Навелы пра застылае “заўсёды”

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Начныя рапсодыі Гаўрылы Вашчанкі
Я перакананы, што гэты чалавек — асоба ўнікальная. Шчыры патрыёт зямлі беларускай — без дэманстрацыі напаказ, — бліскучы жывапісец і педагог, з-пад крыла якога выйшла некалькі пакаленняў манументалістаў, суразмоўца, з кім можна гаварыць бясконца, сумленны і прынцыповы, што датычыцца маральнага стрыжня чалавека ды грамадства ў цэлым. З 85 гадоў больш за шесцьдзясят ён працуе ў мастацтве. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек — народны мастак краіны, прафесар Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка, выстаўка твораў якога пад назвай “Таямніца ночы” экспануецца зараз у Нацыянальным мастацкім музеі.

/i/content/pi/cult/460/9729/9-1.jpeg /i/content/pi/cult/460/9729/9-2.jpeg

Жывапісец яркай метафарычнасці, складанай алегарычнасці, які імкнецца да шматпланавага змястоўнага падтэксту. Такім ён быў, пачынаючы з ранішніх твораў, у тым ліку манументальных работ. Гэтыя асаблівасці прысутнічаюць і на выстаўцы. “Дадзеныя творы, — кажа мастак, — плён маіх шматгадовых роздумаў, якія навеяны і бяссонніцай, і нейкімі жыццёвымі эпізодамі, а таксама старадаўнімі павер’ямі ды легендамі. Бо ноч заўсёды захоўвае мноства таямніц”. Так, такія таямніцы — у палотнах “Возера маладзіком свяцілася”, “Вячэрняя малітва”, “Начны блюз”, “Сон у вясеннюю ноч”, “Белавежская поўня”…

Але, калі казаць шырэй, то, на маю думку, “ноч” для мастака — гэта толькі дзіўная падстава для гутаркі пра тое, што ёсць чалавек у сучасным свеце, што ёсць яго гістарычная памяць і ў чым сэнс ягонага прызначэння на нашай грэшнай зямлі. Роздумы аб законах, тайнах і парадоксах часу — неад’емная адзнака вобразна-філасофскага мыслення творцы. Мы не заўсёды ўсведамляем тое, як часта звяртаюцца жывапісцы, нашы сучаснікі, да тэматыкі, якая звязана з традыцыйным уяўленнем пра “ўсеўладдзе часу”. Дык вось, Вашчанка валодае здольнасцю перадаваць час трошкі дзіўны, які бясконца цягнецца, амаль што спынены і заўважаць прыкметы застылага механізма там, дзе іншыя бачаць пульсацыю жыцця…

Калі я быў на выстаўцы, успомніў Блока: паэт перадаў пакутлівы колабег часу ў сваіх вершах. “Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка...” — размераны пералік выклікае да жыцця вобраз часу, які “заклініўся” і страціў розніцу паміж сённяшнім днём і мінулым, паміж заходам сонца і нараджэннем месяца, паміж нядрэмнасцю і сном, — і паглыбіўся ў застылае “заўсёды”. Менавіта да такога перажывання часу і набліжаюцца жывапісныя навелы Вашчанкі. У яго тэма часу, у дадзеным выпадку звязаная з таямніцамі ночы, цесным вобразам пераплятаецца з тэмай памяці, якая для мастака заўсёды была ў творчасці, мабыць, самай ранімай у сваёй аголенасці, адкрытасці і… неабароненасці. І таму, калі ўглядацца ў палотны Вашчанкі (напрыклад, у карціну “Памяць” ці серыю “Крылы”), можна задумацца пра мінулае і сённяшняе, пра нетрывалае і даўгавечнае, пра лёс чалавека і лёс мастацтва ў плыні часу, пра перазовы эпох, пачынаючы з біблейскіх часоў... Такім вось шляхам набліжаецца мастак да той самай, так бы мовіць, прытчавай “формулы” вобразна-філасофскага іншасказання аб грунтоўных уласцівасцях быцця…

85 гадоў... Для выдатнага мастака — гэта што, чарговая дата? Падвядзенне вынікаў вялікага этапа жыцця? Альбо — трамплін у бліжэйшую будучыню? Бо і сёння ён раніцамі — у сваёй майстэрні, дзе яго чакаюць мальберт, чыстыя палотны, фарбы ды пэндзлі. Асабіста я на такія пытанні адказаць не магу, а вось выстаўка няхай пра гэта сама скажа. Напрыклад, большая частка прадстаўленых у экспазіцыі работ створана толькі ў 1990-я — 2000-я гады, а карціна “Сутыкненне” — толькі што з майстэрні. Можа, гэта і ёсць адказ на ўсе пытанні?..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"