А мы "Ясные дни" пакідаем сабе...

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

А каму "Залатую калекцыю беларускай песні"?
Песні нельга проста пакласці на палічку ці выставіць у музеі, стварыўшы ім адпаведныя тэмпературныя ўмовы. Музыка жыве сваім гучаннем, новымі выкананнямі, якія і надаюць ёй актуальнасць, набліжаючы да сучаснага слухача. Якой жа аказалася чарговая “Залатая калекцыя беларускай песні”? Гэты праект Міністэрства культуры Беларусі і Сталічнага тэлебачання можна будзе ўбачыць у тэлеэфіры 7 студзеня. Сам жа канцэрт лепшых песень мінулых гадоў прайшоў у Палацы Рэспублікі 17 снежня, стаўшыся, паводле традыцыі, лагічным працягам і важкім дапаўненнем да Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва, скіраванай на сённяшнія здабыткі. Што ж мы пачулі і пабачылі?

/i/content/pi/cult/460/9731/7-1.jpg

/i/content/pi/cult/460/9731/7-2.jpg /i/content/pi/cult/460/9731/7-3.jpg

/i/content/pi/cult/460/9731/7-4.jpg

/i/content/pi/cult/460/9731/7-5.jpg

/i/content/pi/cult/460/9731/7-6.jpg /i/content/pi/cult/460/9731/7-7.jpg

“Залатыя” 80-я

Калі ацэньваць праграму цалкам, дык яна пакінула добрыя ўражанні, найперш — па падборы песень і ўзроўні выканання. Але немагчыма не звярнуць увагу на такую дэталь, як час напісання большасці кампазіцый: гэта пераважна 1980-я — з некаторым “захопам” 70-х і пачатку 90-х. І выканаўцы, як ні дзіўна, таксама былі, у асноўным, усё з таго ж “залатога веку” беларускай песні. А што ж тады сучаснасць?

Усё таму, што ў тых песнях былі музыка і словы. А на чале іх — прафесіяналізм. Тады не існавала такой дасканалай тэхнікі, як цяпер, але з творчай фантазіяй у аўтараў усё было ў парадку. І хаця лічыцца, што песенныя тэксты і вершы — розныя жанры, сярод тых аўтараў былі майстры, дасканалыя ва ўсіх кірунках.

Яшчэ адна акалічнасць: стварэнне песень у той час таксама замаўлялі спецыялісты. Не прадзюсары, а рэдактары радыё і тэлебачання, якія адказвалі за мастацкую “чысціню” эфіру. Я не заклікаю вяртацца да былых часоў — тым больш, што той вопыт часткова ўжываецца. Праўда, не столькі для стварэння новых песень, колькі — для адраджэння старых, якія замаўляюць для таго або іншага праекта (дарэчы, “Залатая калекцыя...” — адзін з іх). Таму застаецца спадзявацца, што, магчыма, праз час тая практыка хаця б часткова ахопіць і новыя творы. Пакуль іх галоўным “заказчыкам” з’яўляецца слухач — чым больш шырокі, тым лепш. А гэта не заўсёды правільны і, галоўнае, адзіны шлях, бо тады, атрымліваецца, творцам патрэбна арыентавацца пераважна на “расійскі шансон”. Фраза пра тое, што слухача трэба выхоўваць, стане дзейнічаць тады, калі ў кожнай групы насельніцтва будзе свой “выхавацель” і пачне скарыстоўвацца, як і ў сапраўдным выхаванні, індывідуальны падыход. Мы ж пакуль арыентуемся не на індывіда з яго запытамі, а, хутчэй, на псіхалогію ды законы натоўпу. Таму да разумення таго, што акрамя масавай культуры павінны быць і “элітныя”, конкурсна-фестывальныя ўзоры, прыйшлі на сёння хіба некаторыя творцы ды калектывы — і зусім не ў песенным жанры, дзе нашы конкурсы ды фестывалі складаюцца прыблізна так, як спяваецца ў даўняй песеньцы: “Я его слепила из того, что было”.

