Эканамічная выгада захавання спадчыны

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Ала СТАШКЕВІЧ, начальнік аддзела навукова- метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі
Знакавай падзеяй для нашай краіны стала акрэдытацыя ў UNESCO першай беларускай арганізацыі — Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Гэта адкрывае шырокія магчымасці ўдзелу беларусаў ва ўсіх міжнародных праектах, звязаных з дзейнасцю па захаванні нематэрыяльнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/460/9727/5-1.jpg

І гэта вельмі добры знак. Канвенцыя аб захаванні нематэрыяльнай спадчыны, прынятая Генеральнай канферэнцыяй UNESCO ў 2003 годзе, скіравана, галоўным чынам, на супольнасці. А таму важнае далучэнне моладзі да працэсаў захавання нашага нематэрыяльнага багацця. Толькі ў такім выпадку спадчына захаваецца. Але ў якой форме?

Мяркую, сёння спадчына не можа існаваць у архаічных кантэнтах. І гэта натуральна, бо грамадства пастаянна змяняецца, адпаведна, змяняюцца і патрабаванні да формы існавання традыцыі. Калі мы паглядзім Спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, то ўбачым, што разнастайныя традыцыі ў большасці краін захоўваюцца ў сваіх другасных формах. Возьмем, да прыкладу, танга, якое ўвайшло ў рэпрэзентатыўны Спіс: сёння гэта ўжо прафесійны танец. Альбо бразільскі Фестываль пачатку вясны, прымеркаваны да Масленічнага тыдня: у наш час ён ператварыўся ў спаборніцтва розных танцавальных школ самба. Усе мы рухаемся да сучасных форм папулярызацыі і выкарыстання спадчыны. Галоўнае, каб пры такой рэпрэзентацыі захаваліся знакавыя сістэмы, якія фарміруюць нашу ідэнтычнасць, беларускую культуру.

Тыя ж лозапляценне, батлейка перайшлі фазу лакальнасці і існуюць у другасных формах. Ніхто не скажа, што гэта не наша нематэрыяльная спадчына. Проста — больш сучасны ўзровень існавання элемента нематэрыяльнай культуры. Ці возьмем тое ж Купалле, якое ўсё больш набывае ўрбаністычныя рысы. Выдатна, што традыцыя развіваецца, і пры гэтым не страчваецца першасны сэнс свята. Ды і згаданая Канвенцыя выступае супраць кансервацыі любых элементаў нематэрыяльнай спадчыны. Жадаем мы таго ці не, але найбольш архаічныя формы традыцый паступова знікаюць.

Інстытут культуры цягам двух гадоў вядзе інвентар аб'ектаў НКС, стымулюе, галоўным чынам, рэгіёны іх больш актыўнага ўключэння ў працэс інвентарызацыі нематэрыяльнай спадчыны. Рух павінен быць “знізу”, бо калі самі супольнасці не зразумеюць, што той або іншы традыцыйны элемент іх спадчыны з’яўляецца ўнікальнай каштоўнасцю, які трэба захоўваць і рэпрэзентаваць, ніякага плёну не будзе. Невыпадкова зараз усё часцей можна пачуць выказванні адносна інтэгратыўнай кансервацыі, у якой чалавек і супольнасць адыгрываюць велізарную ролю.

Прывяду факт. Цягам доўгага часу (прыкладна з 1968 года) фарміраваліся архівы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Акадэміі навук. Але ці шмат з зафіксаванага даследчыкамі ў розны час захавалася ў жывой традыцыі сёння? Ці засталіся сведкі традыцыйных народных дзействаў, зафіксаваных дзесяцігоддзі таму этнографамі? А таму нядаўняе выяўленне дакументальнай стужкі пра народны тэатр у вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна і наступная экспедыцыя туды бачацца выключэннем, адным з нямногіх. І гэткай рэвіталізацыяй абраду займаўся не акадэмічны інстытут, а літаральна адзін чалавек — Аляксей Глушко, кіраўнік таго самага Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якое робіць выдатную справу па аб’яднанні моладзі, і што вельмі важна — у розных рэгіёнах краіны.

Неабходна ўсвядоміць: захаванне нематэрыяльнай спадчыны — працэс эканамічна выгадны, у першую чаргу — для сельскай мясцовасці. На аўтарскіх правах супольнасць можа зарабляць. Больш за тое: сёння вельмі востра стаіць пытанне абароны нематэрыяльных вясковых брэндаў. Так, у айчынны інвентар нематэрыяльнай спадчыны ўнесены некалькі варыянтаў традыцыйнай ежы. Выпушчана кніга, прысвечаная кухні вёскі Семежава. І нельга дапусціць, каб тыя ж адметныя рэцэпты страў расцягваліся рэстаранамі, а вёска пры гэтым нічога не атрымлівала. Чаму сям’я, у якой з пакалення ў пакаленне перадаваўся ўнікальны рэцэпт традыцыйнай ежы, не можа прэтэндаваць на грошы ў такой жа ступені, што і аўтар літаратурнага твора?..