Музей Багдановіча: факт "паніжэння статусу" ці проста рэарганізацыя?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

Pro et contra адной сітуацыі: наведвальнік змен не адчуе, а што ж чакае супрацоўнікаў?
Змену юрыдычнага статуса Дзяржаўнага літаратурнага музея Максіма Багдановіча некаторыя аматары айчыннай літаратуры ўспрынялі не раўнуючы як пачатак яго ліквідацыі. Па Сеціве вокамгненне распаўзліся канспіралагічныя тэорыі: маўляў, нехта хоча захапіць будынак у Траецкім, а памяць пра яго вялікага “жыхара” ўплішчыць у адну з залаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, філіялам якога і мае ў хуткім часе стаць музей Багдановіча.

Па словах намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіля Чэрніка, такія прагнозы развіцця падзей не маюць пад сабой ніякай падставы: музей Багдановіча будзе працаваць як і раней - ды, натуральна ж, у сваім родным доме, толькі ўжо ў якасці філіяла. Адпаведна, просты наведвальнік змену статуса нават не павінен адчуць - чаго не скажаш, аднак, пра саміх музейшчыкаў.

Рэжым, далёкі ад штатнага

Супрацоўнікі абедзвюх музейных установаў, якім неўзабаве наканавана стаць адной юрыдычнай асобай, маюць пэўныя насцярогі адносна будучых зменаў. Прычыны тут зразумелыя: бадай яшчэ ніколі ў нашай гісторыі аб’ектам падобнай рэарганізацыі не станавіўся даволі буйны рэспубліканскі музей. Адпаведна, выпрацоўваць канкрэтныя алгарытмы вырашэння многіх практычных пытанняў дагэтуль проста не было нагоды.

Сітуацыю ўскладняе і тое, што сённяшні рэжым функцыянавання Музея Багдановіча штатным ніяк не назавеш: галоўны яго будынак зачынены на рамонт ужо два гады, філіял “Беларуская хатка” - усе пяць. Па словах дырэктара ўстановы Таццяны Шэляговіч, гэты стан рэчаў мае змяніцца ўжо налета - дамок на вуліцы Рабкораўская амаль гатовы да адкрыцця, а ў Траецкім працы зроблены мінімум на тры чвэрці. Гэта значыць, што ў найбліжэйшай будучыні музейшчыкаў чакаюць шматлікія звышадказныя клопаты як практычнага характару, так і творчага - наперадзе стварэнне альбо абнаўленне экспазіцыі.

Варта адзначыць, што самі супрацоўнікі музея зусім не скарысталіся з часовай адсутнасці ўласных плошчаў, каб узяць паўзу ў рабоце. Цягам апошніх гадоў “К” рэгулярна інфармавала пра іх новыя праекты — дзесьці “ў прымаках” (у тым ліку, дарэчы, і за мяжой). А ёсць жа яшчэ і звыклая будзёншчына кшталту тэматычных “гастролей” па школах...

Дарэчы, усё тое можна сказаць і наконт Музея гісторыі беларускай літаратуры, будынак якога сёлета таксама зачынілі на рамонт — хочацца верыць, што зусім ненадоўга. Да таго ж, у яго найбліжэйшых планах — і яшчэ адна вялікая падзея: адкрыццё новага філіяла, прысвечанага Васілю Быкаву.

Адпаведна, час для рэарганізацыі выпаў і сапраўды не самы спрыяльны. Пытанне хіба ў тым, ці пераадольныя ўсе гэтыя складанасці. Намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін перакананы, што адказ у дадзеным выпадку можа быць толькі станоўчым.

Чым вызначаецца статус?

На сённяшні момант Музей Багдановіча мае два філіялы: ужо згаданую “Беларускую хатку” і “фальварак” у Ракуцёўшчыне. Неўзабаве абое яны павінны на роўных правах уліцца ў ДМГБЛ, які, да слова, і сам мае тры філіялы ў розных кутках Беларусі. Плюс Музей Петруся Броўкі ды яго філіял на Ушаччыне, які таксама ўваходзіць пад адзіны дах...

“Епархія” атрымліваецца даволі вялікай — нават без уліку будучага Музея Васіля Быкава. Але бурлівы розгалас выклікалі не аб’ектыўныя складанасці яе адміністравання, а перадусім сам факт паніжэння статуса Музея Багдановіча. Некаторыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі знайшлі тут сімвалічны падтэкст: на іх думку, разам з установай быў паніжаны таксама і грамадскі статус самога класіка.

