Што выявіла “PROявление”?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у пяты раз правёў Фестываль студэнцкай творчасці “PROявление”. Абодва конкурсныя дні і заключны гала-канцэрт прайшлі на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады. Ці сталася яна для ўдзельнікаў фэсту прыступкай да прафесіяналізму?

Гэты конкурс адметны ўжо сваімі ўмовамі і самім падрыхтоўчым працэсам. Папярэдне праходзяць кастынгі, з “абраннікамі” праводзіцца анкетаванне, каб скласці некалькі каманд. У кожнай з іх павінны быць музыкант, рэжысёр, харэограф, менеджар. Астатнія ўдзельнікі — па жаданні. Кожная з каманд рыхтуе па дзве кампазіцыі: “універсальны хіт” для першага конкурснага дня і “песню на роднай мове” — для другога. Усё гэта робіцца без педагогаў, але цягам месяца ўдзельнікі наведваюць майстар-класы па вышэйпералічаных спецыяльнасцях, прычым праводзяць такія заняткі і дзеляцца сваім вопытам прадстаўнікі сучаснага шоу-бізнесу.

— Такім чынам, складаецца мадэль далейшай творчай дзейнасці нашых студэнтаў, — распавядае прарэктар па сацыяльных пытаннях і мастацкай творчасці БДУКіМ, член журы конкурсу Людміла Манакова. — Непасрэдна перад конкурсам Аргкамітэт праглядае падрыхтаваныя нумары, выказвае свае меркаванні, заўвагі, пажаданні, уносіць карэктывы. Вядома, студэнты могуць да яго прыслухоўвацца, але не абавязкова. Гэта той выпадак, калі будучыя спецыялісты самі павінны прымаць канчатковае рашэнне. Менеджар, які ўваходзіць у каманду, забяспечвае творчы працэс, піярыць яе ўнутры Універсітэта. Такая каманда можа працаваць і надалей, выступаючы на мерапрыемствах ВНУ. Да таго ж, фестываль дапамагае ўдзельнікам паспрабаваць сябе і па-за сваёй спецыяльнасцю, выяўляе ў іх іншыя здольнасці — такіх прыкладаў багата. Менавіта “PROявление” стала стартавай пляцоўкай для далейшага руху на вялікую эстраду той жа Ганны Шалюцінай — вядомай сёння спявачкі і радыёвядучай, якую мы запрасілі ў журы...

“Журыць” удзельнікаў, на мой погляд, было няпроста. Ужо хаця б таму, што паказаныя імі нумары (на жаль, я змагла паглядзець не ўсе з іх) належалі да розных жанраў і нават відаў мастацтваў, уяўляючы з сябе самыя неверагодныя міксты, часам вартыя капусніка. Тое, што ўдзельнікі вядуць дабрачынную дзейнасць, выступаюць у дзіцячым анкалагічным цэнтры, — выдатна. Фестываль становіцца сапраўдным святам і для саміх канкурсантаў, што было асабліва відавочна на заключным гала-канцэрце, дзе панавала нязмушаная атмасфера студэнцкай вечарынкі з пераапрананнямі, “прыколамі”, мілымі падарункамі, тортам з пяццю свечкамі і дэманстрацыяй відэа са святкаваннем дня нараджэння ў сямейным коле. Раптам падумалася, што фарміраванне такіх творчых каманд з прадстаўнікоў розных спецыяльнасцей магло б займець працяг і ў далейшым творчым лёсе ўдзельнікаў. Аналагам падобнай сумеснай творчасці ў акадэмічнай музыцы шмат у чым можна лічыць ансамблевае музіцыраванне. Але ж яно асацыюецца са зладжаным, зусім не з басні Крылова, квартэтам. А “PROявление” — са своеасаблівым Клубам вясёлых і знаходлівых. Чаму ж такія розныя асацыяцыі?

— Самадзейнасць, або, як яе сёння называюць, аматарства, — рэч цудоўная, — лічыць рэжысёр Аляксандр Вавілаў. — Але што такое аматарства ў творчай ВНУ? Нават для некаторых прадстаўнікоў тэхнічных ВНУ спеўна-тэатральнае хобі з цягам часу становіцца прафесіяй. А для студэнтаў Універсітэта культуры і мастацтваў — гэта з самага пачатку іх прафесія! Значыць, і вынік павінен быць выключна прафесійным. Таму, лічу, наспеў час скіраваць “PROявление” ў бок Міжнароднага праекта краін СНД, каб там удзельнічалі калектывы некалькіх творчых ВНУ. Бо ў цяперашнім выглядзе гэта не больш чым мілая “хатняя забаўка”, якая дэманструе не тую або іншую прафесію, а ўсяго толькі іх асобныя прыкметы. У такім варыянце творчасць можа лёгка перарасці ў агрэсіўную самадзейнасць, якая ўсё больш запаланяе нашу эстраду. Адпаведна, трэба перагледзець і склад журы, які мусіць адпавядаць міжнароднаму статусу. Але такі падыход дапаможа вырвацца з “міжсабойчыку”, паглядзець на тое, што робіцца ў нашых суседзяў, пераняць вопыт. І, у рэшце рэшт, сфарміраваць у будучых спецыялістаў не проста студэнцкае “самавыяўленне”, а іхнія прафесійныя якасці...

Што ж, фестывалю ёсць куды расці і як удасканальваць ідэі “каманднага заліку”. А вы — “PROявились”?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"