовіча, Вільня, 4 ліпеня 1915 г.)

— Якімі духоўнымі каштоўнасцямі вылучаецца беларус?

— “Даўно было — мо тысячу год назад, а мо яшчэ болей, — як сталі жыць, размнажацца і ў славу расці ўдалыя прашчуры нашы — дрыгавічы, крывечы і палачане.

Важны быў гэты народ, і паміж суседзямі меў ён добрую песню і праўдзівае паважанне… Заморскія госці ведалі, што народ, да якога ім дарога ляжала, быў сэрца мяккага, рупны гасцінаю і багацтвам асаблівым адзначываўся… Бо не зачынялі нашы прашчуры весніцаў і дзвярэй хат сваіх перад званым ці нязваным госцем падарожным, нават калі выхадзілі з сялібаў сваіх рыбу ў невады лавіць ці з лукам звера пушнога сачыць, то і тады замкоў не зналі, а яшчэ астаўлялі ў хатах пад абрусамі бохана хлеба пшанічнага і дубовыя дзежы сотаў пчаліных — гэта каб госць меў чым з дарогі пажывіцца…

Просты быў народ, і крывадушыць ня ўмеў ён у веры сваёй. Ведаў толькі, што найлепей гаварыць з небам, гледзячы ў неба, не зачыняючыся ў ніякія словы будоўлі… Чыстае, відаць, сумленне мелі прадзеды нашы…”

(Артыкул “Як у казцы”. 1919 г.)

— Якое ваша самае вялікае расчараванне ў жыцці? А радасць?

— “...Самая вялікая радасць у жыцці — уся беларуская справа, якая мне цяпер стала даражэй жыцця… Усю душу і ўсе сілы цяпер укладаю ў “Нашу ніву”, каторую стараюся паставіць па сіле магчымасці на належачую вышыню. Апрача працы непамернай каля газеты, маю шмат усялякіх непрыятнасцей, звязаных і з рэдагаваннем, і з выдаваннем… А жыць хочацца і шчыра працаваць для сваей Бацькаўшчыны...”

(Пісьмо да Б.І. Эпімаха-Шыпілы, Вільня, 28 верасня 1914 г.)

— А вам не сорамна за пэўныя ўчынкі ў маладыя гады ды ў сталым веку?

— “...Вам, может быть, интересны мои, в известные периоды жизни, переживания и мировоззрения. Все это приблизительно отразилось на моих стихотворениях. Безусловно, о многом приходится умалчивать, ибо в наши веселые времена не везде и не обо всем удобно вслух рассуждать".

(Пісьмо да Л.М. Клейнбарта ад 1910 г.)

— Якія шанцы ў беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі?

— “...Гэта вельмі важная справа, і стыдна будзе нам, калі мы праспім яе ў шапку… Трэба ўсіх сіл далажыць, каб не свяціць пасля вачыма перад светам…”

"Цяпер астановімся на нашай беларускай мове. Нам кажуць, і мы самі часта гэтаму патураем, што мова беларуская прастая. А па-мойму: ну і дзякаваць Богу, абы не крывая… Але ўсё ж такі асталіся і мы самі, — як нацыя, і асталася пры нас наша простая родная мова, праз якую ўсе знаюць, знае свет, што мы не прыблуды якія, а колькімільённы народ-Беларусы, засяляючыя сваю адвечную Бацькаўшчыну-Беларусь. Ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, дружна на свет белы, загаманіць праўдай цэламу свету громка, свабодна, як калісь званы нашых вечаў, мы зможам толькі тады, калі пад [...] страхамі нашых хат займе пачэснае месца наша родная беларуская мова, кніжка, звычай і абычай. Праз памяць на магільныя наспы і крыжы, пад якімі бяспечна, змарнеўшыя ў нядолі, спяць нашы дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сваей грудзей ускармілі, — выракацца роднай мовы не маем права..."

(Пісьмо да Б.І. Эпімаха-Шыпілы, Вільня, 26 верасня 1916 г.)

— Пытанне, што вынікае з вашых мемуараў, эпісталярыя: ці сапраўды вы не любілі працаваць на зямлі?

— “...Гаспадар з мяне выйшаў кепскі. Гаспадаркі не любіў, а вазіўся заўсёды з кніжкамі, за што меў ад бацькі частую нагонку. Бацька пасля жалеў, што не вучыў мяне… Да 21 года гаспадарыў дома — араў, касіў, сек дровы. Гаспадарка на чужой зямлі надаела. К таму часу памёр бацька, малодшы брат і дзве малодшыя сястры. Гэта страшэнна мяне змагло. Кінуў гаспадарыць дома, а пайшоў шукаць лёгкага хлеба ў броварах. Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ не меў…”

(Пісьмо да Я.Ф. Карскага, Мінск, 4 кастрычніка 1919 г.; Пісьмо да Л.М. Клейнбарта, 25 кастрычніка 1911 г.)

— Цікава, што ў сям'і вас называлі Янам, мы ж вас ведаем як Івана Дамінікавіча або Янку Купалу. А якое імя вам да душы?

— “...Па пашпарце я — Іван Дамінікавіч Луцэвіч, у пастанове аб прысваенні звання народнага паэта — Ян Дамінікаў Луцэвіч, а для беларусаў  — Янка Купала!”

(Мяркуем, Купалаў адказ быў бы прыкладна гэткім.)

— Вострае пытанне. Вы, аўтар артыкула “Незалежнасць”, ці маеце рацыю называць сваю творчасць пасля 30-х гадоў сапраўднай літаратурай?

