Самадастатковы incertum

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Размыты погляд на гэты горад
Фатаграфія вырачана быць фіксацыяй рэчаіснасці, займаючы ў дачыненні да апошняй другасную пазіцыю. Многія спрабуюць змяніць гэты статус-кво з дапамогай аптычных эфектаў альбо дзівосных сюжэтаў, спадзеючыся, што атрыманыя вынікі будуць цікавейшымі за рэчасінасць. Сяргей Ждановіч прапануе іншую методыку — аўтарскі погляд. У яго апошніх серыях не выяўлена нічога асаблівага — і тым не менш, у асаблівасці ім не адмовіш.

/i/content/pi/cult/460/9734/8-3.jpg

/i/content/pi/cult/460/9734/8-4.jpg

“Серыя фотаздымкаў “Incertum” — адасоблены погляд на рэчаіснасць, без канстатацыі месца і часу сфатаграфаваных аб’ектаў. Ёсць толькі святло, адлюстраванае на паверхні прадмета, і прапанаваная прастора”, — сцвярджае аўтар у эксплікацыі да выстаўкі, што прайшла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Фармальна з такім сцвярджэннем цалкам магчыма пагадзіцца. Напэўна, калі б гэтыя фота выстаўляліся дзе-небудзь у Рыа-дэ-Жанэйра, яны ўспрымаліся б тамтэйшымі гледачамі менавіта як канстатацыя абстрактных месцаў і часін. Але толькі не ў Мінску, жыхары якога лёгка пазнаюць выяўленыя на здымках краявіды.

Назва серыі “Няпэўна” апелюе не столькі да візуальнага аспекта прапанаванага матэрыялу (маецца на ўвазе размытасць выявы), колькі, перадусім, да сэнсавага. Зазвычай логіка дзеянняў сучаснага мастака мае сваё тлумачэнне, а яе вынікі падуладныя інтэрпрэтацыі. Нехта адлюстроўвае Мінск еўрапейскі, нехта — постсавецкі, нехта ўвасабляе сродкамі фота іншыя эпітэты, у залежнасці ад творчай задачы або характару ўласнай заангажаванасці. Якім атрымаўся Мінск Сяргея Ждановіча, нават цяжка сказаць — хіба што менавіта няпэўным, пазбаўленым адназначнай трактоўкі і менавіта таму інтрыгоўным. Горад адлюстраванняў і гульняў святла, горад, дзе шмат простых ліній ды складаных геаметрычных фактур, горад, які ўвасабляе архетып горада. Урэшце, проста горад.

“Incertum” Сяргея Ждановіча можна паставіць “на адну паліцу” з альбомам Артура Клінава “Горад СОНца”. Але калі апошні ўспрымаецца перадусім як набор ілюстрацый самой ідэі праекта — своеасаблівага ментальнага “рэбрэндынгу” Мінска, канцэптуалізацыі яго прасторы ў цікавым для сучаснага гледача рэчышчы, то “Incertum” не мае падобнай функцыянальнай звышзадачы і прэтэндуе на поўную візуальную самадастатковасць. Мы бачым на гэтых фота толькі тое, што мы на іх бачым.

Адлюстраванне Мінска становіцца для аўтара сродкам дакапацца да самой сутнасці фатаграфіі і нешта ў ёй змяніць. Паказваючы гледачу тое, што ён ужо сто разоў бачыў на ўласныя вочы, Сяргей Ждановіч нібыта пераадкрывае бачанне як такое. І даводзіць, что ўспрыняцце паўсядзённасці, вызваленае ад ментальных стэрэатыпаў, можа быць свежым і натхняльным.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА