Не страцілі...

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

19 снежня, на святога Міколу, у Слабодцы Клічаўскага раёна адбыўся абрад пераносу свячы. Восеньска-зімовы перыяд багаты на свячныя рытуалы да святаў Прачыстай, Міхайлы, Варвары, Міколы. Што да прасторавай "прывязкі", то большасць абрадаў пераносу свячы і згадак пра іх зафіксавана ва Усходняй Беларусі, спарадычна згадкі сустракаюцца на тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі.

/i/content/pi/cult/460/9725/10-2.jpg

У Новай Слабодцы бытуюць мікольскія песні, галоўнай захавальніцай якіх з’яўляецца Любоў Міхайлаўна Качарга 1931 года нараджэння. 22 мая, на дзень Міколы Веснавога, збіраюцца ў хаце, дзе стаіць свяча, для ўрачыстага абеду, але свячу не пераносяць. Абрад быў адноўлены не так даўно. Гісторыя яго аднаўлення з’яўляецца прыкладам супрацоўніцтва мясцовай супольнасці, работнікаў культуры і грамадскай арганізацыі.

У жніўні 2011 года ў раёне працавала этнаграфічная экспедыцыя Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Работнікі культуры Клічаўскага раёна паставіліся да прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі вельмі прыхільна. Загадчык аўтаклуба Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Жанна Ачыновіч параіла, якія вёскі трэба наведаць. Так і здабылі звесткі пра святкаванне Міколы.

На момант экспедыцыі СЭТ Мікольская свяча захоўвалася ў адной хаце шмат гадоў, не пераносілася, такі элемент абраду, як сявенька з жытам, быў страчаны. Сумеснымі намаганнямі мясцовых жыхароў, СЭТ і работнікаў культуры 19 снежня 2011 года абрад быў адноўлены, і абраз перанеслі ў новую хату пасля шматгадовага перапынку. З таго часу два разы на год — 22 мая і 19 снежня — прадстаўнікі і работнікі культуры ўдзельнічаюць у святкаваннях.

Цікавасць да традыцыйнай культуры ёсць і ў мясцовай адміністрацыі. Сёлета 19 снежня ў святкаванні Міколы ўдзельнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Уладзімір Ваакс і дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна Аляксей Шумскі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Фота Святланы КЛЕПІКАВАЙ