— Сярод філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Расіі ёсць музеі, прысвечаныя такім постацям, як Лермантаў, Дастаеўскі, Чэхаў... І ніхто чамусьці не лічыць такі стан рэчаў знявагай класікаў, — парыруе гэтыя абвінавачванні Дзмітрый Шляхцін. — Бо само паняцце статусаў у дадзеным выпадку мае зусім не юрыдычнае вымярэнне — яно вызначаецца пашанай да творцы з боку нашых сучаснікаў. А тая, у сваю чаргу, залежыць таксама і ад эфектыўнасці работы музея. Дарэчы, рэзананс, які ўзнік цяпер вакол Музея Максіма Багдановіча, сведчыць пра тое, што статус паэта ў нашым грамадстве — вельмі высокі. Нягледзячы на беспадстаўную крытыку на наш адрас, мы расцэньваем такую ўвагу да гэтай постаці як вельмі пазітыўны знак: яна дэманструе тое, што захады дзяржавы (а ў тым ліку — і самога музея) у галіне папулярызацыі творчасці класіка маюць свой плён...

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч лічыць асобу Максіма Багдановіча вартай асобнага музея. Аднак пры гэтым апелюе не толькі да маштабу яе творчага таленту, але таксама і да спецыфікі музейнай работы па ўвекавечванні апошняга:

— Музей Багдановіча ўжо сам па сабе стаў асобнай старонкай у гісторыі беларускай літаратуры, культуры і музеязнаўства: цяжка падлічыць, колькі выбітных праектаў было зладжана яго супрацоўнікамі за 33-гадовую гісторыю існавання. Ды і сёння ён самааддана шчыруе на ўласнай ніве, нягледзячы на свае складаныя ўмовы. На маю думку, ніхто лепш за супрацоўнікаў профільнага музея не справіцца са складанай і спецыфічнай задачай захавання памяці пра вялікага паэта ды папулярызацыі яго творчасці…

Дзмітрый Шляхцін не пярэчыць гэтаму аргументу, аднак прыводзіць у адказ іншы:

— Змена юрыдычнага статуса ніякім чынам не павінна паўплываць на сам характар, сутнасць работы Музея Багдановіча. Наадварот, ініцыюючы дадзеныя крокі, мы ставім перад сабой задачу яго ўдасканалення. Да таго ж, ёсць установы — у тым ліку і на Беларусі, — статус філіялаў якіх не перашкаджае ім ствараць якасны музейны прадукт…

Тэхнічныя моманты і творчы вынік

Натуральна, змена статуса прадугледжвае і канкрэтнае юрыдычнае напаўненне — і менавіта на апошняе варта звярнуць асаблівую ўвагу. Прыкладам, “суверэнная” музейная ўстанова мае сваю ўнутраную структуру. У дадзеным выпадку гэта навукова-экспазіцыйны і экскурсійна-масавы аддзелы, фондасховішча... Філіял ніякай структуры не прадугледжвае, ды і яго штатны расклад значна меншы.

На сённяшні дзень у Музеі Багдановіча — 32 супрацоўнікі, з іх 18 — “навуковы актыў”. Прычым гэты лік ужо быў адкарэктаваны на 20% сёлетняй аптымізацыяй. Натуральна, штатныя расклады музейных філіялаў не ўтрымліваюць такую колькасць “адзінак” . Дырэктар установы баіцца, што іх застанецца разы ў чатыры менш.

І самае важнае. Як адзначыла Таццяна Шэляговіч, калектыў музея — гэта не проста “штатныя адзінкі”, але менавіта зладжаная сябрына, якая рупліва ды творча працуе дзеля агульнай справы. Вынікі працы калектыву не дазваляюць у тым сумнявацца. Гэта значыць, музею ёсць што губляць.

— За гады сваёй працы я мела безліч магчымасцей пераканацца ў тым, што музейныя супрацоўнікі — гэта людзі асаблівыя, — кажа дырэктар установы. — Далёка не кожны можа працаваць у музеі. З кімсьці мы вельмі хутка развітваліся, а вось нехта нават сышоўшы — вяртаўся, пакідаючы куды больш “грашовыя” пасады. Мяркую, гэта не залежыць ад тэмпераменту ці нават талентаў — хутчэй, гаворка менавіта пра склад розуму ды “ўнутраную пабудову”. І нашы музейшчыкі — шчырыя патрыёты сваёй установы, таму больш за ўсё я баюся менавіта страты гэтага неацэннага патэнцыялу, які ў меру ўсіх сваіх сіл (а часам і звыш іх) працуе на карысць беларускай культуры…

Варта адзначыць, што ніводзін з цяперашніх супрацоўнікаў Музея Багдановіча не апынецца на біржы працы (хіба толькі па ўласнай волі): пасля рэарганізацыі супрацоўнікі аднаго музея пяройдуць працаваць у іншы, галаўны.