Сталічна-настальгічна

Азначаны прынцып шмат у чым распаўсюджваецца і на “Залатую калекцыю...”. І не толькі ў тым сэнсе, што яна абапіраецца на песні, якія ў нас былі. Сёлетні праект таму і атрымаўся ўдалым, што моцна стаяў на ўсіх тых кампазіцыях, якія ў апошнія гады рыхтаваліся да многіх іншых форумаў, канцэртных ды тэлевізійных праграм. І калі “Залатая калекцыя...” спрычынілася да ўсяго напрацаванага, дык, пэўна, няблага было б хаця б пералічыць тых “духоўных фундатараў”. Бо сярод іх аказаліся і “Славянскі базар у Віцебску”, дзе калісьці гала-канцэрт Дня Беларусі складаўся з наноў пераспяваных “старых песень пра галоўнае”, і “Залаты шлягер у Магілёве”, апрыёры прысвечаны гэтаму, і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, і разнастайныя праекты АНТ, звернутыя да эстраднай спадчыны, і ўсё тое, што напрацавана на Беларускім радыё.

Апошняе, падобна на тое, папрацавала і на цяперашнюю “Залатую калекцыю...”, бо песні “калекцыянаваліся” не ў жывым гучанні, а ў запісе: так і артыстам спакойна, і тэлебачанне можа быць упэўнена ў якасці гучання. Праўда, часам плакаць хацелася, назіраючы за Маладзёжным аркестрам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на чале з Анатолем Кудзіным, бо ў некаторых кампазіцыях (падкрэслю, не ва ўсіх, і на тым дзякуй) чуліся адны інструменты, а бачыліся — іншыя. Музыканты працавалі “на карцінку”, а праз мікрафоны “граў сінтэзатар”. Але ж у такім мінусе гэтага плюса (чытай: “плюсавай” фанаграмы) ёсць і свой плюс: калі маюцца якасныя запісы (аўдыя, а цяпер яшчэ і відэа), дык ёсць надзеі часцей чуць ды бачыць іх у эфіры. Праўда, некаторыя запісы варта “скарэктаваць”, штосьці падправіць. Бо калі з песні слова не выкінеш, дык яго трэба правільна вымаўляць.

Словы ў песнях і...

На жаль, з беларускамоўнасцю ў “Залатой калекцыі...” было не ўсё добра. Не, песень беларускамоўных — хапала! Але ў тым і праблема, што далёка не ўсе артысты спраўляліся з беларускім вымаўленнем. Самым распаўсюджаным “іншамоўным акцэнтам” аказалася вымаўленне беларускага “г” фрыкатыўнага. Часам смешна было, калі адно і тое ж слова, паўтараючыся ў прыпевах, спявалася то па-беларуску, то не. У свой час, каб пазбегнуць памылак, за вымаўленнем пільна сачыў усё той жа рэдактар радыё, які нёс адказнасць за вынік. Дый у склад савета, які прымаў (ці не прымаў) запісы ў фонд, уваходзілі пісьменнікі, у якіх вуха выхавана на літаратурных нормах.

Цікава, але самымі дакладнымі па вымаўленні аказаліся... дзеці з розных краін (Вялікабрытаніі, Германіі, Індыі, Паўднёвай Карэі), чые бацькі вучацца ці працуюць у Беларусі. Вакальны ансамбль Мінскай міжнароднай школы пад кіраўніцтвам Вольгі Перагуд, які спяваў беларускую народную “Рэчаньку”, стаўся сапраўднай “разыначкай” і цудоўным упрыгожаннем праекта.

Што ж да вядзення канцэрта, то беларускамоўнасці хапіла хіба на атачэнне праграмы. Бо пасля некалькіх фраз уступу “на роднай мове” астатнія падводкі трывала ішлі па-руску. Асабліва смешна было, калі некаторыя назвы беларускамоўных песень вымаўляліся, зноў-такі, па-руску. Дый “родная мова” таго ж уступу аказалася не столькі “матчынай”, колькі — афіцыйнай. Бо як інакш трактаваць усё тое, што “будзе садзейнічаць добраму настрою”? Добра яшчэ, што не “аказваць садзейнічанне”. А ёсць жа добрае, сакавітае — “паспрыяе”...

