Этна, адаптаванае да тэндэнцыі

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Выстаўка-конкурс ІІ Трыенале сучаснага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “БЕЛАРТДЭКО-2013” у сталічным Палацы мастацтва стала падсумаваннем трох гадоў творчай працы мастакоў, чыё прызначэнне — эстэтычная аздоба прыватнай і грамадскай прасторы. Мабыць, нездарма выстаўка праходзіла напярэдадні Каляд, калі людзі настроены на прыгажосць ды радасць.

/i/content/pi/cult/460/9728/8-1.jpg

Змест экспазіцыі адлюстроўвае яе дэвіз — “Ад традыцыі да наватарства”. Тут насамрэч можна было пабачыць тое, што ў вачах знаўцаў мастацтва ўвасабляе нашу нацыянальную традыцыю ў гэтай галіне творчасці, а таксама даволі ўдалыя спробы адаптацыі да беларускай культурнай рэчаіснасці сусветных мастацкіх тэндэнцый. Гэта датычылася тэхнікі выканання твораў ткацтва, работ з керамікі, металу, іх сюжэтнага зместу, функцыі і прасторавага кантэксту.

Паводле агульнага ўражання ад экспазіцыі, беларускім мастакам не надта ўласцівая прага эксперыменту дзеля эксперыменту. Іх больш вабіць грунтоўнасць. Ім больш цікава даводзіць да ладу, да максімальнай выразнасці тое, што канцэптуальна ўжо ўсталявалася і стала звыклым для публікі. Маючы прафесійны досвед, аналагічны досведу мастакоў іншых еўрапейскіх краін, нашы творцы, аднак, захоўваюць сувязь з этнічнымі каранямі.

Удзел у выстаўцы бралі больш як 60 майстроў — вядомых творцаў і моладзі. Праз гэта выразна адчуваецца пераемнасць прынцыпаў і методык. Асобна варта згадаць аўтараў, што спрычыніліся да аздобы Палаца Незалежнасці, Нацыянальнай бібліятэкі, Мірскага замка ды іншых значных для вобраза краіны і сталіцы будынкаў грамадскага прызначэння.

Выстаўка сведчыць пра тое, што, пры наяўнасці немалой колькасці маладых талентаў, рэй у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі вядуць тыя, каго называюць сярэднім пакаленнем. Майстэрству яны навучыліся ў савецкі час, а спрыяльныя ўмовы для творчай самарэалізацыі атрымалі ўжо ў суверэннай дзяржаве. Здабыткі такіх майстроў, як А.Непачыловіч, А.Обадава, Н.Сухаверхава, С.Цярэнцьева, М.Голубева, Т.Васюк, І.Шчасная, І.Каваленка, І.Грыгарышына, В.Калтыгін (гэты спіс можна доўжыць), ужо сталі часткай нашай культурнай гісторыі. Разам з тым, іх творчы патэнцыял скіраваны ў перспектыву — да новых даляглядаў...

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"