У эстрадзе ўсё спакойна

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Алег КЛІМАЎ, спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
"Скоро кончится век, как короток век..." — глабальна абагульніў у сваёй песні "Кантрданс" Барыс Грабеншчыкоў. Хутка скончыцца год, які кароткі год — дазволю сабе перафразаваць мэтра. І яшчэ дазволю сабе адзначыць, што асабіста ў мяне застанецца ў памяці з гэтых чарговых 365 дзён сучаснай айчыннай музыкі. Няхай нават і на нейкі зусім кароткі час.

/i/content/pi/cult/460/9732/4-2.jpg

Год атрымаўся для беларускіх артыстаў "ни шатким, ни валким". Каб не аншлагавы канцэрт Макса Каржа ў "Мінск-Арэне", то я падабраў бы іншае слова: ніякім. Новых імёнаў, такіх, каб "ах", ён не прынёс, як і новых песень, што круціліся б у галаве хоць бы з месяц, новых альбомаў, аб якіх захлёбваючыся казалі б прафесіяналы і дылетанты, — таксама. Гэткая сярэдняя плынь за "ўсё і ўся". Пра застой казаць асцерагуся, паколькі хіт, імя ў нашы дні могуць з’явіцца ў любы момант — для гэтага сёння не патрэбны гады цяжкай працы ў профільных установах. У прынцыпе, той жа Корж з’явіўся амаль раптоўна. Не думаю, што такая творчасць будзе вызначаць нейкія тэндэнцыі на цяперашняй эстрадзе. Хутчэй, у дадзеным выпадку магчымы "эфект Сярогі" (памятаеце такога?), калі ў гомельскага рэпера нарадзіліся клонiкi, якія зніклі з ТБ і радыё разам са сваім прататыпам, хутка адгрымеўшым двума з паловай шлягерамі. Сам жа Макс падаецца мне больш разнастайным ў творчасці, чым выканаўца "Чорнага "бумера". Калі галава ў Каржа не закружыцца, калі порах у парахаўніцах маецца, калі яго менеджмент будзе паводзіць сябе разумна, то яшчэ гадоў пяць прысутнасць у верхніх радках чартаў яму забяспечана.

Хочацца верыць, што пасля таго, як Алена Ланская з’ездзіла на "Еўрабачанне", скончацца і надта ўжо местачковыя скандалы ў нашым шоу-бізнесе, звязаныя з гэтым конкурсам. Што да самога выступлення Алены, дык яно было ні дрэнным, ні добрым, а — у трэндзе, адпавядала ўзроўню трэка. З асцярожным аптымізмам гляджу на тое, што, падаецца, ад нашых прэтэндэнтаў грамадская думка цяпер не патрабуе вяртацца дадому з вікторыяй. Можа, вось без такога папярэдняга накручвання і песня, якая паедзе ў маі ў Данію, "стрэліць". Хоць бы на прызавую троечку. Гэта значыць, возьме прыклад з Ільі Волкава, які заваяваў "бронзу" на апошнім дзіцячым "Еўра". Песня ў яго сапраўды была даволі запальнай. Ці больш свежы прыклад: другое месца Гюнэш на “Turkvision” — поп-форуме для цюркамоўных выканаўцаў, які прайшоў у турэцкім Эскішахіры ў снежні.

У рок-н-роле таксама ўсё абышлося без узрушэнняў. Іх не выклікала нават з’ява альбомам гурта "N.R.M.", які пару гадоў таму вызваліўся ад свайго фронтмена. Пласцінка атрымалася "сыраватай" як па змесце, так і па вакальна-інструментальным увасабленні. Рэнесанс жа беларускага року ў частцы павелічэння яго папуляцый працягваецца. Праўда, на якасці матэрыялу гэта асабліва не адбіваецца. Я пісаў ужо ў артыкуле аб Нацыянальнай музычнай прэміі пра калектыў "BosaeSonca", які выпусціў у 2013-м два альбомы — электрычны і акустычны. Добрыя яны агульным сваім напаўненнем, прахадных трэкаў, з "іншай оперы", я ў іх не знайшоў, прытым — вось жа парадокс! — пласцінкі гэтыя не далі музычнаму свету Беларусі і безумоўных хітоў.

"Он играет им всем, ты играешь ему — так, позволь, я сыграю тебе" — такімі словамі заканчваецца кампазіцыя пецярбургскага гурта "Акварыум", якую я працытаваў у пачатку. Артыст спявае нам усім — як умее, пра што ўмее. Мы "спяваем" яму — любоўю або нелюбоўю. Якім будзе 2014-ы для музыкантаў? Па меншай меры, юбілейным для некаторых з іх, напрыклад, для "Песняроў": брэнду ў верасні — 45! Тады мы ансамбль (ансамблі?) абавязкова адзначым асобна. А пакуль я хачу пажадаць вам (і сабе) пабольш святаў, адкрыццяў, перамог ад нашых зорак ды пачаткоўцаў!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"