“З чаго пачынаецца Радзіма”

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Малая радзіма ў кожнага свая. Але, калі ёсць у чалавека моцнае да яе пачуццё, дык гэта заўважаць і на адлегласці. Удалым аказаўся для юных лідчан удзел у адкрытым конкурсе дзіцячага малюнка “Мой горад, мой раён”, які праводзілі ўлады ўнутрыгарадскога муніцыпальнага ўтварэння Масквы Паўночнае Ізмайлава. Запрашалі да ўдзелу ў гэтым конкурсе найперш адораных дзяцей з рэгіёнаў, з якімі Паўночнае Ізмайлава мае эканамічныя і культурныя сувязі. Геаграфія яго была досыць шырокай. Апроч Расіі і Беларусі, якую на гэтым мерапрыемстве прадстаўляла творчая дэлегацыя з чатырох навучэнцаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў і столькі ж — з сярэдняй школы № 14 з архітэктурным ухілам, удзел у конкурсе ўзялі юныя мастакі з Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў і Індыі. Творчае спаборніцтва праводзілася ў дзвюх намінацыях — “З чаго пачынаецца Радзіма” і “Мая сям’я — маё багацце”.

 /i/content/pi/cult/145/973/Radzima1.jpg
Паездка ў Маскву стала “зорным  часам” для  лідскіх удзельнікаў, асабліва ж — для Наталлі  Шыла з дзіцячай школы  мастацтваў,  работа  якой “Легенда пра Лідскі замак”   была   прызнана лепшай у намінацыі  “З  чаго пачынаецца  Радзіма”. Пераможца  конкурсу  ў  Паўночным  Ізмайлаве  вучыцца  ў  чацвёртым  класе  ШМ  і  ўжо цвёрда  вырашыла  атрымаць  пасля  вышэйшую  мастацкую  адукацыю.  Дарэчы,  гэта  ўжо не першы поспех таленавітай дзяўчынкі з Ліды:  летась  яна  заняла  першае  месца  ў  Міжнародным  конкурсе  юных  мастакоў  “Віфлеемская  зорка”,  арганізаваным  Урадам  Масквы  сумесна  з  Рускай  Праваслаўнай  Царквой, а летась стала лаўрэатам Міжнароднага  фестывалю  “Залатая  пчолка”  ў  Клімавічах.
На  памяць  пра  сустрэчу  юных  мастакоў з  розных  краін  кожны  ўдзельнік  конкурсу атрымаў  падарунак —  яркі  шалік,    ручку  і блакнот.   Самы   дарагі  падарунак —   DVD- прайгравальнік —   атрымала Наташа Шыла, ёй  жа  быў  уручаны  і   альбом  ад  спонсараў мерапрыемства  з  Пасольства  Нідэрландаў. У рамках знаёмства  з Масквой юныя лідчане  пабывалі  ў  Траццякоўскай  галерэі  і  на Краснай плошчы.
Ліст-падзяку     за  актыўную  падтрымку творчай   сустрэчы —   атрымаў   і   старшыня Лідскага райвыканкама Андрэй Хадыка.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ
Ліда
На здымку: Лідская дэлегацыя на Краснай плошчы.