— Але гэты адзіны жывы арганізм распадаецца, быццам ртуць, і спатрэбіцца нейкая дадатковая сіла, каб ізноў яго сабраць для рэалізацыі канкрэтных праектаў, датычных спадчыны Багдановіча, — працягвае Таццяна Шэляговіч.

На думку Дзмітрыя Шляхціна, такая сіла павінна знайсціся ў нетрах самой музейнай установы — ДМГБЛ:

— Стварыць нармальныя ўмовы для работы, рацыянальна размеркаваць абавязкі супрацоўнікаў — гэта рэальна і не патрабуе нейкіх звышвысілкаў альбо распрацоўкі спецыяльных нарматыўна-прававых актаў. Дастаткова будзе і ўжо дзеючага Працоўнага кодэкса, паводле якога наймальнік мае права вызначаць характар дзейнасці супрацоўнікаў. Адпаведна, калі ў фондах ДМГБЛ будуць выдзелены некалькі супрацоўнікаў, у чыёй кампетэнцыі апынуцца фонды Музея Багдановіча, калі іх абавязкі будуць дэталёва прапісаны, праблема вырашыцца сама па сабе...

Фонды — гэта асобнае пытанне ў дыскусіі pro et contra. Няпісаны прынцып ужо згаданай вышэй “музейнай псіхалогіі” прымушае адданага справе супрацоўніка лічыць кожны “здабыты” ім рарытэт у той ці іншай меры “сваім”, і грэх будзе папракаць рупліўцаў у гэтай “святой” форме клептаманіі ды сквапнасці. Але, па словах Дзмітрыя Шляхціна, “змяшання артэфактаў” адбыцца не павінна, бо філіял мае права захоўваць уласныя “шыфры” — побач з адзнакамі галаўной установы:

— Паводле Інструкцыі аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутры музейнага ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 01.11.2007 г. № 44, дапускаецца вядзенне аўтаномнага ўліку ў тых філіялах, якія маюць гістарычна сфарміраваныя фонды. Адпаведна, гэта тэхнічныя пытанні, і не трэба выдаваць іх за нейкую аб‘ектыўную праблему...

Урэшце, нельга абмінуць увагай і яшчэ адзін аспект — сістэму ўзаемадзеяння паміж Музеем Багдановіча ды ягонымі філіяламі. Нагадаем, вынікам гэтай працы стала, прыкладам, яскравае свята паэзіі “Ракуцёўскае лета”.

— Наш філіял у Ракуцёўшчыне — гэта загадчык-пенсіянерка і два чалавекі абслугоўцаў, — распавядае Таццяна Шэляговіч. — Сваімі сіламі яны ніколі не пацягнуць такі фэст. Але ж на яго працуе ўвесь музей, і таму атрымліваецца добры вынік. Аднак неўзабаве гэта ўжо будзе “не мая парафія”... Баюся, мы можам многае страціць з-за адсутнасці агульнай лініі арганізацыі…

У сваю чаргу, Дзмітрый Шляхцін катэгарычна не згодзен з такім сцвярджэннем. Бо ў рамках вялікага музейнага калектыву (а ў ДМГБЛ пасля рэарганізацыі апынецца больш за сто супрацоўнікаў!) ніхто не забараняе ствараць творчыя групы для рэалізацыі тых або іншых канкрэтных праектаў.

А ў дзейнасці “аб’яднанага” экспазіцыйна-выставачнага аддзела спецыяліст нават бачыць пэўныя перавагі: канцэпцыі і праблемныя аспекты новых праектаў можна будзе вырашаць у больш шырокім коле, метадам “мазгавога штурму”.