З’ява зоркі народу

Адметнасцю “...Калекцыі...” стаўся ўдзел у ёй замежных гасцей, якія спявалі не толькі ўласныя кампазіцыі, але і нашы беларускія песні. Усё — паводле адладжанай схемы: спачатку — “абавязковы рэпертуар”, потым — “вольная праграма”. А Мансур Ташматаў, заўсёднік “Залатога шлягера...”, нават вітаўся з гледачамі па-ўзбекску і па-беларуску.

Але ж і тут былі свае непрыемныя выключэнні. Хаця... для кагосьці — наадварот, самыя прыемныя! Алег Газманаў, выйшаўшы за два нумары да фіналу, “адскакаў” свой накатаны “аўтарскі” набор з “Ясных дней” і “Морячкі”. Стала зразумела, што для беларускай песні наспелі “пахмурныя дні”: яе папросту накрыў дзявяты вал апладысментаў зусім не ў гонар “нашага”. Цётачка побач са мной, нарэшце, ажывілася, падзялілася радасцю: “А то я ўжо думала, што ён не прыедзе, сыходзіць збіралася”. Адбіўшы далоні на Газманаве, публіка пацягнулася да выхаду. Асабліва красамоўна гэта выглядала на словах вядучых: “Сёння мы пераканаліся: добрая песня яднае людзей”. Такая вось “лыжка дзёгцю ў дзежцы мёду”...

“Мёду з медавухай” было шмат: усяго не пералічыш. Гэта Ірына Дарафеева, у выкананні якой “Каліначка”, вядомая ў мужчынскім выкананні, набыла кранальнасць, пранікнёнасць інтанацыі. Арт-група “Беларусы”, дзякуючы якой лучанкоўская песня “Падаюць сняжынкі” зрушылася ў тэмпе, атрымала адценне казачнай вальсавасці. Іскуі Абалян, што ў “візітоўку” Валерыя Дайнэкі “Гаю мой, не кліч...” унесла жаночую грацыёзнасць з элементамі ўсходняй пластыкі, лёгкія джазавыя імправізацыі і тую натуральнасць спеваў, дзе адметны вакал не вылучаецца “буйным планам”. Наталля Тамела, якая вярнулася да песні “Грэх” і выдала ў ёй яшчэ больш шыкоўную тэмбральнасць, калі сэнс песні выказваецца фарбамі голасу.

Шмат было і дуэтаў. “Моду” на дуэтныя спевы, якія апошнім часам сталі “фішкай”, можна толькі вітаць — і не адно з-за таго, што яна дае магчымасць пачаткоўцам “засвяціцца” з зоркамі, а самім зоркам — спалучыцца ў больш заўважныя сузор’і. Любое ансамблевае музіцыраванне — гэта паказчык партнёрства (і, калі хочаце, добразычлівасці). Сярод лепшых дуэтаў “... Калекцыі...” я вылучыла б Алега Сямёнава і Ірыну Сапунову з песняй І.Любана “Не шукай ты мяне”, дзе з’явіліся пытанні-адказы з цікавымі падгалоскамі. Але на першае месца, калі праводзіўся б дуэтны конкурс, выйшлі б Жанэт і Яўген Славіч, якія ў песні А.Атрашкевіч “Несупадзенне” давялі ансамблевую культуру да найвышэйшай асалоды “супадзення” не толькі галасоў, але і драматургіі, сцэнічных паводзін.

Ну а ў астатнім — кожны складзе сваю “калекцыю”, калі ўключыць тэлевізар. І, безумоўна, зверне ўвагу не адно на выканаўцаў, але і на творцаў: іх не толькі аб’яўлялі, што ўжо амаль знікла з канцэртнай практыкі, але і паказвалі ў зале ды за раялем...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"