— “...Не будзем затрымлівацца на тым, якімі шляхамі павінна была перайсці наша справа. Гэны перыяд нашых дамаганняў і змаганняў за свае неадменныя правы на ўласнае незалежнае існаванне астаўляем разабраць як следна нашым цяперашнім і будучым гісторыкам...”

(“Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год”. 1920 г.)

— Каму з беларускіх літаратараў вы аддалі б сёння Купалаўскую літаратурную прэмію?

— “...Какой автор произвел на меня большее впечатление — трудно сказать. Но в общем помню хорошо, что книга, где говорилось о тяжелой доле бедного люда, всегда меня захватывала. Кто ближе мне из белорусских поэтов наших дней? Это щепетильный вопрос. Всех их я очень люблю и ценю, и если есть у кого из них известные недочеты в смысле дарования, оправдывается это их молодостью…”

(Пісьмо да Л.М. Клейнбарта, Мінск, 11 студзеня 1929 г.)

Адказы занатавалі Надзея САЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў, і Лізавета ЕЛІНЕВІЧ, навуковы супрацоўнік аддзела навукова-фондавай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

 

Зазірнём у акаўнт Janka Kupala!

29 лістапада 2013 года

“Выдатна! Вам так не здаецца?) Дзякуй”.

/i/content/pi/cult/460/9735/1-123.jpg

30 верасня 2013 года

Janka Kupala змяніў свой здымак вокладкі.

/i/content/pi/cult/460/9735/1-723.jpg

30 верасня 2013 года ў Мінску

“Усім віншаванні! =) Я разумеў ролю перакладаў як сродку ўзаемасувязей літаратур і выступаў за тое, каб праз пераклад адбывалася знаёмства з літаратурамі іншых народаў. У свой час пераклаў “Слова аб палку Ігаравым”) — прозай і вершам, міжнародны пралетарскі гімн “Інтэрнацыянал”, польскі тэкст у п’есах #В.Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія” і “Залёты”, лібрэта оперы #С.Манюшкі “Галька”, паэму #А.Пушкіна “Медны коннік”, шэраг вершаў і паэм #Т.Шаўчэнкі, асобныя творы #М.Някрасава, #І.Крылова, #А.Кальцова, #А.Міцкевіча, #У.Сыракомлі, #М.Канапніцкай і інш.”.

25 верасня 2013 года ў Мінску

“З-за гэтых халадоў магчыма забыць аб усім… Учора, 24 верасня, быў дзень народзінаў у маёй сяброўкі #Паўліны Мядзёлкі. Гэта цудоўная жанчына з Будслава, неверагодная артыстка, таленавіты педагог! Менавіта яна была першай выканаўцай ролі Паўлінкі ў Пецярбургу. Вельмі раю ўсім пачытаць з гэтай нагоды яе твор “Сцежкамі жыцця”. Добрага ўсім дня!”.

23 верасня 2013 года

“Такім сёлета быў Багач на маёй радзіме, у Вязынцы”.

/i/content/pi/cult/460/9735/1-523.jpg

23 верасня 2013 года ў Мінску

“Здараецца!) Вось што піша майстар па татуіроўках: “Однажды делала портрет Янки Купалы на плече у одного молодого человека (смеется). Это москвич, который знает о том, кто такой Янка Купала, только в общих чертах. А сделал он это, чтобы в ответ на вопрос “У тебя есть татуировки?” говорить: “Да, Купала!”.

/i/content/pi/cult/460/9735/1-623.jpg

20 верасня 2013 года ў Мінску

“20 верасня 1945-га адкрыўся для наведвальнікаў Літаратурны музей Янкі Купалы, тады ён размяшчаўся ў будынку Дома прафсаюзаў, на пл. Свабоды, 23. Яго стваральнікам і першым дырэктарам была мая жонка Wladzja Stankevich. Прымаю віншаванні і падарункі ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы”.

/i/content/pi/cult/460/9735/1-823.jpg

1 жніўня 2013 года ў Ялце, Крым

“Адпачываем у Крыме разам з Цішкам Гартным, Анатолем Вольным, Васілём Мялешкам, Андрэем Александровічам і Уладзімірам Дубоўкам.

Хвалююцца морскія хвалі,

І воблакі вецер калыша, —

А мы плывём далей і далей,

А мы ляцім вышай і вышай...”

/i/content/pi/cult/460/9735/1-1123.jpg

Разгадка Купалы

Паважаныя чытачы! Вядома інтэрв'ю з класікам на старонках газеты "Культура" — літаратурная містыфікацыя. Але такая, што грунтуецца на цалкам рэальнай крыніцы: старонцы карыстальніка Janka Kupala ў сацыяльнай сетцы! І колабег жыцця паэта, даты ягонага жыцця гэтакім спосабам паўстаюць зусім не аддаленымі ў часе, а вельмі блізкімі і зразумелымі! Урэшце, хто ведае, мо Купала і завёў бы сабе такую старонку ў сусветным Павуцінні! А за крэатыў — падзякі, рэспекты ды "лайкі" супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы! А таксама за гатоўнасць паспрабаваць памістыфікаваць супольна!

P.S. Пакуль, дарэчы, акаунт Janka Kupala заблакіраваны адміністрацыяй самой сацыяльнай сетцы. Нібыта, на старонцы заўважылі актыўнасць, што парушае аўтарскія правы. Як зазначыла дырэктар Купалаўскага музея Алена Ляшковіч, пакуль установа вядзе перапіску, даводзячы сваю рацыю. Будзем спадзявацца, што гэты арыгінальны карыстальнік вернецца ў прастору Байнэта бліжэйшым часам!