— У дадзеным выпадку мы кажам выключна пра “тэхнічныя” пытанні, вырашэнне якіх знаходзіцца ў кампетэнцыі непасрэдных кіраўнікоў устаноў, — перакананы Дзмітрый Шляхцін. — І калі ўсё грунтоўна ўзважыць ды прыняць слушныя рашэнні, можна стварыць эфектыўную і дзеяздольную сістэму, што куды больш пасуе варункам сучаснага жыцця, чым тыя формулы, якія дасталіся нам з савецкіх часоў і якімі дасюль мы па інерцыі карыстаемся…

Урэшце, эканамічны аспект. На думку Таццяны Шэляговіч, рэарганізацыя можа не дасягнуць галоўнай сваёй мэты — аптымізацыі бюджэтных выдаткаў на ўвекавечванне постаці Багдановіча музейнымі сродкамі:

— Мой досвед працы сведчыць, што ў малой гаспадарцы эканоміць куды прасцей: ты ведаеш усе свае “дзіркі” і разумееш, за кошт якіх рэсурсаў іх можна залатаць. Да таго ж, нямала сродкаў запатрабуюць нават самі юрыдычныя фармальнасці — скажам, знішчэнне пячатак...

“Папяровы” аспект рэарганізацыі, без сумневу, адыме шмат часу і пэўную колькасць сродкаў. Арганізацыйна-бухгалтарскі аспект дзейнасці кожнай дзяржарганізацыі няпросты нават у звычайны час, не кажучы ўжо пра такія пературбацыі. Ды і дамовы з партнёрамі (у тым ліку замежнымі) давядзецца перазаключаць наноў. Прыкладам, установа выйграла грант па праграме “Сыны Айчыны“ пад эгідай Рускай Праваслаўнай Царквы, прапанаваўшы сумесны праект з Музеем Мікалая Дабралюбава ў Ніжнім Ноўгарадзе. Натуральна, усё гэта — таксама тэхнічныя аспекты, але...

У сваю чаргу, Дзмітрый Шляхцін перакананы ў тым, што ўсе гэтыя клопаты маюць толькі часовы характар:

— Паўтаруся: дзейнасць Музея Багдановіча застанецца такой, якой яна і была. Будуць праводзіцца і культурна-асветніцкія мерапрыемствы, і выстаўкі, і мадэрнізацыя экспазіцыі, мае працягвацца камплектаванне фондаў — карацей, усе праявы паўнакроўнай музейнай справы. За выключэннем хіба фінансава-гаспадарчых клопатаў, якія адыдуць да галаўной установы. Падаецца, гэта, наадварот, павінна вызваліць супрацоўнікаў Музея Багдановіча ад зусім “немузейных” спраў, развязаць ім рукі...

— Пакуль да канца не вырашаны юрыдычны бок справы, вельмі цяжка сказаць, як гэтае аб’яднанне будзе выглядаць канкрэтна і да якіх вынікаў яно прывядзе, — рэзюмавала нашу гутарку Лідзія Макарэвіч. — Патрэбна вельмі ўдумлівая праца, трэба вельмі дакладна пралічыць, што стаіць за гэтым крокам і ў плане эканамічным, і ў рэчышчы стратэгічнай культурнай палітыкі нашай дзяржавы…

Прагнозы на гэты конт, зразумела ж, істотна адрозніваюцца. Хтосьці кажа пра новыя магчымасці для развіцця, хтосьці... Ну, не будзем рэтрансляваць чуткі і домыслы. Хто ў гэтым выпадку мае рацыю, пакажа толькі Яе Вялікасць Будучыня. Але яе, як вядома, ствараюць канкрэтныя людзі...

Аднак ужо сёння ясна адно: гутарка вядзецца менавіта пра тыя самыя “тэхнічныя” пытанні. Гаворка — пра тактыку, а зусім не пра стратэгію: яна вызначана ўжо даўно і ніякаму рэвізіянізму не падлягае. Вось і Таццяна Шэляговіч запэўніла, што яе калектыў у кожным разе будзе прыкладаць усе свае сілы для таго, каб працягваць свае шчыраванні на абранай ніве.

Урэшце, рэзюмэ ад супрацоўніка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Шляхціна:

— Наша стратэгічная мэта — захаванне і развіццё беларускай культуры. Мы імкнёмся стварыць новыя ўмовы для якаснага ўдасканалення, пераадолеўшы той кансерватызм, які ўсё яшчэ даецца ў знакі ў бюджэтнай сферы. А ў аснове ўсіх нашых крокаў — менавіта грамадзянін, спажывец паслуг культуры. Ні адно наша дзеянне не павінна прывесці да таго, каб ён пацярпеў у сваім фундаментальным канстытуцыйным праве…