Па словах намесніка генеральнага дырэктара ўстановы Надзеі Усавай, першапачаткова планавалася стварыць выстаўку праваслаўных ікон з 12 краін свету. На жаль, з-за эканамічнага крызісу ў праекце прынялі ўдзел толькі Беларусь, Украіна, Расія і Сербія. Ды нават ва “ўсечаным” фармаце творы іканапісу ўражвалі. Што і казаць, іконы XV стагоддзя (на выстаўцы былі абразы гэтага перыяду з Траццякоўскай галерэі і Нацыянальнага музея Сербіі) не часта “завітваюць” у нашу краіну.
Штодзень на выстаўцы прысутнічала прыкладна 300 чалавек. Гэта прытым, што не было вялікай рэкламнай кампаніі. На думку Надзеі Усавай, для многіх наведвальнікаў ікона з’яўляецца таямніцай, але, у адрозненне ад храма, у музеі яна выступае найперш творам мастацтва.
Цяпер пачынаецца праца над будучай аналагічнай выстаўкай, якая праз пяць гадоў мае аб’яднаць у адной прасторы сакральнае мастацтва славянскіх краін. Да слова, залы, дзе праходзіла выстаўка, у будучым Музейным квартале маюць аддаць якраз для экспазіцыі іканапісу. Неўзабаве ж чакаецца ажыццяўленне выдання ды правядзенне маштабнай прэзентацыі падрыхтаванага каталога выстаўкі.
Меркаванне ў тэму
Бранка ІВАНІЧ, галоўны захавальнік Нацыянальнага музея Сербіі ў Бялградзе:
— Правядзенне падобных выставачных праектаў дэманструе падабенства ды асаблівасці сакральнага мастацтва Сербіі і Беларусі, іншых славянскіх народаў. Гэта вельмі важна, улічваючы характар гісторыі нашых дзяржаў, асабліва яе трагічныя старонкі. Зараз працягваецца рэканструкцыя Сербскага нацыянальнага музея, які быў істотна пашкоджаны пад час авіяналётаў 1998-га. Пасля іх нават узнімалася пытанне ўзвядзення новага будынка. Пасля шматгадовай працы, музей атрымае новы экстэр’ер і інтэр’ер, а на даху размесціцца шкляны купал. У абноўленым гмаху мы будзем рады бачыць і праекты беларускіх калег, у тым ліку выстаўкі беларускага іканапісу.